Выратавальнікі на сувязі

12:11 / 23.11.2011

Для чаго выкарыстоўваюцца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, як стаць выратавальнікам і што будзе, калі раскласці вогнішча на сваім падвор’і – на гэтыя і іншыя пытанні адказаў падчас “прамой лініі” начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзь Іванавіч Калтан.


– Добры дзень. У мяне, так бы мовіць, набалелае пытанне. Ці абавязкова ўстанаўліваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік у сваім доме ці кватэры?


(Жыхар Астраўца)


– Гэтае пытанне з’яўляецца не толькі набалелым, але вельмі актуальным і распаўсюджаным. У час правядзення розных прафілактычных гутарак мы заўсёды звяртаем на гэта ўвагу: устанавіць АПА у сваім жыллі пажадана для сваёй жа бяспекі. Патрабаванні па ўстаноўцы ў доме ці кватэры гэтай прылады ўказаны і ў Правілах пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.


– Калі ў мяне ў адным пакоі ўжо ёсць такі апавяшчальнік, ці трэба ўстанаўліваць яго ў астатніх?
– У адпаведнасці з патрабаваннямі нормаў і правілаў пажарнай бяспекі, аўтаномны пажарны апавяшчальнік павінен быць устаноўлены ў кожным жылым пакоі. Выключэнне складаюць толькі кухня, калідор і падсобныя памяшканні. Паўтаруся: усё гэта патрэбна для бяспекі людзей, якія там пражываюць. Прывяду прыклад. Летам гэтага года ў вёсцы Бабраўнікі здарыўся пажар. Пакой, дзе ўспыхнула полымя, размяшчаўся праз калідор ад таго памяшкання, дзе быў АПА. Дзверы былі зачынены. У выніку на пажары загінулі дзве жанчыны, а апавяшчальнік захаваў жыццё бабулі і яе ўнуку.


– Дома ў мяне ўстаноўлены апавяшчальнік, але ў апошні час ён пачаў пішчаць проста так. Гэта нармальна?


(Астраўчанін)


–Тут усё проста. Калі прыкладна кожныя 30 секунд прылада выдае кароткі гукавы сігнал, гэта сведчыць аб тым, што трэба замяніць батарэйкі.


– Ці можна раскладваць вогнішча на сваім прысядзібным участку? Калі не, то чым гэта караецца?


(Жыхар вёскі Варняны)


– У п.33 “Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” указана, што на тэрыторыі аб’ектаў, непадалёку ад дачных пабудоў і прыватных жылых домаўладанняў раскладванне вогнішчаў не дапускаецца. Аднак дазваляецца спальваць смецце, адходы ці выконваць іншыя работы з прымяненнем агню на адлегласці не менш за 15 метраў ад будынка, абавязкова пры назіранні і ў бязветранае надвор’е.
Што тычыцца пакарання – раскладванне вогнішча ў забароненых месцах караецца папярэджваннем або штрафам у памеры 12 базавых велічынь.


– Мой сын хоча стаць выратавальнікам. Падкажыце, куды яму лепш паступаць і да каго трэба звярнуцца?


(Астраўчанка)


– У нашай структуры ёсць дзве навучальныя ўстановы, дзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта Камандна-інжынерны інстытут у Мінску і Гомельскі інжынерны інстытут. Туды могуць паступаць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 17 да 21 года. Тэрмін стацыянарнага навучання – 4 гады. Вашаму сыну, а таксама ўсім жадаючым трэба звярнуцца да 15 красавіка да нас – у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Напішыце заяву і тут жа, на месцы, вам раскажуць усе астатнія падрабязнасці і нюансы паступлення і прыярытэты будучай прафесіі.
Таксама вучні 6-х класаў могуць паступаць у ліцэй пры Гомельскім інжынерным інстытуце, дзе атрымаюць агульную сярэднюю адукацыю і профільную падрыхтоўку да паступлення ў адпаведныя вну, дзе рыхтуюць спецыялістаў МНС.


– Ці з’яўляецца парушэннем, калі я на некалькі гадзін пакіну дома дзяцей адных, без нагляду дарослых?


(Галіна, в. Гервяты)


– Канешне, з’яўляецца! Згодна арт. 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пакіданне ў небяспецы” за гэта нават прадугледжана крымінальная адказнасць – пазбаўленне волі да трох гадоў. А самае галоўнае – у гэтым выпадку вы рызыкуеце самым каштоўным – жыццём сваіх дзяцей. А гэта ўжо ніякім пакараннем не выправіш.


– Добры дзень. У мяне вось якое пытанне – куды можна здаць сапсаваную люмінесцэнтную лямпу?


– У Астраўцы прыём ад насельніцтва такіх прылад ажыццяўляе цэнтр “Пункт збору ад насельніцтва і захоўвання адходаў, якія ўтрымліваюць ртуць”, які знаходзіцца на базе РУП ЖКГ.
Ад арганізацый вобласці ўтылізацыю такіх лямп ці тэрмометраў на платнай аснове ажыццяўляе “Участак утылізацыі і газавай гаспадаркі” ПТК “Хімвалакно” і ААТ “Гродна Азот”.


Марына МАЦКЕВІЧ.