З 1 студзеня 2012 года забараняецца размяшчаць надоўга транспарт не на спецыяльных месцах

08:37 / 19.12.2011

Зімой нярэдка даводзіцца бачыць у дварах шматпавярховых дамоў доўгія рады аўтамабіляў, якія пасля снегападаў пераўтвараюцца ў сапраўдныя заснежаныя гурбы. Адна справа, калі ў такім стане яны знаходзяцца нядоўга і звычайна ўжо раніцай гаспадары клапатліва чысцяць і адаграваюць сваю “ластаўку”, зноў ператвараючы яе з гэтай самай гурбы ў нармальны транспартны сродак. Аднак здараецца і такое, што заснежаны аўтамабіль знаходзіцца ў такім стане дзень, два, тыдзень і нават месяцы. Вось тады само сабой напрошваецца пытанне – што ж за нядбайны гаспадар у гэтага аўто? І ці ёсць ён наогул?


У сувязі з гэтым, для навядзення парадку ў дварах і расчысткі іх ад пакінутых на вечную зімоўку аўтамабіляў, 09.08.2011 года быў прыняты загад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №348 “Аб мерах па арганізацыі збору, захоўвання транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца, і іх далейшай утылізацыі”. У адпаведнасці з ім, з 1 студзеня 2012 года забараняецца размяшчаць надоўга транспарт не на спецыяльных месцах для захоўвання. Выключэнне складаюць двары і прысядзібныя тэрыторыі аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў.
За больш падрабязным тлумачэннем гэтых зменаў мы звярнуліся да начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Уладзіміра Іванавіча Александровіча.


– Скажыце, як часта ў нашым райцэнтры можна ўбачыць вось такія “непатрэбныя” аўтамабілі?
– На шчасце, у нас такія выпадкі сустракаюцца рэдка. Нагадаю, што тут маюцца на ўвазе стаянкі ля шматпавярховак.
– Што значыць утылізацыя транспарту?
– Утылізацыя – гэта тая ж перапрацоўка ўжо непатрэбных матэрыялаў: шкла, жалеза, паперы, алюмінію, пластыка і іншай сыравіны. Такім чынам, калі аўтамабіль ужо не можа выкарыстоўвацца як транспартны сродак, ён адпраўляецца на ўтылізацыю.
– А калі аўтамабіль адпраўляецца на ўтылізацыю?
– Крытэрыі, па якіх транспарт належыць утылізацыі, устаноўлены загадам. Маецца на ўвазе аўтамабіль, на якім пашкоджаны або наогул адсутнічаюць нейкія дэталі. Напрыклад, шкло салона, колы, элементы кузава, а таксама іх дэфармацыя. Словам, калі аўтамабіль ужо не можа выконваць свае непасрэдныя функцыі – з’яўляцца транспартным сродкам.
– Уявім, што ў нейкім двары знаходзіцца нічыйнае аўто. Які план дзеянняў і што чакае яго ўласніка?
– Па-першае, мясцовыя органы павінны адправіць гаспадару аўтамабіля паведамленне аб тым, што на працягу 30 каляндарных дзён яму трэба прывесці транспарт у парадак і перамясціць на спецыяльную стаянку, якая ахоўваецца. Калі аўтамабіль сваё “ад’ездзіў”, адправіць на ўтылізацыю. Тут жа ўласнік у пісьмовай форме інфармуецца, што транспарт у любым выпадку будзе дастаўлены на стаянку, а калі гаспадар не аб’явіцца – аўто прызнаецца нічыйным і паступае ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
– А калі ўласнік не вядомы?
– Аўтамабіль тым больш эвакуіруецца.
– А пасля гаспадар можа вярнуць сваю “ластаўку”? І як гэта зрабіць?
– Можа, але галоўнае не марудзіць. Для гэтага трэба на працягу трох месяцаў з дня перамяшчэння аўтамабіля на стаянку падаць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган пісьмовае патрабаванне аб яго вяртанні. На падставе гэтага транспарт вяртаецца. Аднак усе затраты, звязаныя з дастаўкай і яго аховай, уладальнік павінен будзе аплаціць. У іншым выпадку яны будуць спаганяцца праз суд.
Калі ж за тры месяцы ніхто не звернецца, гэта лічыцца аўтаматычнай адмовай ад аўтамабіля.
– І які лёс яго чакае?
– Не пазней 30 дзён выканкам падае ў суд заяву аб прызнанні гэтага транспарту нічыйным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. На аснове рашэння суда мясцовы выканаўчы і распарадчы орган на працягу 10 каляндарных дзён здымае гэты транспарт з уліку ў Дзяржаўтаінспекцыі і праводзіць яго ўтылізацыю ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.


Марына МАЦКЕВІЧ.