Гісторыя газетным радком: пра што пісала «Астравецкая праўда» ў розныя гады

10:41 / 08.02.2021
Першы нумар «Астравецкай праўды» – на той час «Большэвіцкі арганізатар» – выйшаў 29 мая 1941 года. З таго часу – з перапынкам на гады Вялікай Айчыннай вайны і падчас расфарміравання Астравецкага раёна ў 1962-1965 гады – газета ўвесь час была побач з чытачамі, расказвала навіны, дапамагала вырашаць праблемы, віншавала са святамі і спачувала ў бядзе.

Прапануем зазір­нуць у гісторыю і пачытаць, пра што пісала «раёнка» ў юбілейныя для сябе гады.

1.jpg


5 лютага 2011 года 

Аднойчы, праз 50 гадоў пасля школы…

Успамінамі пра педагогаў і вучобу ў Варнянскай школе падзяліўся яе выпускнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэ­рацыі ў  га­лі­не навукі і тэхнікі, заслужаны выпрабавальнік ракетна-кас­міч­най тэхнікі Расіі, заслужаны выпра­­ба­вальнік касмадрома «Бай­ка­нур», пал­коўнік-інжынер Леа­нід Та­пуць.

– Нашым ідэолагам, Настаў­ні­кам з вялікай літары быў класны кі­раў­нік Іосіф Іосіфавіч Матулойць. Ён выкладаў беларускую мову і літаратуру. Яго мова была чыстай, прыгожай, глыбока літаратурнай, кожнае слова Іосіф Іосіфавіч вы­маўляў з асаблівай мелодыкай, уласцівай толькі беларусам. На­пэў­на, у многім дзякуючы яго ўро­кам, нягледзячы на 50-гадовае зна­ходжанне ў Расіі і адсутнасць моў­­най практыкі, у мяне захавалася традыцыя: кожны раз, калі я падчас чарговага адпачынку пры­язджаю ў родную вёску, без асаб­лівых цяжкасцей у зносінах з зем­лякамі літаральна на 2-гі дзень пе­раходжу на беларускую мову. Хаця многія словы забыліся, і, безу­моўна, мая гаворка далёкая ад той прыгажосці, якая была ўласціва мове Іосіфа Іосіфавіча, – пісаў Леа­нід Тапуць.

7 лютага 2001 года 

Вялікая рыбалка ў вялікі мароз

Трэцяга лютага мясцовыя сіноп­тыкі зарэгістравалі самую нізкую тэмпературу зімы 2001 года. Але гэта не спалохала аматараў рыбнай лоўлі – яны высыпалі на вадаём вёскі Мацкі з мэтай бліснуць сваімі рыбацкімі талентамі.

Як паведамлялася ў артыкуле, у раённым спаборніцтве па падлёдным лове рыбы ўдзельнічала 7 каманд. 

Больш за іншых пашчасціла Генадзю Міцкевічу з каманды «Аматары» – яго ўлоў склаў больш за 2 кілаграмы. Самую вялікую ры­біну – акуня ў 450 грамаў – злавіў І. Мядоўскі. А 1-е месца заняла каманда Астравецкага РАУС.

5 лютага 1991 года 

«Рыхтуй сані летам, а калёсы – зімой» – 

прыказка, выпрабаваная часам і практыкай жыцця, легла ў аснову здымка на першай старонцы «АП».

Яго героем стаў Андрэй Малі­ноўскі, які старанна рыхтуе сельскагаспадарчую тэхніку да пасяўной. Андрэй – на той час быў самым маладым рамонтнікам майстэрні калгаса імя Карла Маркса. 

5 лютага 1981 года 

Паспяховы пачатак

На пачатку 1981 года ў раё­не стаў працаваць камбінат кааператыўнай прамысловасці, які аб’яднаў цэхі па выпуску хлебабулачных і каўбасных вырабаў.

Лічбы работы за 1-шы месяц гаварылі пра тое, што калектыў працуе старанна. Так, планам прадугледжвалася ў студзені давесці выпечку хлебабулачных вырабаў да 420 тон, а было выпечана  453,6 тоны. Старанна працавала змена, якую ўзначальвала майстар Ядвіга Баляславаўна Свіла.

– Не адстаў і калектыў каўбас­нага цэха. Ён вырабіў і паставіў у гандлёвую сетку раёна 9,4 тоны якасных каўбасных вырабаў, – расказала эканаміст камбіната кааператыў­най прамысловасці Л. Рогач.

6 лютага 1971 года 

Майстэрства працай дасягаецца

У раёне прайшоў конкурс жывёлаводаў. На яго ў раённы дом культуры з’ехаліся лепшыя даяркі і свінаркі, даглядчыцы цялят, адкормачнага пагалоўя.

Жанчыны здавалі экзамены перад спецыяльна створанай для гэтага камісіяй. 

Як паведамляецца ў артыкуле, камісія высока ацаніла тэарэ­тычныя веды працаўніц, уліч­валіся і практычныя навыкі. 

Так, пераможцамі сталі даярка Малання Станіславаўна Жыліс з кал­гаса імя Карла Маркса, даглядчы­ца цялят з калгаса імя Гагарына Яніна Іосіфаўна Кармаза, даглядчыца адкормачнага пагалоўя з саўгаса «Кямелішкі» Ганна Паўлаўна Бабіч, свінарка з калгаса імя Кірава Ірына Іосіфаўна Стаскойць, свінаркі з калгаса імя Калініна Яніна Усцінаўна Бабойць і Соф’я Эдуардаўна Рзун, свінарка з саўгаса «Рытанскі» Алена Браніславаўна Баран. Усім павя­залі ленты гонару і ўручылі грашовыя прэміі. 




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: