Роздум з нагоды народзінаў Казіміра Сваяка
09:34 / 19.02.2021
У гэты дзень роўна 131 год назад у простай вясковай хацінцы ў Баранях у Стэповічаў нарадзіўся ўнікальны хлопчык, які паспеў зрабіць столькі, колькі некаторыя не паспяваюць за ўсё жыццё, хоць Богам яму было адмерана на гэтым свеце зусім мала…
Канстанцін Стэповіч нарадзіўся за некалькі дзён да Дня роднай мовы – думаецца, такое суседства ў календары невыпадковае: святар не баяўся ні касцёльных уладаў, ні пераследаў, звяртаючыся з амбоны да простых людзей на зразумелай ім мове.
Пра што дбаў, думаў і марыў Казімір Сваяк? Аб чым балела яго душа і чаму не магло заспакоіцца сэрца? Адказы на гэтыя, здавалася б, філасофскія пытанні насамрэч простыя. Дастаткова перачытаць яго вершы, дзённікавыя запісы, лісты, каб зразумець, што на першым месцы для яго быў чалавек. Канстанцін Стэповіч хацеў, каб людзі не баяліся Бога, а любілі, каб маліліся не завучанымі словамі, а звярталіся да яго на зразумелай беларускай мове. Сваяк і сам быў такім – родным, натуральным, блізкім. Нездарма ён абраў такі творчы псеўданім – і да яго асобы і праз гады цягнуцца людзі.
Два разы на год Сваяк «збірае» сваіх паслядоўнікаў – духоўных сыноў і дачок – на сустрэчы. Ля іх вытокаў стаяла шмат адданых роднаму краю і зямлі таленавітых людзей. Крыху больш за 15 гадоў назад «хаўрусаўцы» пастанавілі сустракацца ў лютым у Камаях з нагоды народзінаў Сваяка і ў маі – месяцы, калі не стала паэта-святара, – у Баранях і Клюшчанах.
Зразумець магнетызм і глыбіню гэтых сустрэч можна толькі праз удзел у іх і… праз адкрытую душу.
Сёлета 14 лютага па традыцыі была запланавана імпрэза ў Камаях. На жаль, паехаць туды ў мяне не атрымалася, але астраўчане на чале з ксяндзом Анатолем Захарэўскім усё ж выправіліся на Віцебшчыну, каб узгадаць, памаліцца і папрасіць заступніцтва ў свайго земляка.
Як пазней падзялілася ўражаннямі Таццяна Кучэўская, людзей было мала, пасля імшы – як бы цешыўся Сваяк, што зараз не толькі казанні, але і ўся літургія вядзецца па-беларуску! – у камернай, амаль хатняй атмасферы лілася размова пра лёс Канстаціна Стэповіча і святарства, філасофію жыцця і ўзаемаадносіны людзей…
…Мудрасць жыцця вызначаецца не яго даўжынёй, а глыбінёй і добрымі справамі. Хоць Канстанцін пражыў толькі 36 гадоў, ён паспеў зрабіць вельмі шмат. І яго наказ любіць Бога і Айчыну, верыцца, не згасне ніколі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.