У СВК "Варняны" будуць вырошчваць яблыкі

13:20 / 29.11.2011

“Хопіць спадзявацца на знешніх пастаўшчыкоў, надакучыла купляць польскія яблыкі”, – вырашылі працаўнікі СВК “Варняны” і пачалі закладку ўласнага саду.


Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Грымбоўскі, у “Варнянах” закладваецца сучасны прамысловы сад, які будзе складацца галоўным чынам з яблынь позніх, лёжкіх сартоў беларускай селекцыі, прывітых на напаўкарлікавых падвоях. А гэта значыць, што першыя яблыкі паступяць на прылаўкі магазінаў ужо праз тры-чатыры гады.
Саджанцы закуплены ў Шчучынскім занальным інстытуце. Пасадка ідзе пад кіраўніцтвам спецыялістаў гэтага інстытута. З задавальненнем дапамагае варнянцам парадамі вопытнейшы садавод Астравеччыны Часлаў Лабачэўскі.
Пад сад у СВК выдзелена плошча ў 100 гектараў, на якой саджанцы будуць высаджвацца на працягу пяці гадоў – кожны год па 20 гектараў.
Сёння пасадка ў самым разгары. Каб абараніць сад ад грызуноў (і не толькі), будаўнікі абносяць тэрыторыю будучага саду высокай металічнай сеткай, пэўную частку якой заглыбляюць у глебу, каб папярэдзіць пранікненне зайцаў. Пасадка праводзіцца з дапамогай спецыяльнай машыны, якую варнянцам прадаставіў інстытут. Работа спорыцца, і працаўнікі гаспадаркі спадзяюцца, што да наступлення трывалых маразоў яны, у адпаведнасці з планам, паспеюць высадзіць саджанцы на першых дваццаці гектарах.
Не лішнім будзе адзначыць, што на закладку саду з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 500 мільёнаў рублёў.


НА ЗДЫМКУ: гэтыя кволыя на выгляд саджанцы ўжо праз тры-чатыры гады пачастуюць нас сакавітымі смачнымі яблыкамі.


Францішка КРАСКО, фота аўтара.