Модны прысуд Дзеду Марозу і Снягурцы

09:14 / 13.12.2011

Штогадовы рэспубліканскі конкурс “Ёлка-фэст 2011” стартаваў. Прынамсі, у нашым раёне прэзентацыя Дзеда Мароза прайшла ў вельмі незвычайнай форме.


Сёлета спецыялісты цэнтра пазашкольнай работы запрасілі Дзеда Мароза на перадачу “Модны прысуд”. І нічога дзіўнага тут няма. Дзед Мароз “расслабіўся” за вясну, лета і восень і перастаў адпавядаць свайму паважнаму іміджу і ўзросту. Цяпер яго “каньком” сталі камп’ютарныя гульні, ён зацікавіўся бісерапляценнем. Але і гэта не самае галоўнае. Дзед Мароз забыўся аб сваім прызначэнні рабіць дзяцей і дарослых шчаслівымі і стаў удзяляць увагу толькі сабе – ходзіць у салярый і салон прыгажосці. А што ўжо гаварыць пра адзенне! Ад футравага кажушка і меха з падарункамі ён увогуле адмовіўся – разгульваў па гораду ў майцы і шортах, з рукзаком за плячыма.
Таму і не дзіўна, што яго ўнучка Снягурачка прывяла Дзеда Мароза на “Модны прысуд”, дзе творчыя стылісты-школьнікі змаглі падабраць яму сапраўдны Дзедамарозаўскі ўбор.
Падчас мерапрыемства дзеці гулялі, адказвалі на цікавыя пытанні Снягурачкі і дапамагалі Дзеду Марозу.
Прыадкрыю таямніцу: Дзед Мароз, усім вядомы Павел Букель, усё ж прыслухаўся да слоў і думак абаяльнай Эвяліны Хромчанка, з роляй якой цудоўна справілася Аляксандра Букель, і Аляксандра Васільева, якога сыграў Аляксандр Лях, паверыў унучцы Снягурцы – Юліі Паўлоўскай, і прыйдзе да нас пад Новы год такім, якім і павінен быць.
Відэазапіс астравецкага мерапрыемства прыйшоўся даспадобы абласному журы, і наш модны Дзед Мароз са сваёй Снягурачкай быў запрошаны для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу, які прайшоў у Гродна 30 лістапада.
Нагадаю: у мінулым годзе галоўныя героі Новага года з Астравеччыны ў падобным конкурсе былі прызнаны лепшымі ў намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма”. Сёлета абласны фінал складаўся з дзвюх частак – дэфіле Дзеда Мароза і Снягурачкі і гульнявой праграмы. І адпаведна стаць пераможцам можна было ў трох намінацыях: “Лепшы касцюм”, “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма” і “Дзед Мароз і Снягурачка года”.
Большасць выступленняў складалася са звычайных казачных праграм, астравецкая ж вылучалася арыгінальнасцю і непаўторнасцю. І таму зусім заканамерна, што нашы Дзед Мароз і Снягурачка былі прызнаны пераможцамі ў самай галоўнай намінацыі “Дзед Мароз і Снягурачка года” і атрымалі Дыплом І ступені.
Цяпер ім давядзецца абараняць гонар вобласці на рэспубліканскім конкурсе-аглядзе Дзедаў Марозаў і Снягурачак “Ёлка-Фэст 2011”.


Алена ЯРАШЭВІЧ.