У Астраўцы пры пажары загінуў пенсіянер

14:19 / 16.12.2011

9 снежня ў 20.31 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага аддзела па надзвычайных справах паступіла паведамленне аб пажары ў драўляным жылым доме па вуліцы 60 год Кастрычніка.


На месца здарэння адразу былі накіраваны 4 пажарныя аўтацыстэрны, брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, супрацоўнікі міліцыі, аддзела электрасувязі і аварыйнай службы райгазу.
Калі аварыйныя службы прыбылі на месца здарэння, дом ужо быў ахоплены полымем. Як паказаў першасны агляд – будынак не быў электрафікаваны. Пры аглядзе дома ў адным з пакояў на ложку быў знойдзены труп 68-гадовага гаспадара. Пенсіянер жыў з жонкай, але на момант здарэння тая знаходзілася ў яго сястры.
У выніку здарэння ў будынку пашкоджаны сцены, дах і перакрыцці на плошчы 7 квадратных метраў. Як мяркуюць спецыялісты, прычынай пажару стала неакуратнае абыходжанне з агнём – неасцярожнасць пры курэнні. Калі б у доме быў устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, то гэтая гісторыя магла б скончыцца па-іншаму.


Эдуард МАЛЫШКА.