На лёдзе небяспечна

11:34 / 27.02.2021

Прывітанне, сябры!

Сёння нагадаю вам пра бяспеку на лёдзе. Так, можаце мне запярэчыць, маўляў, зіма парадавала маразамі і закавала вадаёмы ў моцнае «люстэрка». Чаго палохацца? Згаджуся. Але ўжо «мінус» на слупках тэрмометраў падымаецца да «плюса» – вось і настае небяспечны час: снег і лёд пачалі раставаць. І гэта небяспечна для тых, хто цягнецца да вадаёмаў. Гэта рыбакі, дзеці і тыя, хто па лёдзе скарачае шлях да хаты. І што цікава: усе ведаюць, да чаго гэта можа прывесці, але правілы бяспекі не выконваюць.

ryibalka-1024x768.jpg

Зразумела, што большасць дзяцей не можа ацаніць сітуацыю: загуляемся і не звяртаем увагі на небяспеку. Хаця так было заўсёды. Напрыклад, нядаўна мне татаў сябар расказаў пра выпадак са свайго дзяцінства. Дзядзька Ваня тады быў школьнікам і на канікулах разам з аднакласнікамі катаўся з горкі. Але пад гарой рэчка была. Дзеці так раскаталі «маршрут», што санкі з дзядзькам Ванем вылецелі на лёд – хлопец праваліўся ў ваду. Яго сябры не разгубіліся і дапамаглі выбрацца.

Пасля пачутага я добра засвоіў, што нельга катацца побач з вадаёмам – не хочацца апынуцца ў халоднай вадзе і потым хварэць. І вам раю не рабіць гэтага. Таксама нагадваю: калі бацькі забараняюць выхадзіць на лёд, слухайцеся.

Іншая справа – дарослыя. Яны лепш за нас ведаюць, як можна рабіць, а як нельга – але ўсё роўна парушаюць правілы. Узяць, напрыклад, рыбакоў – іх азарт часам нішто не спыняе. Нават, калі вадаём ужо растаў ад берагоў, яны смела ідуць на лёд. На жаль, такая рыбалка можа скончыцца трагедыяй…

Каб папярэдзіць падобныя надзвычайныя сітуацыі, трэба памятаць, што бяспечным лічыцца лёд зеленаватага або сіняватага адцення. Нельга правяраць трываласць «люстэрка» на вадаёме ўдарам нагі – для гэтага выкарыстоўвайце палку: калі з’явілася вада, на лёд не выходзьце. На рыбалку лепш не выправляцца аднаму – у патрэбны момант дапамогі можна не дачакацца.

З павагай Ягор.

Текст: Главный администратор