На тэрыторыі раёна 14 снежня адбылося дарожна-транспартнае здарэнне

12:30 / 16.12.2011

На 13 кіламетры аўтадарогі Варона – Ашмяны – Юрацішкі – Іўе, непадалёк ад Маляў, астраўчанін, які знаходзіўся за рулём свайго "Фольксвагена", на закругленні дарогі ўлева не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы па ходу руху кювет і перакуліўся. У выніку вадзіцель абышоўся лёгкімі драпінамі і шокам, а вось пасажыру, які сядзеў побач, пашанцавала менш – з цялеснымі пашкоджаннямі ён быў дастаўлены ў раённую бальніцу.


Як высветлілася, пацярпеўшы пасажыр падчас язды не быў прышпілены рамянём бяспекі. Вадзіцель наогул знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Больш таго – у лістападзе гэтага года ён быў пазбаўлены правоў за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. Тым не менш ,гэта не спыніла мужчыну і ён зноў сеў за руль нападпітку. Усё гэта ў выніку і прывяло да бяды.


У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.