Вандруем з Нінай Рыбік. «Дакарона­вірусны» Лондан (абноўлена)

16:18 / 06.03.2021
…Гартаю старонкі свайго падарожнага альбома – і лаўлю сябе на думцы, што за мінулы год новых фотаздымкаў у ім амаль не з’явілася. Апошнія зроблены ў лютым 2020-га, калі гасцявала ў дачкі ў Лондане. А такое ўражанне, што ў мінулым жыцці…
Тады ўжо ведалі пра інфекцыю каронавіруса, і нават далі ёй імя COVID-19 – але яна пакуль не набыла маштабаў пандэміі. Яшчэ падымаліся ў неба самалёты, хадзілі цягнікі, людзі выпраўляліся ў вандроўкі, ляцелі на адпачынак і ехалі праведаць родных і сяброў.
Гляджу на фотаздымкі, зроб­леныя год назад на вуліцах, у кафэ, у парках, – на іх людзі не баяцца сядзець і стаяць побач, яны баз масак і без страху ў вачах… 

4.jpg

Ніхто тады яшчэ не ведаў, які самы высакосны з усіх высакосных гадоў чакае нас наперадзе. Хоць ужо ў многіх краінах свету былі інфіцыраваныя і хворыя, ніхто б не паверыў, нават калі б хто прадказаў, што праз нейкі месяц пандэмія ахопіць практычна ўсе краіны свету і ўсім нам давядзецца забыць не толькі пра вандроўкі – стасункі з блізкімі і сябрамі стануць раскошай. Многія на сабе зведаюць каварнасць невядомай, невывучанай пакуль хваробы, а нехта ўвогуле не сустрэне 2021 год…
 Нават не верыцца, што з таго часу мінуў усяго год… 
І, перабіраючы фотаздымкі, так хочацца, каб гэтыя нядаўнія, але такія далёкія шчаслівыя моманты неўзабаве зноў сталі явай для ўсіх нас! 
Кажуць, думка матэрыяльная. Магчыма, мае ўспаміны пра «дакаронавірусны» Лондан, памножаныя на жаданні нашых чытачоў, дадуць імпульс вяртанню ранейшага, «даковіднага» жыцця без страху і хваробы – з цікавымі імпрэзамі, незабыўнымі сустрэчамі, блізкімі і далёкімі паездкамі. І каронавірус, удосталь пабаляваўшы ва ўсім свеце і сабраўшы дастаткова ахвяр, з надыходам Года быка, які па кітайскім календары пачаўся 12 лютага, нарэшце вернецца туды, адкуль прыйшоў, пакіне людзей усяго свету ў спакоі, дасць магчымасць ім спакойна жыць, працаваць і адпачываць.
Ва ўсякім выпадку, я ўсім гэтага шчыра жадаю!

3.jpg


  «Як у ПОрыжы і ЛандОне» – нават у знакамітым жарце пра нашу «інтэлігенцыю» гэтыя еўрапейскія сталіцы стаяць побач. 
Так сталася, што мне, воляй лёсу ці з-за збегу абставін, давялося наведаць Парыж, дзе я даўно марыла пабываць, і Лондан, у які нават не спадзявалася калі-небудзь патрапіць, з розніцай менш чым у 3 месяцы. Прычым у вельмі розных умовах: у Парыжы была ў складзе турыстычнай групы, у Лондане – з прыватным візітам, з усімі плюсамі і мінусамі адной і другой вандроўкі. 
У першым выпадку за пэўную колькасць «умоўных адзінак» вам забяспечаць не толькі больш-менш прыстойныя ўмовы перамяшчэння і пражывання, але і знаёмства з горадам, ва ўсякім выпадку, з яго найбольш знакамітымі мясцінамі. Канешне ж, там вы будзеце змагацца за подступ да «эксклюзіву» з іншымі турыстамі і з-за адвечнага недахопу часу і грошай знаёмства гэтае адбываецца, як правіла, «галопам па еўропах» і ўражанні ў значнай ступені залежаць ад прафесіяналізму гіда. 
У другім выпадку бываеце там, куды турыстаў, як правіла, не водзяць, бачыце сапраўдную, не з вокладкі турыстычнага праспекта, краіну, здабываючы ўражанні самастойна – і пры гэтым часта рызыкуючы прайсці літаральна ў некалькіх кроках ад нечага вельмі цікавага, а веды, папярэдне ці пасля, знаходзіце ў інтэрнэце.
Што лепш і цікавей – кожны вырашае сам. Як па мне, дык усё добра. А найлепш – тое і другое «ў адным флаконе»!

Сталічныя вёскі: вуліца мільярдэраў, горад пісьменнікаў і магіла Карла Маркса

5.jpg

Лондан сустрэў мяне галоўнай сваёй адметнасцю – штармавым ветрам і праліўным дажджом. Гэта Англія, дзетка! Будзем лічыць, што дождж, які час ад часу прыспешваў нас з прагулак, усяго толькі адна са славутасцей сталіцы Велікабрытаніі. Якая, вядома ж, назаляла – але не перашкодзіла пазнаёміцца з іншымі.
Дачка, у госці да якой я прыляцела, жыве ў паўночнай частцы Лондана. Гэта цяпер Хайгейт – адзін з найбольш прэстыжных раёнаў Лондана са знакамітай вуліцай мільярдэраў  Bishops Avenue (не, дачка жыве не на гэтай вуліцы), – а ў 18-м стагоддзі гэта была звычайная вёска, куды жыхары цэнтральнай часткі горада ўцякалі, ратуючыся ад эпідэміі чумы. Але і сёння, гуляючы на Хайгейту, цяжка сказаць, што ён – неад’емная частка сталіцы вялікай дзяржавы з амаль 9-мільённым насель­ніцтвам (уяўляеце: у адным горадзе жыве амаль уся Беларусь!). Ніякіх табе хма­рачосаў і пробак: ціхі гарадок з утульнымі вулачкамі, на якіх ціхамірна стаяць дамы 18-га стагоддзя (3 паверхі – найбольш!), з квітнеючымі ў дварах вішнямі (другая палова лютага, на хвіліначку!), з адкрытымі тэрасамі, на якіх у цёплы дзень абарыгены п’юць чай, са старадаўняй прыватнай школай – мне чамусьці падалося, што менавіта так павінен выглядаць Хогвартс, дзе вучыўся Гары Потэр, са шматлікімі кафэшкамі і паркамі. 
Дарэчы, пра паркі. Адна са славутасцей Хайгейта – знакаміты парк, ці, хутчэй, лесапарк: лес з векавымі дрэвамі, цудоўна прыстасаваны для прагулак дарослых і дзяцей, а таксама сабак. У Хайгейце яны прагульваюцца разам з гаспадарамі ў агульным парку. А для таго, каб адходы іх жыццядзейнасці не забруджвалі тэрыторыю, устаноўлены спецыяльныя кантэйнеры. Зразумела ж, каб выкінуць туды тое, што трэба, павінны паклапаціцца гаспадары! 
Але найбольш мяне ўразіла розна­ўзроставая дзіцячая пляцоўка, куды што­дня збіраюцца дзеці і іх мамы-бабулі з усяго наваколля. Там не толькі горкі-арэлькі-качалкі-пясочніцы для малечы кшталту майго тады яшчэ 2-гадовага ўнука, але і займальныя атракцыёны, а таксама развіваючыя гульнявыя пляцоўкі па запамінанні колераў, формы прадметаў, навучанні  ліку і нават трэніроўцы музычных здольнасцей для большых дзяцей. І нават амаль дарослыя лазалкі-тарзанкі-скаладромы для падлеткаў. У чарговы раз узгадаўшы добрым словам кіраўніцтва нашага раёна і камунальныя службы горада за тое, што апошнім часам амаль ва ўсіх гарадскіх дварах і вёсках з’явіліся гульнявыя пляцоўкі, падумала, што падлеткам нашым па-ранейшаму застаецца альбо зганяць з дзіцячых арэляў малышню, альбо вяртацца ў палон аднолькава шкодных вуліцы ці смартфонаў…

Да слова: парадавала і тое, што абгароджаныя лесапарк і дзіцячая пляцоўка зачыняюцца на ноч: напэўна, каб не было спакусы тут бавіць час начным «матылькам» і «трутням», як у парыжскім Булонскім лесе.

Але найбольшая славутасць Хайгейта, якая прыцягвае сюды турыстаў, – старажытныя могілкі з пахаваннямі 17-18 стагоддзяў. І самая знакамітая магіла на іх – Карла Маркса. Гісторыя сцвярджае, што першапачаткова правадыр сусветнага пралетарыяту быў пахаваны вельмі сціпла, у прысутнасці бліжэйшых родзічаў і сяброў, у тым ліку і Фрыдрыха Энгельса, на ўскраіне гэтых могілак. Гэта ўжо потым, калі да яго магілы пацякла рака ўдзячных патомкаў, пахаванне вырашылі перанесці на цэнтральную алею і ўстанавіць велічны манумент. І нічога, што ідэі правадыра пралетарыяту афіцыйнай Велікабрытаніяй ніколі не віталіся: раз людзі нясуць кветкі – значыць, гэта ім трэба!  І ніякіх табе зносу помнікаў учарашніх ідалаў і танцаў на іх касцях…
Да слова: гадоў, мо, з дзясятак таму, калі пра наведванне Лондана я яшчэ нават не марыла, чытала пра гэтыя могілкі і магілу Карла Маркса ў кнізе Барыса Акуніна «Кладбищенские истории». Але тыя ўражанні зусім не адпавядалі ўбачанаму ўвачавідкі.

Дарэчы, сцвярджэнне Акуніна, што на магіле Карла Маркса заўсёды ляжаць свежыя кветкі – праўда, і з’яўляюцца яны там сёння пераважна старанням кітайскіх таварышаў: мы сустрэлі іх, калі пакідалі могілкі. А вось тое, што тут больш нікога не хаваюць, – падман. Праўда, мяркуючы па той пядзі зямлі, якую займаюць надмагільныя помнікі, можна зрабіць выснову, што пад імі ўсяго толькі урны з прахам нейкай знакамітасці: для простых людзей быць пахаваным на гэтых могілках – занадта дарагое задавальненне.
Да слова: уваход на Хайгейцкія могілкі платны: 4 фунты (прыкладна 12 рублёў) з чалавека. Ну што ж, могілкавы турызм – ёсць і такі напрамак у гэтай індустрыі – набірае ўсё большую папулярнасць, і як і ўсялякі іншы, – рэч не бясплатная.

1.jpg

2.jpg

Яшчэ адна вёска, суседка Хайгейта на карце, якая таксама стала адным з прэстыжных раёнаў Лондана, дзякуючы эпідэміі чумы, – Хэмпстэд. Яны ў многім падобныя старадаўняй архітэктурай, мноствам кветак і зеляніны, утульнасцю і непаўторнасцю. Толькі Хэмпстэд, у адрозненне ад палюбіўшагася знакамітым артыстам і фінансавым магнатам Хайгейта, аблюбавалі літаратары – так склалася гістарычна. Можа, Хэмпстэдская пусташ (той жа лес-парк), дзе некалі жылі і пісалі Байран і іншыя англійскія паэты-рамантыкі, так прываблівала іх? Тут жылі  Стывенсан, Галсуорсі, мая любімая Дафна Дзюмар’е і многія іншыя майстры слова, тут яны «сялілі» сваіх герояў, – графа Дракулу, Пітэра Пэна, Мэры Попінс. Тут практычна на кожным доме можна вешаць мемарыяльную дошку – але гэта, здаецца, нікому не патрэбна: ні самім пісьменнікам, ні іх колішнім ці сённяшнім суседзям: падумаеш, пісьменнік, шмат тут такіх… 
А можа, у Хэмпстэдзе атмасфера такая, што тут міжволі нараджаюцца шэдэўры? Вось разбагацею, здыму тут домік на месяц – праверу…

Горад: каменныя карункі, «рукастыя» дрэвы і ружовыя фламінга
Але не варта думаць, што тыдзень у Велікабрытаніі я правяла выключна «на задворках сталіцы вялікай імперыі» (Зрэшты, усім бы нам трапіць на такія «задворкі»…) У цэнтраль­най, «турыстычнай» частцы Лондана таксама давялося пабываць. 

5.jpg

4.jpg

Па вуліцы Пікадзілі прайшлася, запавольваючы крок,  – ну, вуліца і вуліца, нічога асаблівага. Каб не песня Лаймы Вайкуле, ніхто б яе ў нас і не ведаў. 
У 5-павярховым цацачным ма­газіне пабылі з унукам. Тут ёсць усе цацкі, якія могуць быць у прынцыпе: спецыяльныя ад­дзе­лы Барбі, герояў шчанячага патруля, сімвала Лондана – мядзве­дзіка Пэдзінгтана, пара­возіка Томаса, цэлы паверх, прысвечаны Гары Потэру, – словам, вы не знойдзеце таго, чаго тут няма… 
Да слова: у гэтым цудоўным магазіне мы так нічога і не купілі – цэны! Але набавіўся малы ўдосталь: у кожным аддзеле ёсць пляцоўка для гульні з цацкамі, што стаяць побач, запакаваныя і гатовыя да продажу: можна «пратэсціраваць», што дзіцяці найбольш падабаецца, ці, як было ў нашым выпадку, нагуляцца да таго, што ўжо нічога не захочацца… 

1.jpg

Па набярэжнай Тэмзы прагулялася. Мутныя брудна-шэрыя хвалі галоўнай лонданскай вод­най артэрыі расчаравалі. А вось дрэвы (Платаны, ці што? Не спецыяліст я ў батаніцы…), голле якіх прасціралася праз усю шырокую пешаходную дарожку, бетонную агароджу і спускалася да самай вады, выклікалі неверагоднае захапленне іх сілай, прыгажосцю, адвечнасцю… Увогуле, дрэвы ў Лондане, як сказаў адзін мой знаёмы, паглядзеўшы фотаздымкі, «рукастыя»: вузлаватыя, жылістыя, яны нагадвалі спрацаваныя рукі старых, пабачыўшых гора лю­дзей. Хацелася пагладзіць іх і прытуліцца шчакой…
І нават пеліканаў, якія ласа­валіся рыбай на беразе, не зважаючы на цікаўных турыстаў, што спяшаліся гэта зняць на смартфоны, і ружовых фламінга на астраўку пасярод невялікага вадаёмчыка пабачыла – хоць менш за ўсё спадзявалася ўбачыць іх у цэнтры мегаполіса. Як і квітнеючыя пасярод гарадскога газона рознакаляровыя крокусы і жоўтыя нарцысы (нагадаю яшчэ раз – сярэдзіна лютага!).
Замілавана глядзела на пя­­­ш­чот­на-ружовыя пялёсткі маг­но­ліі, якія раскрываліся літаральна на вачах! І захоплена – на скульп­турную кампазіцыю Радэна, што стаяла тут жа, у скверы, каля магноліі. (Радэн? Пасярод алеі – быццам якая-небудзь бетонная «Дзяўчына з вяслом»? Што ж тады ў іх у музеях?!)
Да слова: і ў музей, дакладней, у Брытанскую мастацкую галерэю, аналаг Маскоўскай Трэцякоўскай галерэі, адным вочкам таксама ўдалося зазірнуць. І хоць я не адношу сябе да знаўцаў выяўленчага мастацтва, пэўны настрой выстаўленыя там карціны і скульптуры стварылі – у дадатак да вулічнага Радэна…

3.jpg

Зрэшты, увесь Лондан – ці хоць бы тая яго частка, якую ўдалося пабачыць у гэты свой прыезд, – адзін вялікі музей пад адкрытым небам. Прынамсі, музей архітэктуры. Не так даўно я прызнавалася ў любові Парыжу – металічным карункам Эйфелевай вежы, каваным французскім балкончыкам, варотам, агаро­джам – а ў Лондане зразумела, што карункі могуць быць яшчэ і каменнымі. Прычым такой тонкай, філіграннай работы, што цяжка паверыць, што ўсё гэта – тварэнне чалавечых рук. 
Найбольшае захапленне з уся­го ўбачанага выклікала Вест­мінстэрскае абацтва –  уся яго тэрыторыя, а найбольш – палац, у якім праходзяць пасяджэнні парламента Велікабрытаніі. Вежа Біг-Бэн – адзін з сімвалаў Лондана, цяпер закрытая ад цікаўных позіркаў – вядзецца яе рэканструкцыя, але, каб убачыць веліч, прыгажосць і вытанчанасць работы архітэктараў, дастаткова і адкрытых частак Вестмінстэрскага палаца, асабліва Віктарыянскай вежы – самай высокай, амаль 100-мят­ровай! 

2.jpg

Лондан краем вока…
Ёсць рэчы, якія цяжка ўплесці ў канву цэласнага расповеду ад уражанняў ад новай краіны, але пра якія хочацца расказаць. Пра падгледжанае «адным вокам» і думкі, што выклікалі гэтыя «заўважынкі», – адным абзацам…
…Прыемна парадавала, як прыгожа і элегантна апранаюцца жыхары Лондана. Калі ў Берліне жанчыну ў кароткай спадніцы, калготках і туфлях на абцасах могуць палічыць прадстаўніцай старажытнейшай прафесіі; у Стакгольме 3 кофты, што выгляд­ваюць адна з-пад другой, – норма, то ў Лондане элегантныя паліто, сукенкі, туфлі можна было пабачыць не толькі ў вітрынах магазінаў, але і на прахожых. Асабліва запомніўся дзядуля вельмі сталага веку, які ранкам выгульваў сабаку: у светлым плашчы, у тон яму падабраным капелюшы, белай кашулі і ярка-чырвоным гальштуку-«ма­тыльку». Ён шырокай усмешкай вітаў кожнага стрэчнага – у нас, напэўна, падумалі б, што ў старога «не ўсе дома»: з якога перапуду ён так прыбраўся  ды яшчэ і ўсміхаецца?!
Да слова: сабакі там сапраўдныя сябры чалавека, і для іх утрымання прадугледжаны ўсе ўмовы. Да таго, што нават ля ўваходу кафэ ёсць спецыяльныя кручкі, на якія навязваюць чацвераногіх сяброў, а каля іх стаіць міска з кормам ці вадой: калі гаспадар захоча зайсці выпіць кавы ці з’есці ранішні амлет, Тузік ці Шарык яго пачакае  – і сам паснедае.
…Другое прыемнае ўра­жан­не: у лонданскім метро ўсё яшчэ чытаюць кнігі і газеты! Так, у смартфонах і планшэтах таксама сядзяць, уткнуўшыся, – але значная частка пасажыраў, нават стоячы, умудраецца трымаць у руцэ кнігу. Гэта да таго, што большасць з тых, хто не чытае, апраўдваецца тым, што не мае часу. Часу, як паказвае жыццё, заўсёды не стае на тое, чаго не хочаш рабіць…
І яшчэ пра кнігі. На вуліцах сталічнай вёскі Хайгейт стаяць кантэйнеры для збору не толькі паношанага адзення (ці не з гэтых кантэйнераў, якія я бачыла ў розных гарадах Еўропы, яно потым трапляе ў нашы магазіны сэканд-хэнд?), але і для прачытаных кніг. Цудоўная, мне здаецца, ідэя: не выкідваць стаўшы непатрэбным томік на сметніцу ці ў макулатуру, а аддаць яго іншым! Дарэчы, мы потым наведалі кніжны магазін, дзе вельмі нядорага прадаюцца кнігі «з другіх рук», і нават прыкупілі сёе-тое для маёй сяброўкі, якая цікавіцца англійскай літаратурай: новыя кнігі ў Велікабрытаніі, як пажартавала яна ж, каштуюць, як кола ад «Боінга».
У Лондане я ўбачыла мабіль­ныя святлафоры. Калі гулялі па Хэмпстэду, на вуліцы, дзе даволі інтэнсіўны рух, праводзіўся ра­монт ці то дарогі, ці то стацыя­нарных святлафораў. І замест «сляпых» працавалі пера­соўныя, на колах, з аўта­ном­ным сілка­ваннем – і гэтак жа мігалі трох­колернымі вочкамі. Цудоўна прыдумана! Часта ж здараецца, што з-за нейкіх форс-мажорных абставін звычайна спакойны ўчастак руху раптам становіцца небяспечным –  а некалькі пера­соўных святлафораў маглі б «разруліць» сітуацыю.
Да слова: у тым жа Хампстэдзе ўбачыла, як на вуліцы, ля слупа, падзараджаецца электрамабіль – знакамітая «Тэсла». Міжволі ўспомнілася, як 20 гадоў таму ў Швецыі нам паказвалі як цуд індукцыйныя кухонныя пліты і электрычныя хлебапечкі, якімі сёння нікога не здзівіш, – гэта магла дазволіць сабе далёка не кожная сям’я. Улічваючы, якімі 7-мільнымі крокамі ідзе прагрэс, можна меркаваць, што гадоў праз 10, калі не раней, такія электразапраўкі на вуліцах Астраўца таксама стануць звыклай справай.

6.jpg

Прыемным адкрыццём сталі імянныя дамы. Мы праходзілі міма Дома магноліі, Барсучынай нары, Старой пошты і многіх іншых селішчаў, якія маюць асабовыя імёны. Аказваецца, заплаціўшы пэўную суму ў гарадскую адміністрацыю, можна замест бязлікага нумара даць дому імя. Уяўляеце надпіс на канверце: вуліца Савецкая, Царкоўны дом… Ці вуліца Камсамольская, Плябанія.  І ўсё зразумела!
А яшчэ больш расчулілі імянныя лаўкі, пра якія ўжо пісала, калі расказвала пра Шатландыю: аказваецца, ёсць такія і ў лонданскіх парках. Замест дарагіх помнікаў, штучных вянкоў ці жывых кветак на магілах (ці ў дадатак да іх) родныя памерлых устанаўліваюць у скверы ці ў парку лаўку з імянной таблічкай «Тут любіла гуляць… Успомніце яе добрым словам…» (ці, магчыма,  прыкручваюць на ўжо ўстаноўленую лаўку таблічку з іменем). Мне здаецца, такая памяць нашмат больш эфектыўная, даўгавечная і карысная. І, у адрозненне ад перасоўных святлафораў ці электрычных падзарадак, яе можна ўкараніць у нас ужо зараз.
І сапраўдным шокам стаў рускі магазін, дзе выхадцы з былога Саюза могуць купіць усё, па чым настальгіруе іх душа, ад квашанай капусты да грузінскага віна, ад грэчкі і пшана да кефіру і тварагу, ад чорнай і чырвонай ікры да сырнікаў,  халадцу і нават баршчу ў спецыяльных літровых вя­дзерцах. Аказваецца, усе гэтыя  дарагія нашаму сэрцу прадукты ў англійскіх супермаркетах не прадаюцца, бо ледзі энд джэнтльмены аддаюць перавагу аўсянцы і ласосю. А калі некаму моцна захочацца свайго, роднага, то ўсяго за 4 фунты (у якасці бонусу – прыемнае абслугоўванне і рускамоўныя прадаўцы) можна купіць 4 сырнікі (адзін прыкладна 3 рублі) – і адвесці душу! (Астатнія цэны прыкладна ў такім жа дыяпазоне).
Так што ў Лондан лепш ездзіць за ўражаннямі, а варыць боршч і смажыць дранікі – на сваёй кухні: смачней і танней!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик