Пра сваё імя, захапленні і жыццё расказваюць тры Таццяны

09:37 / 25.01.2021

Сёння ўсе жанчыны з гэтым прыгожым іменем святкуюць імяніны. У Астравецкім раёне Таццян жыве нямала. Яны розныя па ўзросце, знешнасці, характары. Сёння мы раскажам пра 3-х Таццян, у кожнай з якой свае захапленні, мары і гісторыя жыцця.

Таня…(Таццяна Пляўга, 88 гадоў, Кямелішкі)

IMG_5641.jpg

Менавіта так часцей за ўсё сябры і родныя называлі Таццяну Пляўгу. Жанчына нарадзілася ў вёсцы Мікалаевічы Смалявіцкага раёна ў 1933 годзе. Яе бацькі, звычайныя сяляне, самі таго не ведаючы, назвалі першынца ў гонар вядомай апякункі студэнтаў. І дзяўчынка з ранніх гадоў вылучалася цікаўнасцю і схільнасцю да навукі. Таму ў школу пайшла з задавальненнем. І пасля 1-га класа атрымала пахвальную грамату – яе маці Таццяны, калі распачалася Вялікая Айчынная вайна, хавала ад немцаў, як найвялікшую каштоўнасць, каб не знішчылі.

– Мама заўсёды перажывала, што не можа дапамагчы мне з урокамі – яны з бацькам былі непісьменнымі, – успамінае Таццяна Цімафееўна. – Але мне хапала ведаў, якія давала настаўніца. Толькі аднойчы я забылася літару «ц» – дык бегала на сенакос у дарослых пытацца. (Усміхаецца .) Так і жылі: дома разам з малодшымі дапамагала па гаспадарцы, у школе навуку спасцігала. А пасля пачалася вайна, наша вёска хутка апынулася пад немцамі – і ўсё змянілася.

Ваенныя гады Таццяна Цімафееўна хоць і не вельмі добра, але памятае. Напрыклад, як за прадуктамі да вяскоўцаў па чарзе прыходзілі то немцы, то партызаны. Як на чыгунцы, што знаходзілася побач, узарвалі цягнік, а людзі цягалі адтуль падгарэлае зерне. Як кожную раніцу маці таўкла яго ў ступе, а пасля гатавала ежу. Як вярнуўся з фронту тата, моцна прыціснуў яе да грудзей – і лоб апяклі халодныя медалі.

Пасля вайны, да радасці дзяўчынкі, аднавіліся заняткі ў школе. Клас у іх быў дружны і вясёлы, вучоба давалася лёгка – 7 год праляцелі хутка. І Таня з сяброўкамі паехала ў Мінск паступаць у фінансавы тэхнікум.

– У выніку прайшлі толькі 2-е з нашай кампаніі, у тым ліку і я, – працягвае расповед жанчына. – Але дзе ж мы кінем сябровак? Як нас ні ўгаворвалі ў тэхнікуме, забралі дакументы і разам з астатнімі вярнуліся дадому. А вучобу я прадоўжыла ў Смалявічах – там якраз адкрылі сярэднюю школу, праўда, рускамоўную. Туды толькі лепшых бралі, вось дырэктар нашай сямігодкі мяне з сяброўкай, якая таксама добра вучылася, і накіраваў. А ўжо пасля яе заканчэння паступіла ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, які скончыла ў 1955 годзе.

Вось так, 65 год назад, у Кямелішкі прыехала маладая настаўніца Таццяна Цімафееўна. Спачатку было няпроста: на яе, ураджэнку праваслаўнага краю, да таго ж выкладчыцу рускай мовы, мясцовыя жыхары паглядалі коса і за вочы называлі кацапкай. Але дзяўчына асаблівай ўвагі на гэта не звяртала, наадварот, была прыветлівай, таварыскай, лёгка знайшла падыход да вучняў, ахвотна стасавалася з людзьмі і таму неўзабаве да яе ўсе прывыклі. Да таго ж ніводзін канцэрт, тэатралізаваная пастаноўка ці танцы не абыходзіліся без энергічнай Тані – яна прыгожа спявала, смяшыла гледачоў камічнымі ролямі, а аднойчы нават дырыжыравала хорам. Такую актывістку проста немагчыма было не заўважыць. І малады статны вадзіцель Рышард Пляўга вырашыў не ўпускаць свой шанс.

– Гэта цяпер моладзь не ведае, чаго хоча. У нас усё было проста: сустрэліся, прыглянуліся адзін аднаму, пажаніліся, бо абодва хацелі сям’ю, дзяцей, надзейны тыл. Ідэальных людзей няма, разуменне прыходзіць з часам і важна ўмець саступаць, чуць адзін аднаго. Мы распісаліся 14 лютага – пры гэтым ніхто тады не ведаў ні пра якога святога Валянціна, пражылі разам 58 гадоў, выгадавалі дачку і сына, дачакаліся ўнукаў. На жаль, пазалетась Рышарда не стала, а я засталася ў Кямелішках, якія за столькі гадоў сталі роднымі, як і людзі, што жывуць побач.

На сцяне аднаго з пакояў вісяць 2 фотакалажы – падарунак Таццяне Цімафееўна на 85-годдзе і яе мужу на 90-годдзе ад дзяцей. Гледзячы на светлыя твары адлюстраваных там людзей, на іх усмешкі, міжволі разумееш, што з такіх момантаў і складаецца звычайнае чалавечае шчасце.


Танечка… (Таццяна Тальчук, 28 гадоў, Варняны)

Танечка Тальчук.jpg

Гэтая форма імені сапраўды падыходзіць маладому ўсмешліваму начальніку аддзялення сувязі ў Гервятах. Яна і сама прызнаецца, што не вельмі любіць, калі яе называюць строга – напрыклад, Таняй. І калі незнаёмым людзям гэта дазваляецца, то муж за такую вольнасць можа “нарвацца” на непрыемнасць.

– Мне заўсёды падабалася маё імя, – расказвае субяседніца. – Яно прыгожае і мілае. І як жанчыне, канешне, мне больш даспадобы мяккія і ласкавыя варыянты – Танюшка або Танечка. Асабліва прыемна, калі яны гучаць з вуснаў блізкіх людзей.

Дарэчы, імя дзяўчынцы далі не мама ці тата, а стрыечны брат Сяргей. Яму было 4 гады, калі разам з бацькам нованароджанай ён адправіўся да раддома паглядзець сястрычку – і калі тую паднеслі да акна, хлопчык раптам выпаліў: «Таня!» Як кажуць, вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна – і дарослыя вырашылі назваць дачку Танечкай.

– Нядаўна старэйшая дачка дапытвалася ў мяне – маўляў, чаму ёсць дзень Таццяны і пра яго ўсе ведаюць, а вось дня Лізаветы няма, – усміхаючыся, расказвае жанчына. – Давялося тлумачыць, што ў яе таксама ёсць імяніны, а Таццянін дзень папулярны яшчэ і таму, што лічыцца днём студэнта. Памятаю, калі вучылася ў Ашмянскім каледжы, мы гэта свята весела адзначалі. Да таго ж у той час Таццянам дазвалялі 25 студзеня не прыходзіць на заняткі – такі падарунак нам рабілі выкладчыкі. Цяпер жа гэта дата атаясамліваецца ў мяне толькі з імянінамі – заўсёды іх з нецярпеннем чакаю і лічу другім днём нараджэння.

А галоўным падарункам жыцця Таццяна Тальчук лічыць сваю сям’ю – і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Некалькі гадоў назад яны купілі дом у Варнянах і паступова абуладкоўваюць сваё гняздзечка. На радасць бацькам падрастаюць 3 прыгажуні-дочкі: двайняты Ліза і Даша, якім хутка споўніцца 10 год , і 6-гадовая Варвара. Усе трое – розныя, але аднолькава шустрыя і схільныя да прыгод. З такімі не засумуеш – і кожны дзень Таццяны распісаны літаральна па хвілінах.

– А мы ўсе такія – не любім сядзець на месцы, – тлумачыць жанчына. – Зімой на выхадных бавім час на горцы, а летам едзем у грыбы, на возера купацца ці ў госці да бабуль-дзядуль. Час, праведзены з сям’ёй , – самы шчаслівы. Я адзінае дзіця ў бацькоў, таму заўсёды марыла пра траіх дзяцей і вельмі радая, што ў нас такія цудоўныя дзяўчынкі. Хаця нядаўна малодшая прызналася, што яны з сёстрамі хочуць браціка, нават імя яму прыдумалі – Макар. (Усміхаецца.)

Хто ведае, магчыма жаданне дзяўчынак калі-небудзь спраўдзіцца. А пакуль Таццяна Тальчук з усмешкай і добрым настроем сустракае кліентаў аддзялення паштовай сувязі. Бо ўпэўнена: чым падзелішся, тое вернецца ўдвайне.


Танюша… (Таццяна Яновіч, 8 гадоў, Астравец )

Танюша Яновіч.jpg

На першы погляд можа падацца, што яна сціплая, ціхая і паслухмяная дзяўчынка. Але варта прыгледзецца да 8-гадовай Танюшы, як убачыш у яе вачах вясёлых чарцянят, якія сведчаць пра гарэзлівы характар.

У той час, як большасць жанчын імкнуліся назваць сваіх дачок моднымі і папулярнымі імёнамі, Кацярына, мама дзяўчынкі, успомніла пра прыгожае мілагучнае, але чамусьці ўсімі забытае імя Таццяна. Яе дачка адзіная Танюша ў класе, ды і на дзіцячай пляцоўцы яе цёзку амаль не сустрэнеш. Дзяўчынцы таксама падабаецца, што яе ні з кім не пераблытаюць і яе імя такое ўнікальнае. А яшчэ…

– У гонар майго імя ёсць спецыяльнае свята, – тлумачыць дзяўчынка. – Калі яно адзначаецца, я не памятаю, але ў гэты дзень мама мяне заўсёды віншуе. А яшчэ яна любіць называць мяне ласкава – Танечка. Гучыць прыгожа і пяшчотна, але мне больш падабаецца, калі мой дзядзька называе мяне ведзьмай. Не-е, чараваць я не ўмею і на мятле не лётаю. (Усміхаецца.)

Затое ў вольны час Таня з задавальненнем гуляе са старэйшым братам у футбол і марыць навучыцца граць на гітары. А калі вырасце – стаць музыкантам і выступаць на вялікай сцэне. І шматлікай публікі яна не спалохаецца, магчыма, нават хвалявацца не будзе – хіба ж сапраўдны музыкант чагосьці баіцца.

Ёсць у дзяўчынкі і іншыя мары. Напрыклад, запісацца ў футбольную секцыю, жыць у вялікім доме і завесці сабаку. Кот у іх з мамай ужо ёсць, а вось для яшчэ аднаго чатырохлапага сябра месца ў кватэры малавата.

– Наогул, яна ў нас малайчынка: вучыцца добра, асабліва падабаюцца матэматыка і руская мова, малюе з задавальненнем, – дадае пра дачку маці. – Але бывае і шкодніцай, гультайкай, гарэзай. (Усміхаецца.) І нізавошта не будзе займацца тым, што ёй нецікава. У школе столькі розных гурткоў, а мы вызначыцца не можам.

Пакуль у Танюшы ёсць час выбіраць занятак па душы. А там, магчыма, адкрыюць у Астраўцы футбольную секцыю для дзяўчынак – і мары пачнуць здзяйсняцца.





Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Главный администратор
Фото: Марина Мацкевич и из семейного архива героинь