Дабрачынны канцэрт у Астраўцы прайшоў з аншлагам

09:18 / 12.12.2011

"Сагрэлі дзіцячыя сэрцы" – менавіта пад такой назвай напярэдадні Дня інвалідаў прайшоў дабрачынны канцэрт у падтрымку цяжка хворых дзяцей і маладых людзей. 2 снежня кінаканцэртная зала “Астравец” сабрала ў сваіх сценах нераўнадушных людзей, якія не пашкадавалі ні грошай, ні часу, і прыйшлі падтрымаць 13 сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці з дыягназам дзіцячы цэрэбральны параліч.


Трэці год запар раённы Дом культуры сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання праводзіць падобнае мерапрыемства, якое выклікае шырокі водгук сярод жыхароў Астравецкага раёна. Не можа не радаваць, што, нягледзячы на сёлетнія фінансавыя праблемы, людзі змаглі выдзеліць невялікую суму з сямейнага бюджэту і падзяліцца з тымі, каму гэтыя грошы будуць так дарэчы – усе мы ведаем, колькі зараз каштуюць лекі, памперсы, дзіцячае харчаванне. Арганізатары нават не разлічвалі на такі аншлаг – некаторым гледачам не хапіла месца ў зале.
Распачалося дабрачыннае дзейства яшчэ ў фае кінаканцэртнай залы. Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, якое працуе на базе тэрытарыяльнага цэнтра, правялі выставу-кірмаш вырабаў з гіпсу, зробленых сваімі рукамі – яркія рамкі для фотаздымкаў, карціны, сувеніры. Для іх было важна ўсведамляць, што такім чынам яны могуць дапамагчы цяжка хворым дзецям і ўнесці свой уклад у справу міласэрнасці і дабрыні. Сродкі ад продажу гэтых вырабаў, а таксама ахвяраванні, якія сабралі валанцёры “Чырвонага крыжа” падчас акцыі “Падары ўсмешку”, пойдуць на набыццё навагодніх падарункаў для анкалагічна хворых дзетак, якіх у нашым раёне чацвёра. Як потым мы даведаліся, гэтая сума склала 624 тысячы рублёў.
Дабрачынны распродаж сваіх вырабаў правёў і раённы Дом рамёстваў. Людзі куплялі на памяць навагоднія сувеніры, магніцікі ці талерачкі з выявамі славутасцей нашага раёна, саламяныя вырабы, размаляваныя званочкі, а заадно прымалі ўдзел у акцыі – сабраныя сродкі – а гэта 500 тысяч рублёў – будуць перададзены дзецям і маладым людзям з дыягназам ДЦП.
Сам канцэрт распачаўся кранальнай прэзентацыяй: здавалася б, дзеткі нараджаюцца для таго, каб быць шчаслівымі і ніколі бяда не напаткае іх, тым больш, што побач у кожнага заўсёды ёсць асабісты анёл-ахоўнік – мама. Толькі калі фотаздымкі маленькіх дзетак з празрыстымі і светлымі вачыма пачалі ахутваць чорныя плямы смерці, пяцігадовая дзяўчынка, што сядзела каля мяне, пачала моцна плакаць. Наўрад ці яна разумела, пра што гаворыцца ў гэтай прэзентацыі, але адчувала сваім маленькім сэрцам, што гэта няправільна, што так не павінна быць. Не павінна…Толькі хвароба не выбірае, і часам у яе бязлітасныя кіпцюры трапляюць нявінныя дзеткі.
А затым са сцэны гучалі жыццесцвярджальныя песні, нібы заклікаючы людзей з абмежаванымі магчымасцямі ісці па жыцці з высока ўзнятай галавой, мужна пераадольваць цяжкасці. Дарэчы, у гэтым годзе ў канцэртнай праграме прынялі ўдзел не толькі работнікі культуры і дзіцячыя калектывы, але і артысты з іншых арганізацый – усім прыйшлася даспадобы песня выкладчыка англійскай мовы гімназіі №1 Наталлі Вянгроўскай, а таксама яркае выступленне медыцынскіх работнікаў Астравецкай ЦРБ. Хацелася б падзякаваць усім артыстам за тое, што яны падарылі гледачам цудоўны канцэрт і дапамаглі сабраць грошы для хворых дзяцей.
На дабрачынны канцэрт было прададзена 850 білетаў – удвая больш, чым месцаў у глядзельнай зале. Амаль што ўсе прадпрыемствы і арганізацыі нашага раёна далучыліся да акцыі і пералічылі грошы на пазабюджэтны рахунак аддзела культуры. У выніку было сабрана 8 мільёнаў 580 тысяч рублёў – гэтыя грошы былі размеркаваны паміж 13 хворымі дзецьмі з дыягназам ДЦП.
Мы зноў пераканаліся, што ў свеце шмат добрых людзей, якія не зачыняюцца ў панцыры сваіх спраў і праблем, а гатовыя працягнуць руку дапамогі хвораму чалавеку і зрабіць яго крышачку мацнейшым.


Ужо праз некалькі дзён пасля канцэрта дапамога знайшла сваіх адрасатаў. У чацвер дырэктар раённага метадычнага цэнтра В.Р. Турубарава, старшыня “Чырвонага крыжа” В.І. Руднік, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў І.І. Стэх і аўтар гэтых радкоў адправіліся ў сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці і пражываюць маладыя людзі з дыягназам дзіцячы цэрэбральны параліч, з добрай місіяй – уручыць ім грошы, якія былі сабраны ад продажу білетаў на канцэрт і распродажу вырабаў раённага Дома рамёстваў. Кацярына Качкан, Кірыл Фалевіч, Антон Крышнёў, Павел Маркун, Яўгеній Антановіч, Аляксандр Шулюк, Паліна Віткевіч, Ганна Дамуць, Вадзім Вянгроўскі, Анжэла Сучко, Вікторыя Сянюць, Марына Лукашэвіч, Руслан Тамашэвіч атрымалі па 682 тысячы рублёў. Дзеці і іх бацькі былі вельмі крануты такой увагай, іх вочы былі напоўнены слязамі, – але гэта былі светлыя слёзы ўдзячнасці ўсім тым, хто падтрымаў іх і даў магчымасць паверыць у цуды пад Новы год.


Вольга ШОЎКУН.