Абараніць ад бяды...

16:32 / 16.12.2011

Ці часта мы задумваемся пра тое, што чакае нас і нашых дзяцей у будучыні? Ці змогуць яны ўтрымацца ад спакус, што падсцерагаюць падлеткаў на кожным кроку? Цыгарэты, алкаголь, наркотыкі… Пастаноўка на ўлік, суд, турма… Страшная карціна. Пазбегнуць гэтага можна. Праўда, кожны выбірае свой лёс.


Менавіта для таго, каб дапамагчы сваім аднагодкам выбраць правільную сцежку ў будучыню, быў арганізаваны раённы этап рэспубліканскага конкурсу дзіцячых лістовак прафілактычнай накіраванасці “На абароне будучых пакаленняў”. Арганізатарамі конкурсу ў нашым раёне выступіў аддзел ідэалогіі райвыканкама сумесна з аддзеламі ўнутраных спраў, па справах моладзі, адукацыі, раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і ўстановай аховы здароўя, а яго ўдзельнікамі сталі падлеткі і моладзь.
Удзельнікі пастараліся – на конкурс яны прадаставілі каля 50 работ. З іх выбралі лепшыя – якія і былі накіраваны ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе.
Хаця выбраць лепшых з лепшых было няпроста. Па выніках галасавання граматамі раённага аддзела ўнутраных спраў і падарункамі ад аддзела па справах моладзі будуць узнагароджаны: Расціслаў Паплаўскі, вучань Гудагайскай СШ, за лістоўку “Нашы рукі створаны для стваральнай працы”, работа якога набрала найбольшую колькасць балаў і атрымала першае месца. На другім месцы – калектыўная работа “Не заходзь за мяжу” выхаванцаў гуртка “Інфармацыйныя тэхналогіі” цэнтра пазашкольнай работы. На трэцім месцы размясціліся два канкурсанты: работа “Дзеці – злачыннасць – бяда”, якую выканалі члены клуба “Падлетак і закон” з гімназіі №1 і “Мама, тата, брат і я – паўнацэнная сям’я” Вікі Лукашэвіч з Альхоўскай школы.
Акрамя таго, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі вырашыў адзначыць Падзячнымі пісьмамі аўтараў некаторых распрацовак – Вераніку Дарафей з Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання, Святлану Стаціна з Міхалішкаўскай школы і выхаванцаў гуртка цэнтра пазашкольнай работы пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляханава.
Цяпер работы школьнікаў выстаўлены ў цэнтры пазашкольнай работы.


Алена ЯРАШЭВІЧ.