Жыхары Астравеччыны ўзгадалі Каляды свайго дзяцінства

10:26 / 25.12.2020
Напоўненае верай у цуды, падарункамі і шчырымі ўсмешкамі, Божае нараджэнне аднолькава любімае дзецьмі і дарослымі. Хоць з гадамі радаснае адчуванне свята крыху заціраецца, але дзіцячыя ўспаміны жывыя і грэюць душу праз гады… 

Астраўчане ўспамінаюць Каляды свайго дзяцінства і традыцыі, якія былі ў іх сем’ях. 

IMG_0641.jpg


Раіса Мароз, арганістка касцёла Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, Альхоўка:

Мароз.jpg

«Каляды –  гэта час нараджэння Божай любові да ЧАЛАВЕКА... Шчыра жадаю, каб з прыходам у гэты свет Дзіцяткі Езуса. сэрца кожнага чалавека напоўнілася гэтай любоўю, каб кожны дом стаў маленькім Віфлеемам».

– У нашай сям’і, можна сказаць, быў матрыярхат: таты не стала, калі мне было 12 гадоў. З намі жыла старэйшая сястра маці – цётачка была для мяне сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Яна некалькі гадоў дапамагала міхалішскаму ксяндзу Сакалоўскаму па гаспадарцы, маці маёй пашчасціла працаваць у ксяндза Жыткевіча ў Квасоўцы, што пад Гродна, цяпер я за гаспадыню ў ксяндза Анатоля. І матуля, і цётачка былі вельмі набожнымі. 

На працягу Адвэнту мы захоўвалі пост у пятніцу і сераду. Да Калядаў рыхтавалі самаробныя падарункі – шкарпэткі, рукавічкі ці хустачкі. Вязаць я навучылася сама, у 4 гады. Вельмі люблю гэтую справу і зараз. Памятаю, да свята цётачка, якая трымала шмат авечак, заказвала валёнкі – добра рабілі іх майстры з-пад Падольцаў… 

Рыхтавацца да Каляд пачыналі з лета – жылі згодна з сялянскім спрадвечным цыклам. У нас была вялікая гас­падарка. Збіралі ягады, грушы, грыбы.

Цётачка рабіла вельмі смачныя мочаныя антонаўкі – на жаль, гэтаму я так і не навучылася. (Усміхаецца.) Многія стравы з каляднага стала майго дзяцінства  рыхтую і цяпер: раўгеню, белы і чырвоны кісялі, грушы ў брусніцах, клёцкі з макам, куццю – суп з ячневых круп, якія ў нас называліся «кіслымі», з сушанымі маладымі баравікамі і сухарыкамі. 

Раўгеня – гэта квасны напой, які робіцца на аснове ржаной мукі. Запарваецца маса, некаторы час яна настойваецца – у выніку атрымліваецца натуральная рошчына, якая падкісае. Каб было смачней, можна дадаць мёду. На гэтай масе замешвалі і цеста на хлеб. У нас у запасе заўсёды была ржаная мука, з яе рабілі смачныя посныя бліны. 

IMG_0633_ у якасці ілюстрацыі.jpg

Самая складаная калядная страва для мяне – белы кісель. Печ прапальвалі абавязкова бярозавымі дровамі. Аўсяныя шматкі заліваюцца цёплай вадой.  Аўсянка мае ўласцівасць гарчыць, і каб пазбавіцца гэтага смаку, дадавалі некалькі вугельчыкаў, якія потым вымалі, і скарыначку хлеба. Раніцай даставалі масу з печы,  працэджвалі. Сакрэт прыгатавання белага кісялю ў тым, што пры варцы яго трэба пастаянна мяшаць – інакш аўсянка прыгарыць. Рыхтавалі і чырвоны кісель з журавінаў. Былі гады, калі гэтая ягада не радзіла – тады бралі брусніцы. Выдам сакрэт: іх варыць не трэба – яны цудоўна захоўваюцца перацёртыя і засыпаныя цукрам. Да слова, грушы ў брусніцах былі ласункам, але іх дазвалялася есці толькі пасля Каляд. 

У нас было заведзена рыхтаваць ежу на калядны стол у добрым настроі, з чыстымі сэрцам і думкамі, з дабрынёй у душы. 

На Каляды пад белы саматканы абрус клалі сена, і пад сталом ляжалі  мяхі з ім. Абавязкова запальвалі свечку, маліліся, дзяліліся аплаткай і складалі віншаванні на новы год жыцця. А яшчэ, калі я была маленькай,  залазіла пад стол і кудахтала – лічылася, што куры будуць добра несціся.  

Пасля вячэры мы з цёцяй ішлі ў хлеў і частавалі кожную жывёліну хлебам са святочнага стала – гэта вельмі сімвалічна, таму што больш за 2 тысяч гадоў назад Езуса прытулілі не людзі, а жывёлы. Потым ішлі ў сад і па кожным дрэўцы стукалі драўлянай качалкай, кажучы: «Хрыстос нарадзіўся!».

Лічылася, што так яблыні і грушы абуджаюцца да жыцця. 

На другі дзень з-пад абруса і стала прыбіралі сена, аддавалі яго жывёле, а таксама высцілалі сабачыя будкі, курыныя гнёзды. Частку захоўвалі за абразом на выпадак, калі некага не стане з роду – каляднае сена зашывалі нябожчыку ў падушку. Не спатрэбілася – і дзякуй Богу. 

Ад Калядаў да Трох Каралёў дзейнічала забарона на ўсю цяжкую працу: нельга было шыць, вязаць, дазвалялася толькі абыходзіцца па гаспадарцы.

Вечарамі прыходзілі госці, спявалі калядныя песні. Перадавайце дзецям і ўнукам свае  традыцыі. Каляды – свята сям’і. У ім радасць новага жыцця, якое асвячае кожнага з нас. Няхай свет Віфлеемскай зоркі стане для кожнага з нас светам Божай любові. Радасных святаў усім! 

Віктар Карповіч, старшыня Гудагайскага сельвыканкама, Палушы:

Карповіч.jpg

«Езусу пялюшкамі было мулкае сена, таму ў гэтыя святыя дні трэба адкрыць сэрцы, каб з радасцю сустрэць Сына Божага».

– Нарадзіўся я ў Іўі. У бацькоў было чацвёра хлопчыкаў. Маё дзяцінства прыпала на час атэізму, калі нельга было адзначаць рэлігійныя святы і хадзіць у храм, але людзі рабілі гэта, хаваючыся, – у нашым гарадскім пасёлку – касцёл Святых Пятра і Паўла. 

Калі я ўжо жыў  на Астравеччыне, неяк разгаварыўся з тагачасным пробашчам касцёла Святых Космы і Даміяна ксяндзом Алёйзам Тамко­вічам. Ён пацікавіўся маім прозвішчам. А калі пачуў «Карповіч», здзівіўся: «Пэўна, пан не тутэйшы». Святар успомніў, што ў 1964 годзе хрысціў мяне ў Ліпнішках, што на Іўеўшчыне. Пазней я распытаў пра свой хрост у маці – яна пацвердзіла словы ксяндза. 

Сучасныя дзеці маюць усё – іх не здзівіш апельсінамі ці мандарынамі. З братамі мы чакалі Калядаў і Новага года, таму што бацькі, якія працавалі ў спажыўкааперацыі, прыносілі падарункі. Перад святамі мама ездзіла ў Вільнюс за прадуктамі. Прывозіла смачную вэнджаную рыбу розных відаў, цукеркі. 

Ёлку ставілі вечарам напярэдадні куцці. Бацька быў на працы, таму за зялёнай прыгажуняй хтосьці з нас шыбаваў у лес. Елку ўпрыгожвалі ўсе разам – шышкамі, вавёрачкамі, касманаўтамі. Па сёння ў мамы захаваліся прымацаванні да сапраўдных свечак, якія прычаплялі да галінак. Калі быў жывы дзядуля па лініі бацькі, на святы заўсёды збіраліся ў яго хаце – сямёра дзяцей з сем‘ямі. 

На вігілійны стол сена прыносіў бацька. У першы дзень Каляд усе стравы былі посныя. На другі дзень ужо было і мяса. У рускай печы маці пякла булкі – смачнейшых нідзе не каштаваў. 

Цяпер, напрыклад, на куццю на стол у многіх сем’ях  ставяць баранкі, у маім дзяцінстве іх не было. Мама пякла арэшкі. Аплатку на кавалкі разломваў бацька і клаў на талерку, якую перадавалі па крузе. Потым маліліся і сілкаваліся. Апоўначы дарослыя ішлі ў касцёл – дзяцей з сабой не бралі. 

Калі заставалася куцця – пры­праў­леная макам вараная пярлоўка, – яе заносілі ў хлеў і высыпалі па крузе. Казалі, што куры будуць несціся толькі на сваім месцы. 

Да пандэміі і на Каляды, і на Вялікдзень мы едзілі да бацькоў. Ведаю, што сёлета мама абавязкова паставіць ёлку,  побач з ёй фігурку Дзеда Мароза – яе помню з дзяцінства. Праўда, у старога не хапае аднаго пальца – гэта мы з братамі пастараліся. (Усміхаецца.)

…Час ляціць хутка. Нашы дзеці стварылі сем’і і пераехалі ў свае дамы. Яўген летась з роднымі сустракаў свята Божага Нараджэння  ва ўласным доме, мы з жонкай гасцілі ў іх. А ў гэтым годзе і Віталік з сям’ёй будзе адзначаць Каляды ў родных сценах. 

Да сапраўднай веры я прыйшоў у свядомым узросце. Жонка з праваслаўнай сям’і, але прыняла каталіцтва – разам ходзім у касцёл. 

Сёлета Езусу падзякую за дар жыцця, за блізкіх і родных, якія побач са мной. З нараджэннем, Божае Дзіцятка! 

Тарэса Базюк, пенсіянерка, Астравец:

Базюк.jpg


«Каб адчуць сапраўдны смак свята, трэба падрыхтавацца да сустрэчы з Маленькім Езусам».

– Раней куцця была не такой:  пры прыгатаванні посных страў не выкарыстоўвалі ні яйкі, ні малако. Пра маянэз нават не ведалі… Цяпер зайшоў у магазін – і вочы разбягаюцца, былі б грошы – а ў маім дзяцінстве за шчасце была цукерка. 

Я з 1933 года. Нарадзілася і выгадавалася ў Дзірмунах. У бацькоў нас трое было: дзве дзяўчынкі і хлопчык. Ні сястры, ні брата ўжо няма – адна я засталася ў гэтым свеце. Дзякаваць Богу, даў мне дзетак добрых: дачушку Марыну і сыночка Валеру…

Божае нараджэнне лічылася ў нас самым дарагім святам. Завядзёнкі ставіць ёлку ў нашай сям’і не было, галінку апускалі ў слоік з вадой і на яе чаплялі зробленыя з паперы цацкі. Падарункаў таксама ніхто не дарыў: па праўдзе, не было чаго… Аплаткі па вёсках разносіў Ваця з Бадзівалаў – ён паслугаваў ксяндзу ў касцёле. На калядным стале заўсёды быў разведзены кіпенем цёрты мак, стаялі селядзец, грыбы, булкі, клёцкі – усё поснае.

Вечарам ішлі на Пастэрку. Калі ў Варнянах закрылі касцёл, пехатой дабіраліся ў Астравец, – нас не палохалі ні вецер, ні мароз, ні сцюжа. 

Памятаю, як у 9 гадоў, давячыся слязьмі, бы прадчувала, што больш ніколі ў жыцці не ўбачу тату, звязала яму рукавічкі з двума пальцамі… Каб мог страляць. Бацьку ў 45 гадоў забралі на фронт. Мама і прасілася, і малілася, і кленчыла… А ён: «Не галасі, Юзя, я ўжо пажыў, можа, каму з тых дзяцей, што пасылаюць на вайну, жыццё ўратую». Пасля мы даведаліся, што тата загінуў і пахаваны ў брацкай магіле ў Берліне. На кожныя Каляды для яго на стале стаяла пустая талерачка… 

Мама адна нас траіх гадавала, трэба было зямлю апрацоўваць, падаткі плаціць, нас нечым карміць – справілася. Яе наказ ніколі не выракацца Бога я перадала сваім дзецям, а яны – сваім… 

Сёлета буду маліцца і прасіць у Езунькі здароўя – для сябе, дзетак, унукаў і ўсіх людзей. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Алёна Ганулич