Пра што Казімір Сваяк пісаў біскупу

14:06 / 19.02.2021
242
На жаль, не так шмат у астравецкай гісторыі людзей, якія праславілі родны край працай і творамі. І тым больш шкада, што не ўсіх з іх мы ведаем. А нават калі ведаем – не заўсёды аддаём належную пашану іх жыццю і творчасці. 

У шэрагу найбольш вядомых нашых слынных землякоў – Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк), 131-я гадавіна з дня нараджэння якога адзначаецца 19 лютага. Святар і пакутнік, паэт і грамадзянін, шчыры патрыёт роднага краю – яго імя, жыццяпіс, духоўная і літаратурная спадчына і сёння не пакідаюць раўнадушнымі тых, хто знаходзіць час і жаданне прачытаць яго пранікнёныя вершы, выпакутаваныя старонкі дзённіка, успаміны тых, хто яго ведаў.

Многім цяжка зразумець, як мог каталіцкі святар у касцёле на тэрыторыі Польшчы, у склад якой уваходзіла напачатку мінулага стагоддзя тэрыторыя заходняй Беларусі, весці набажэнства па-беларуску? 

У нейкай ступені гэта тлумачыць карэспандэнцыя края­знаўцы, нашага пастаяннага аўтара Іаланты Валуевіч.

Відарыс па запыце "Казимир Свояк"

Казімір Сваяк


Адпраўляць святую імшу на роднай, зразумелай пара­фія­нам мове было запаветнай марай святара Канстанціна Стэ­повіча. Пра гэта ён пісаў у сваім вершы:

Пашлі мне, Божа, пару такую,
Калі пачнем мы імшу святую
За край наш родны адпраўляць;
Бо вельмі цяжка, што мова  наша – 
Розуму й сэрца нашага паша
Не ўмее Бога выслаўляць.

Увядзенне ў касцёле набажэнства на беларускай мове стала адным з накірункаў яго шматграннай грамадскай дзейнасці. І многае святару-асветніку ўдалося зрабіць. Першае ў гісторыі парафіі казанне на беларускай мове прагучала ў Клюшчанскім касцёле 21 лістапада 1915 года. Перадавая грамадскасць гэтага краю разам з маладым святаром склала ліст да біскупа з просьбай дазволіць беларускамоўныя набажэнст­вы. Але ўстрывожаныя паны са свайго боку слалі да вышэйшага духавенства скаргу за скаргай, абвінавачваючы ксяндза Стэповіча ў бела­русі­зацыі насельніцтва. У выніку святар стаў атрымліваць папярэджанні, а затым быў пераведзены на Беласточчыну ў Карыцін.

Сталае месца святарскай службы Канстанцін Стэповіч атрымаў у 1920 годзе, калі быў прызначаны пробашчам у парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Засвір Свірскага дэканату. Вядома, што гэты перыяд быў самым плённым у яго дзейнасці. У гэты час да яго прыязджаў і выступаў з беларускімі казаннямі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі з Жодзішак, адзін з ідэолагаў беларускага нацыянальнага адра­джэння, які, як і Стэ­повіч, самааддана змагаўся за тое, каб у касцёлах гучала беларуская мова. Засвірскі ксёндз сустракаўся з мастаком і пісь­меннікам Язэпам Драздовічам. 

За ім і тут пільна сачылі польскія ўлады, але гэта не спы­ніла плённай працы Канстан­ціна Стэповіча на ніве нацыя­нальнага адраджэння. І звесткі пра гэта, нягледзячы на тое, што мінула шмат часу, апантаныя «сваякоўцы» знаходзяць у розных крыніцах і кутках свету.

Нядаўна я атрымала паведамленне, якое датычыцца засвірскага перыяду дзейнасці Сваяка, ад Іллі Лапато. Мы знаёмы з таго часу, калі Ілля, тады яшчэ студэнт факультэта журналістыкі БДУ, пісаў конкурсную работу, прысвечаную  Казіміру Сваяку, – яна, дарэчы, заняла тады 1 месца. У Засвіры ў той час жыла бабуля юнака, Ілля паспеў пагутарыць не толькі з ёй, але і яшчэ з многімі сведкамі душпастырскай і грамадскай дзейнасці Казіміра Сваяка – работа атрымалася жывой і цікавай.

З гадамі цікавасць да святара-паэта ў Іллі Лапато не знікла.  Не так даўно ён даслаў мне невялікі архіўны матэрыял – зварот ксяндза Канстанціна Стэповіча да біскупа Матулевіча. Прыво­джу ліст цалкам.

«Толькі што натык­нуўся на ліст кс. Кан­стан­ціна Стэповіча да біскупа Матулевіча (1925) з апісаннем таго, як ужывалася беларуская мова ў Засвірскай парафіі:

1) першае казанне перад сумай па-польску, другое казанне па-беларуску;

2) на два галоўныя фэсты парафіяльныя св. Язафата і св. Тройцы на нешпарах перад працэсіяй;

3) канферэнцыі перад велікоднай споведдзю ў пос­це па два разы ў тыдзень;

4) падрыхтоўка дзяцей да першай споведзі і св. камуніі. 

Гэтую інфармацыю я знайшоў у часопісе Arche, у зборным аглядзе пра беларускую мову і духавенства пачатку 1930 гадоў. … На жаль, там апублікавана толькі гэтая частка і пасля пазначана, што біскуп адобрыў гэты парадак.

Парадаваўся разам з усі­мі засвірцамі. У 1925 годзе Засвір – частка крэсаў, а та­кі пры­ві­лей мела парафія – беларус­ка­моўнага святара».


Парадуемся і мы за продкаў, што ўмелі бачыць і цаніць выбітных людзей, а таксама за іх нашчадкаў – такіх жа шчырых патрыётаў. І падзякуем Іллі Лапато за тое, што каштоўны архіўны дакумент стаў даступным шырокай грамадскасці, у тым ліку і землякам Казіміра Сваяка.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений