Клуб вясёлых і знаходлівых: астравецкі "Прэстыж" трапіў у фінал

12:02 / 12.12.2011

Штогод каманды з розных школ раёна спаборнічаюць у знаходлівасці і весялосці – гэта значыць, удзельнічаюць у раённым этапе каманд КВЗ.


Сёлета ў раёне перамогу святкавала каманда цэнтра пазашкольнай работы “Прэстыж”. Заяўка на ўдзел у паўфінале амаль адразу ж пасля правядзення раённага конкурсу была накіравана ў Гродна.
І вось 17 каманд з розных раёнаў вобласці і горада Гродна сабраліся ў абласным цэнтры, каб пазмагацца за ўваходжанне ў запаветную чацвёрку каманд, якія прадоўжаць барацьбу ў фінале.
Перш, чым трапіць у паўфінал, астравецкія кэвэзэншчыкі прайшлі рэдактарскі прагляд, а на конкурсе паказвалі толькі адзін нумар праграмы “Мы віншуем КВЗ”.
Паўфінал доўжыўся два дні. Пасля першага дня, у якім выступала астравецкая каманда, кэвэзэншчыкі пачулі ў свой адрас шмат цёплых слоў. Але толькі ў канцы другога дня спаборніцтваў стала вядома, што ў фінал прайшлі чатыры каманды: Гродзенскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, СШ №20 горада Гродна, Лідскага цэнтра пазашкольнай работы і каманда “Прэстыж” Астравецкага ЦПР.
У сакавіку гэтыя чатыры каманды зноў сустрэнуцца ў Гродна, каб пазмагацца за права прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскім конкурсе.


Алена ЯРАШЭВІЧ.