Дзе прыпаркавацца інваліду?

09:56 / 21.12.2011
3

Я інвалід, ці, як цяпер модна гаварыць, чалавек з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Яны ў мяне і сапраўды абмежаваны: хадзіць мне цяжка – пратэзы на нагах. Выручае машына: яна – мая першая памочніца, куды трэба – усюды еду. Але ж аўтамабіляў цяпер шмат, а месцаў для паркоўкі – мала…
Пад’ехаў я неяк да “Беларусбанка”, трэба было рахункі аплаціць. Пад’ехаць-то пад’ехаў, а прыпаркавацца няма дзе – усе месцы на стаянцы заняты. Ну што ж, не аднаму мне, відаць, у банк трэба. “Чэргі там, напэўна, зараз будуць – да дзвярэй! – падумаў сам сабе. — Але ж – прыехаў ужо…”
Звярнуў на вуліцу Школьную, прыпаркаваў там сваю машыну, дакалдыбаў сяк-так да банка. А ў зале ля кас, на маё здзіўленне, – ніводнага чалавека! З аднаго боку – парадаваўся, што ў чарзе стаяць не трэба. Але пры гэтым падумаў: а чаму ж тады на стаянцы столькі машын? Чые яны, калі ў банку пуста? Калі работнікаў банка, то, можа, было б больш разумна зрабіць для супрацоўнікаў службовую стаянку – і для іх больш зручна, і для кліентаў?
А можа, варта ўжо і ў Астраўцы зрабіць асобныя месцы для стаянкі аўтамашын інвалідаў, як гэта ёсць у іншых гарадах і краінах? Усё ж адна справа – прайсці лішнія 50 метраў здароваму чалавеку, і зусім іншая – таму, хто на пратэзах ці мыліцах.


Станіслаў, жыхар Астраўца.