Наталья и Николай Мороз: про семью, Рождество и веру

10:01 / 07.01.2021
Ражаство Хрыстова аднолькава любімае дзецьмі і дарослымі. Калі ў сям’і чакаюць маленькага,  рыхтуюць рэчы для яго, прыбіраюць не толькі дом, але і думкі. Так у вялікай і дружнай сям’і Мароз з вёскі Альхоўкі з нецярпеннем чакаюць нараджэнне Маленькага Ісуса. 

У кватэры гэтай сям’і пануе тая няўлоўная ўтульнасць, якая бывае там, дзе людзі шчаслівыя. І справа тут не ў рэчах, а ў любові, якая крочыць побач з імі. 

12.jpg


Наталля і Мікалай выхоўваюць сыноў: 16-гадовага Саміра, 14-гадовага Юру і 3-гадовага Ягора. Гледзячы на стройную жанчыну, якая знешне хутчэй нагадвае падлетка, складана паверыць, што яна мама траіх дзяцей. 

– Гэта быў сапраўдны цуд, калі я даведалася, што ў нашай сям’і будзе папаўненне. Усё ж такі розніца паміж сярэднім і малодшым дзецьмі больш за 10 гадоў, – расказвае Наталля. – Але, дзякаваць Богу, усё склалася добра. Тым больш, у мяне была такая надзейная падрымка і апора: ажно тры мужчыны. (Усміхаецца.)

Нядаўна Наталля выйшла з дэк­рэтнага адпачынку, яна працуе ў прыватным магазіне ў Міхалішках. Мікалай – на кардоннай фабрыцы. 

На кухню, дзе мы размаўляем, зазірае цікаўны Ягорка, падбягае да маці і абдымае за шыю маленькімі ручкамі. 

– Дзіцятка – гэта сапраўдны цуд. Немагчыма ўявіць, што адчувала святая Марыя, калі ў Віфлееме ніводзін чалавек не даў ім прытулку – людскія дзверы былі зачыненымі, а маленькі Ісус нарадзіўся ў пячоры. 

Наталля і Мікалай права­слаў­ныя, хоць нарадзіліся і гада­валіся ў змешаных сем’ях. 

– Я з вялікай сям’і – у бацькоў нас пяцёра. Галоўным ласункам на Раство для нас былі цукеркі. Тата з мамай ставілі ёлку – і ўсе з нецярпеннем чакалі вечара. Абавязковай стравай была куцця з вараных аўсяных шматкоў з макам і мёдам. Пайсці на вячэрнюю службу не маглі – храма не было, маліліся самі, – працягвае жанчына. – Хоць да сапраўднай веры я прыйшла ў свядомым узросце: прыняла хрост каля 13 гадоў назад. Гэтую таямніцу бацюшка Павел Варановіч, светлая яму памяць, удзяляў мне і немаўлятку – мы былі першымі ахрышчанымі ў нашым тады яшчэ недабудаваным альхоўскім храме. 

Да царквы Святога Прарока Іллі ад кватэры Марозаў рукой падаць. Бацькі ў выхадны дзень з маленькім Ягоркам часта гуляюць ля храма. На вялікія святы абавязкова, калі атрымоўваецца, прысутнічаюць на службе. 

– Галоўная падрыхтоўка да Ражаст­ва Хрыстова – пост. У вялікіх храмах да свята ставяць шопкі – своеасаблівае аднаўленне сцэны нараджэння Ісуса. Наш храм невялічкі, таму да Ражаства яго ўпры­гожваюць жывыя ёлкі і гірлян­ды, – расказвае жанчына. – Бога можна славіць праз песнапенні. Больш за 10 гадоў назад пры нашым храме быў невялікі калектыў: Марына Ульянава, Таццяна Гваздова і Таццяна Скаржынская. Песні з бацюшкам слухалі на магнітафоне – ён аднекуль прывозіў касеты – так і вучыліся. Затым у нас з’явіліся ноты з тэкстам. З Божай дапамогай пакрысе пачало атрымлівацца.

Наталля, відаць, з-за сціпласці, не сказала, што невялікі вясковы царкоўны калектыў спяваў не проста добра, а выдатна. Некалькі гадоў запар на адборачных турах епар­хіяльнага фестывалю-конкур­су пра­васлаўных песнапенняў «Сла­ва в вышних Богу!» яны займа­лі прызавыя месцы. 

– Гэта заслуга тагачаснага настаяцеля айца Вячаслава Шэсціткі, ён нас згуртаваў, паверыў у нашы сілы і магчымасці, – працягвае жанчына. – Гэтаксама на ахвяраванні людзей у Альхоўцы пабудавалі такі цудоўны драўляны храм. Наколькі памятаю, 12 верасня 2009 года ён быў асвечаны. Галоўнае верыць – і ўсё атрымаецца. Цяпер у нас бацюшка Леанід Чарняеў, цікавы, адукаваны і таленавіты. У яго музыкальная адукацыя па класе спеваў і незвычайнай прыгажосці голас. 

…Наталля і Мікалай у адзін голас сцвярджаюць, што яны самая звычайная сям’я і традыцыі, у тым ліку і калядныя, такія ж, як і ў астатніх. Варта толькі ўзгадаць адно слова «Ражаство», як на тварах мужчыны і жанчыны з’яўляецца ціхая радасць.

На развітанне цікаўлюся ў сямейнай пары, што яны сёлета скажуць, пра што папросяць ці падзякуюць Маленькаму Ісусу. 

– Здароўя кожнай сям’і і выздараўлення тым, хто хварэе ці пакутуе ў гэты няпросты час, – пасля некалькіх хвілін роздуму адказаў Мікалай. 

– Веры, любові і дабрабыту. Адкрыйце сэрцы народжанаму Сыну Божаму, не паўтарайце памылак нашых папярэднікаў, якія больш за 2 тысячы гадоў назад не адчынілі дзверы перад Святой Сям’ёй, – дадала Наталля.  



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич