Якім быў 2020-ы для «Астравецкай праўды», разважае Алена Ярашэвіч

12:07 / 31.12.2020
Напрыканцы года прынята падводзіць яго вынікі. Адыходзячы год кожнаму з нас прынёс нешта сваё: новыя надзеі, здабыткі, перамогі, а магчыма, і страты. Што ж, паглядзім, якім ён быў для нашай «раёнкі».

12.jpg

Радасць года

Яна здарылася яшчэ напрыканцы 2019-га. Тады зоркі сышліся – і здарыўся цуд! У рэдакцыю трапілі копіі першых даваенных нумароў газеты! Уяўляеце, іх нават няма ў архіве Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь – а ў нас цяпер ёсць! І адкрыліся новыя старонкі гісторыі стварэння «Астравецкай праўды», а значыць і гісторыі нашага раёна – як вынік, у газеце з’явілася новая рубрыка.

А яшчэ наш калектыў папоўніўся новымі спецыялістамі: у штаце сталі працаваць рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Яўген Янушкевіч і відэааператар тэлепраграмы Яраслава Ладзейшчыкава – цікавыя, апантаныя працай маладыя людзі!

Поспех года

Гэта, канешне ж, нашы перамогі. Іх было нямала: і асабіста ў журналістаў, і ў «Астравецкай праўды».

Памятаю, як у мінулым годзе на цырымоніі ўручэння нашай 4-й «Залатой Літары» на той час ужо былы рэдактар Ніна Рыбік пажадала, каб гэта ўзнагарода стала маёй 1-й у ролі галоўнага рэдактара, але не апошняй. Марам, як кажуць, уласціва здзяйсняцца. І мы марылі – і працавалі. І сёлета рэспубліканскае журы аддало перамогу – і 5-ю «Залатую Літару» – нашаму праекту «СпортАП», асноўным аўтарам якога з’яўляецца Марына Мацкевіч.

_MG_3876 р.jpg


А дапамагаюць ёй у гэтым іншыя журналісты і пазаштатныя аўтары нашага выдання.

Ды і 2-е месца ў абласным спаборніцтве сярод сродкаў масавай інфармацыі таксама многае значыць! Таму і надалей жадаю газеце і нашым журналістам працаваць і тварыць з тым жа баявым настроем!

Уражанне года

Прыемных момантаў, якія пакінулі след у памяці журналістаў і, адпаведна, на старонках газеты, таксама было шмат. Сярод іх – адкрыццё аб’ектаў, якія будуюцца ў нашым горадзе ў рамках дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Упэўнена, добрыя ўражанні ад іх наведвання атрымліваем не толькі мы, але і ўсе жыхары Астравеччыны!

Цэнтральная раённая клінічная бальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, спартыўна-аздараўленчы комплекс «Імпульс», «Атамклас» на базе сярэдняй школы №3, арэндны дом для работнікаў сацыяльнай сферы, рамонт вуліцы Валадарскага, пракладка водаправода на вуліцах нашага горада, мадэрнізацыя фасада Гудагайскай школы, запуск першага энергаблока Беларускай АЭС – і гэты спіс можна працягваць  доўга. Але галоўнае, што добрыя, прыемныя ўражанні застаюцца не толькі на старонках газеты: усім, што ўзведзена ў горадзе, жыхары раёна могуць карыстацца і атрымліваць ад гэтага задавальненне.



Знаёмства года

Гэта ўсе вы, нашы дарагія чытачы і падпісчыкі! Тыя, хто выпісвае газету, чытае нашы артыкулы на сайце і ў сацыяльных сетках, глядзіць выпускі навін тэлепраграмы «ТВА. ТВой Астравец» ці слухае раённае радыё. А асабліва тыя, хто сёлета стаў героямі нашых публікацый. Кожнаму з вас мы ўдзячны за тое, што вы ёсць і змяняеце свет да лепшага!

Дзякуючы вам, на старонках газеты з’яўляюцца новыя праекты і рубрыкі. Дзякуючы вам, мы перамагаем у конкурсах. І дзеля вас мы працуем.

Расчараванне года

Гэтая бяда напаткала нас у пачатку 2020-га і пакуль не хоча адыходзіць.

Упэўнена, што каронавірус, які абрынуўся на краіны і іх жыхароў, многім змяніў жыццё. Хтосьці сур’ёзна захварэў, камусьці давялося перакроіць планы і нават пераглядзець погляды на жыццё.

Закранула гэта навала «Астравецкую праўду», нашых працаўнікоў і членаў іх сямей. Думаю, што ўжо ўвогуле не засталося людзей, якія адносіліся б да мер прафілактыкі гэтай інфекцыі абыякава, – і гэта добра, бо іх выкананне многім можа выратаваць жыццё.

Але, упэўнена, рана ці позна COVID-19 адступіць, толькі кожнаму з нас трэба зрабіць для гэтага пэўны ўнёсак – паклапаціцца пра сябе і тых, хто побач.

Словам, у 2020-м былі і чорныя, і белыя палосы – зрэшты, так заўсёды  ў жыцці. Але хочацца верыць, так заўжды бывае ў фінале, што год закончыцца на пазітыве.

… Вось-вось народзіцца новы год. Няхай ён будзе лепшым, чым адыходзячы, падорыць кожнаму з нас новыя поспехі, мары, аптымізм і, канешне ж, здароўе. 

І я вельмі спадзяюся, што ў надыходзячым годзе ў вашы дамы зноў прыйдзе «Астравецкая праўда» з добрымі навінамі, цікавымі матэрыяламі, прыемнымі неспадзяванкамі і сюрпрызамі!  Таму гавару вам: «Да сустрэчы ў 2021-м!».



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: