Тона карпа і амаль пяцьсот кілаграмаў карася запушчаны ў Мальскае вадасховішча

15:36 / 25.11.2011

Некалькі гадоў таму Мальскае вадасховішча ўзяло ў арэнду раённае аддзяленне Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. І каб прыцягнуць на яго берагі рыбакоў-аматараў, мінулай восенню старшыня аддзялення Іван Іванавіч Мушніцкі вырашыў запусціць у вадаём рыбу.


Разлік быў зроблены правільна. Паколькі для членаў БТПР білет на рыбалку каштуе напалову танней, колькасць яго членаў рэзка вырасла: калі да запуску рыбы ў арганізацыі налічвалася 20 рыбаловаў, то цяпер – больш за 150. Дадайце сюды яшчэ і 240 паляўнічых, якія таксама маюць права рыбачыць, і зразумееце: берагі Мальскага вадасховішча сталі для рыбакоў Астравеччыны своеасаблівай мекай. І восем мільёнаў, затрачаныя на набыццё рыбы, вярнуліся ў казну таварыства з прыбыткам.
За год, як лічыць егер Уладзімір Іосіфавіч Свірскі, які сочыць за парадкам на вадаёме і рэалізуе білеты, было вылаўлена 65 – 70 працэнтаў запушчанай рыбы. Таму ўзнікла неабходнасць папоўніць водную “кладавую”. На рахунак Сольскай рыбаводчай гаспадаркі быў пералічаны 21 мільён рублёў – і на мінулым тыдні ў вадасховішча было запушчана паўтары тоны рыбы, па 500-700 грамаў кожная!
Дарэчы, не толькі карася і карпа (побач са звычайным сустракаўся і больш высакародны – люстраны), але і белага амура, і таўсталобіка, якія павінны паспрыяць ачыстцы вады.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.