З'езд маладых і ініцыятыўных

11:18 / 27.12.2011

У Мінску прайшоў 41-ы з’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у якім прыняў удзел і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. У склад дэлегацыі ад Астравецкага раёна ўвайшлі першы сакратар райкама БРСМ М.М. Кутовіч, начальнік аддзела па справах моладзі, старшыня кантрольнай камісіі А.У. Трамбовіч, камандзір валанцёрскага атрада “Ветразь” А.П. Лазарава і актыўная дзяўчына, член БРСМ Ангеліна Мікліс.
Сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад з’езда мы папрасілі падзяліцца М.М. Кутовіч.


– У падобным з’ездзе я ўдзельнічала другі раз. Наогул яны праходзяць раз у тры гады і тут падводзяцца вынікі дзейнасці арганізацыі за гэты перыяд, а таксама ставяцца задачы на будучыню. Канешне, сёлета асаблівую значнасць і ўрачыстасць з’езда надавала прысутнасць і ўдзел у ім Прэзідэнта нашай краіны.
Трэба адзначыць, што перад з’ездам нас спачатку запрасілі ў Гродна, дзе ў аблвыканкаме з добрымі пажаданнямі плённага ўдзелу ў з’ездзе выступілі супрацоўнікі ўпраўлення ідэалагічнай работы. Таксама для дэлегатаў Гродзеншчыны былі арганізаваны экскурсіі і наведванне агратурыстычнага комплексу “Каробчыцы”. Гэта было вельмі цікава і пазнавальна.
З’езд БРСМ праходзіў на працягу двух дзён. У першы дзень у Палацы спорту быў арганізаваны дабрачынны канцэрт “Усе фарбы жыцця для цябе” ў падтрымку падапечных дзіцячага хоспіса. Адзначу, што канцэрт быў проста шыкоўны. Выступалі зоркі беларускай эстрады, а іх песні суправаджаліся мультымедыйным паказам хворых дзетак. Таксама артысты проста са сцэны расказвалі пра гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак: аб чым яны мараць, што хочуць атрымаць у падарунак, што бачаць у сне. Шчыра кажучы, часам вельмі цяжка было стрымацца ад слёз.
На другі дзень таксама ў Палацы спорту распачалася галоўная частка з’езда. У фае можна было стаць сведкай прэзентацыі некаторых удзельнікаў творчага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Маладыя таленавітыя людзі дзяліліся сваімі распрацоўкамі і задумкамі, а дэлегаты падыходзілі да тых стэндаў, якія больш за ўсё іх зацікавілі.
Вельмі спадабалася арыгінальнае тэатралізаванае прадстаўленне, з якога і пачаўся з’езд. Кожны з асноўных накірункаў дзейнасці арганізацыі быў паказаны наглядна. Напрыклад, здаровы лад жыцця – і тут на сцэну выходзяць каратысты, лёгкаатлеты, баксёры і іншыя спартсмены. Глядзелася ўсё – проста супер!
Пасля пачаліся выступленні – яркія, насычаныя, змястоўныя. Запомнілася выступленне першага сакратара ЦК ГА “БРСМ” І.І. Бузоўскага, які падчас яго звяртаўся з ідэямі, прапановамі і праблемамі непасрэдна да Прэзідэнта дзяржавы. І ён нас падтрымаў! Напрыклад, Аляксандр Рыгоравіч адобрыў прапанову, каб у трэцім працоўным семестры кіраўніцтва кожнай вобласці выдзеліла па 10 тысяч працоўных месцаў для студэнтаў. Падтрымаў Прэзідэнт і прапанову праводзіць праект “100 ідэй для Беларусі” штогод, звярнуў увагу на развіццё студатрадаўскага руху і падкрэсліў, што на чэмпіянаце свету па хакею ў 2014 годзе ў якасці валанцёраў будуць абавязкова задзейнічаны члены БРСМ. А яшчэ Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што “БРСМ павінен стаць кадравым рэзервам для ўсёй нашай краіны”. Таму нам ёсць куды і да чаго імкнуцца, над чым працаваць.
Такім чынам, 41-ы з’езд БРСМ пакінуў самыя яркія ўражанні і дадому мы вярталіся перапоўненыя ідэямі і эмоцыямі.


Марына МАЦКЕВІЧ.