У «Белдзяржстраха» – юбілей

15:46 / 05.12.2011

Існуе памылковае меркаванне, што страхаванне – паслуга толькі для забяспечаных людзей, якія баяцца страціць свае багацці і гатовы купляць дарагія страхавыя полісы. Але ж маёмасць ёсць у кожнага, і менавіта небагатым людзям бывае цяжка аднавіць яе ці пабудаваць новае жыллё пасля няшчаснага выпадку. Работнікі сістэмы страхавання клапоцяцца аб тым, каб кожны кліент быў спакойны за сваю будучыню і ведаў, што ў непрадбачанай сітуацыі яму не прыйдзецца шукаць грошай у родных і знаёмых – страхавая кампанія пакрые неабходныя расходы.


З нагоды прафесійнага свята мы завіталі ў прадстаўніцтва Белдзярстраху па Астравецкаму раёну, каб пагутарыць аб справах арганізацыі з яе дырэктарам Сяргеем Уладзіміравічам Сідаруком.



Старонкі гісторыі

Белдзяржстрах быў заснаваны ў 1921 годзе. У тыя часы абавязковаму страхаванню ад агню падлягала ўся нерухомая маёмасць гарадскіх прыватных гаспадарак і прадпрыемстваў. Крыху пазней абавязковае “агнявое” страхаванне распаўсюджваецца на сельскую мясцовасць, уводзіцца страхаванне буйной рагатай жывёлы, пасеваў і транспартных сродкаў. У 1924 годзе Белдзяржстрах пачынае праводзіць аперацыі па страхаванні жыцця.
У нялёгкія часы калектывізацыі работнікі кампаніі абвінавачваліся ў тым, што яны выплачвалі кулакам страхавое пакрыццё і выдавалі калгаснікам грошы на рукі замест таго, каб аддаваць іх праўленням калгасаў. Вынікам стала ліквідацыя ў 1930-1931 гадах Белдзяржстраху. Праз два гады кіраўніцтва краіны прызнала памылковасць свайго рашэння, і ў 1934 годзе было адноўлена страхаванне маёмасці калгасаў і асабістай маёмасці грамадзян. Пасляваенныя гады сталі новым выпрабаваннем для Белдзяржстраху: толькі ў сярэдзіне 50-ых эканамічныя паказчыкі работы кампаніі крыху палепшыліся. Піка ў сваёй дзейнасці Белдзяржстрах дасягнуў у канцы 80-ых, але насталі крызісныя 90-ыя, калі ўвогуле паўстала пытанне аб неабходнасці захавання адзінства Белдзяржстраху. Аднак цэласнасць сістэмы ўдалося захаваць, што з’явілася запарукай паспешнага развіцця прадпрыемства ў яго найноўшай гісторыі.
У Астравецкім раёне інспекцыя Дзяржстраху была заснавана ў 1965 годзе і яе старэйшым інспектарам, а потым начальнікам быў назначаны І. М. Свёкла. На змену яму прыйшоў у 1969 годзе У.І. Падалянчык, у 1970 годзе – М.М. Чугуноў. У тыя часы інспекцыя мясцілася ў невялікім пакоі прыватнага дома па вуліцы Новая, пазней – у былым будынку медвучылішча. Установа налічвала 6 штатных работнікаў і 9 страхавых агентаў. У распараджэнні арганізацыі не было аўтамабіля, а аўтобусы хадзілі рэдка і толькі ў буйныя вёскі – таму часта страхавым агентам даводзілася дабірацца да страхавальнікаў пешшу ці на ўласных веласіпедах.
З лістапада 1973 года начальнікам інспекцыі прызначаны Р-І. Ф. Гайдановіч, а работнікі арганізацыі працягваюць вандраваць з аднаго будынка ў другі. У 80-х гадах інспекцыя ўпэўнена крочыць наперад па развіцці маёмасных і асабістых відаў страхавання. Неаднаразова заваёўвае прызавыя месцы ў абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных спаборніцтвах з уручэннем прэмій і пераходнага Чырвонага Сцяга.
У 90-х гадах адбываецца неаднаразовая змена дырэктараў – Г.Ф. Кара, А.П. Дзенісевіч, В.І. Іваніцкая, Я.Я. Кухарчык, інспекцыя перайменавана ў аддзяленне Белдзяржстраху па Астравецкаму раёну. У 2001 аддзяленне становіцца прадстаўніцтвам Белдзяржстраху і пераязджае ў куплены ў лізінг будынак па вуліцы Кастрычніцкая, дзе знаходзіцца і зараз. Нарэшце ўмовы работы наладжваюцца, а прадстаўніцтва актыўна нарошчвае аб’ёмы паступленняў страхавых узносаў. У 2005 годзе Я.Я. Кухарчык пайшоў на заслужаны адпачынак, дырэктарам была прызначана Г.І. Пазняк. А з 2007 года па сённяшні дзень калектыў прадстаўніцтва ўзначальвае Сяргей Уладзіміравіч Сідарук.



Думай пра будучыню






Кажуць – “ніхто не застрахаваны”, маючы на ўвазе нейкія негатыўныя моманты жыцця. Але ад многіх выпадкаў усё ж такі можна застрахавацца – у прыватнасці, дзякуючы Белдзяржстраху. Сёння кампанія прапаноўвае сваім кліентам 17 абавязковых і 57 добраахвотных відаў страхавання.
Галоўная функцыя добраахвотнага страхавання – забеспячэнне страхавой абароны ад найбольш буйных і сацыяльна небяспечных рызык па мінімальных страхавых тарыфах. Прыкладам можа з’яўляцца абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці ці страхаванне аўтатранспарту. Але ж апошнім часам узрастае і роля добраахвотнага страхавання – ад найбольш масавых і распаўсюджаных відаў – страхаванне жылля, дамашняй маёмасці, здароўя, да эксклюзіўных – страхаванне мабільных тэлефонаў ці пародзістых хатніх жывёл.
– Хачу адзначыць важнасць нашай работы, – кажа дырэктар прадстаўніцтва Сяргей Уладзіміравіч Сідарук. – Страхаванне дазваляе акумуляваць грашовыя сродкі фізічных і юрыдычных асоб для пакрыцця ўрону ў выпадку неспрыяльнай сітуацыі. Так, у гэтым годзе мы выплацілі 1,8 мільярда рублёў сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам па абавязковым страхаванні сельскагаспадарчых пасеваў – загінулі азімыя, а мы пакрылі ўрон, які панеслі кааператывы. Другая сітуацыя – у чалавека згарэў дом. Дзе яму ў такім выпадку шукаць сродкі – у родных, сяброў, браць крэдыт у банку? Калі ж дом застрахаваны, то вам не трэба клапаціцца аб гэтым – страхавая кампанія кампенсуе вашы страты. Страхаванне – паслуга, разлічаная на кожнага. Напрыклад, застрахаваць кватэру на 12 мільёнаў можна за 45 тысяч у год.



Прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Астравецкаму раёну імкнецца максімальна ахапіць сваімі паслугамі як фізічных, так і юрыдычных асоб. За кожным сельсаветам замацаваны свае страхавыя агенты, 13 агентаў працуюць на мяжы ў пункце пропуску “Катлоўка”, дагаворы на аказанне страхавых паслуг заключаны амаль што з усімі прадпрыемствамі раёна. Лепшымі страхавальнікамі з’яўляюцца СВК “Гервяты”, “Варняны”, “Гудагай”, ІП “Тэхнапласт”, Астравецкі лясгас.
Белдзяржстрах пастаянна ўдасканальвае і пашырае свае паслугі. Зараз актыўна развіваюцца аперацыі па добраахвотным страхаванні медыцынскіх расходаў. Гэты страхавы поліс гарантуе аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў лепшых медыцынскіх установах па ўсёй рэспубліцы, каардынацыю дзеянняў застрахаванага і кансультацыі ўрачоў праз кругласутачную службу асістанс.
Застрахуе кампанія і крэдытаатрымальніка. У выпадку, калі з ім штосьці здарыцца, ні яго сям’і, ні паручыцелю не трэба будзе за яго выплачваць крэдыт – расходы возьме на сябе страхавая кампанія.
Вы забылі закрыць кран ці трэснула труба і ў выніку затапілі суседзяў? Са страхоўкай грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў кватэр Белдзяржстрах пакрые ўрон маёмасці вашых суседзяў, які вы ім нанеслі. Поліс на год на суму 5 мільёнаў рублёў каштуе ў сярэднім 25 тысяч рублёў. Кошт страхоўкі параўнальна невялікі, а дапамога ў выпадку ўзнікнення падобнай сітуацыі істотная.



– Але ж мы не толькі, як многія думаюць, забіраем у людзей грошы і выплачваем кампенсацыі ў выніку ўзнікнення пазаштатных сітуацый, - расказвае Сяргей Уладзіміравіч. – Вялікая ўвага ўдзяляецца прэвентыўным мерапрыемствам па папярэджанні ўзнікнення страхавых выпадкаў – вырабляем інфарматыўныя стэнды, выдзяляем сродкі на лекі для жывёлы, кліентам са страхоўкай “АўтаКАСКА” дапамагаем з набыццём зімовых шын, каб знізіць рызыку аварый, праводзім сумесныя акцыі з МНС, выдзяляем нашым кліентам на бясплатнай аснове пажарныя апавяшчальнікі. І хоць сёння страхавы рынак расце, павялічваецца аб’ём страхавых узносаў, але ж хочацца, каб людзі больш нам давяралі. Зразумела, што пасля распаду фінансавай сістэмы былога СССР давер насельніцтва быў падарваны, і наша задача вярнуць яго. У заходніх краінах страхавы поліс ёсць амаль у кожнага, у Беларусі ўжо кожны трэці грамадзянін карыстаецца паслугамі страхавой кампаніі. А гэта сведчыць пра тое, што мы працуем у правільным накірунку.
Лічбы і факты

Па рэйтынгу за 3 квартал 2011 года прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Астравецкаму раёну належыць да 8 групы і займае 4 месца ў рэспубліцы сярод 22 прадстаўніцтваў гэтай групы.
Аб’ём паступленняў па ўсіх відах страхавання за 10 месяцаў бягучага года склаў 4082,2 мільёна рублёў, у тым ліку па добраахвотных відах страхавання сабрана страхавых узносаў 962,1 мільёна рублёў.
Выплачана па добраахвотным і абавязковым страхаванні збудаванняў 127,7 мільёна рублёў, па абавязковым страхаванні сельгаскультур – 1867,9 мільёна рублёў, па добраахвотным страхаванні маёмасці – 19,5 мільёна рублёў, аўтатранспарту (АўтаКАСКА) – 197 мільёнаў рублёў, па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартнага сродку – 171,8 мільёна рублёў, па добраахвотным страхаванні ад няшчасных выпадкаў, захворванняў і траўм – 47,1 мільёна рублёў.



«Залаты фонд» Белдзяржстраху – людзі

– У штаце прадстаўніцтва сёння налічваецца 41 чалавек, з якіх 15 – штатныя работнікі і 26 – страхавыя агенты (13 чалавек працуюць на мяжы, 13 – сельскія і гарадскія агенты), – расказвае Сяргей Уладзіміравіч Сідарук. – Дзякуючы іх добрасумленнай працы, наша прадстаўніцтва займае дастойнае месца сярод іншых прадстаўніцтваў рэспублікі. Намеснік дырэктара Г.М. Варановіч працуе ў нас больш за 5 гадоў, яна ўзнагароджана Ганаровай граматай філіяла Белдзяржстраху па Гродзенскай вобласці. Мы заўсёды прымаем самы актыўны ўдзел ва ўсіх турзлётах і спартыўных спаборніцтвах, і менавіта Гелена Варановіч прыносіць нашай камандзе больш за ўсё медалёў.






Больш за 30 гадоў прысвяцілі рабоце ў Белдзяржстраху вядучы эканаміст З.Б. Кузняцова і вядучы бухгалтар А.І. Крупеніна. Больш за 10 гадоў працуюць у прадстаўніцтве вядучыя спецыялісты Н.П. Івачкіна, А.І. Дудко, спецыяліст 1 катэгорыі Н.Ф. Раткевіч. Нашымі лепшымі страхавымі агентамі з’яўляюцца Л.У. Коласава, Т.А. Ташлінская, Н.І. Шкуёнак, Т.М. Мароз, Т.-Я. Г. Духновіч, М.В. Кашчэва. Не забываем мы і нашых ветэранаў, якія ўжо пайшлі на заслужаны адпачынак, але заўсёды застануцца часткай нашай дружнай каманды, 36 гадоў інспектарам, а потым галоўным бухгалтарам адпрацавала Г.І. Лукашэвіч, Я.Ф. Грабоўская прысвяціла 30 гадоў сістэме Белдзяржстраху, Я.Б. Печатоўская 25 гадоў працавала страхавым агентам. Каля 10 гадоў страхавымі агентамі з’яўляліся Г.А. Ягела, І.І. Магер, Л.І. Антаненка, Л.Э. Шабуня, І.І. Кучэўскі, М.Р. Валадзько, інспектарамі – В.М. Бразевіч і Г.М. Андралойць.
Віншую ўсіх работнікаў і ветэранаў працы прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Астравецкаму раёну з нашым прафесійным святам і шчыра жадаю моцнага здароўя, шчасця, фінансавага дастатку, а таксама росту страхавой культуры насельніцтва!

Вольга ШОЎКУН.