Жанчына з загартаваным характарам і добрай душой

12:47 / 03.12.2020
Жанчына з моцным унутраным стрыжнем, загартаваным характарам, добрай чулай душой і цікавымі захапленнямі – так можна апісаць Таццяну Ляшкевіч з Больнікаў. Каля 2 гадоў назад свет у яе вачах стаў губляць сваю выразнасць, пераўтвараючыся ў размытыя шэрыя плямы. Дыягназ урачоў пасля ўсіх абследванняў быў несуцяшальным – зрок не вернецца. Інваліднасць І групы, перакрэсленыя планы, жыццё навобмацак – усё гэта, безумоўна, моцна пахіснула жанчыну, але не зламала. І ў яе вачах па-ранейнаму гараць агеньчыкі цікаўнасці і прагі да жыцця.

Чым загартоўваецца чалавек? Адны з дзяцінства абліваюцца халоднай вадой, другія захапляюцца спортам, трэція правільна харчуюцца. Таццяна Іванаўна нарадзілася на хутары Патока, што ў кямелішкаўскай зоне, і з дзяцінства зараджалася энергетыкай навакольных маляўнічых мясцін, працай па гаспадарцы і спазнаннем таго, што цікавіла яе няўрымслівую натуру.

2.jpg

Ігар і Таццяна Ляшкевічы


– Хараство нашага хутара немагчыма апісаць, яго трэба бачыць, – дзеліцца ўспамінамі жанчына. – Мы з братамі з маленства былі прывучаны да працы на зямлі і догляду за хатняй жывёлай. Нават і думкі не ўзнікала, што можа быць па-іншаму – разумелі, што бацькам трэба дапамагчы. Яны хацелі для нас лепшай долі, а да бліжэйшай школы было больш за 15 кіламетраў. Таму, калі мы падраслі, а ў сям’і было трое дзяцей, бацькі пераехалі ў літоўскую вёску Масцішкі – гэта 50 кіламетраў ад Вільнюса. Там мы і жылі да перабудовы. Падчас распаду Савецкага Саюза тата не захацеў прымаць літоўскае грамадзянства, яго скарацілі на працы і наша сям’я зноў вярнулася на хутар. Што тычыцца мяне, то ранняе  замужжа не прынесла шчасця, але падарыла найвялікшую каштоўнасць – дачушку Юляшу, з якой мы пасля таксама пераехалі ў Патоку.

Што робіць чалавека моцным? Не дужым фізічна, а вытрыманым і стойкім да выпрабаванняў лёсу? Адны наведваюць псіха­тэрапеўта, другія паглынаюцца ў вучэнні філосафаў ды мудрацоў, а трэція назапашваюць вопыт, набіваючы гузы і пераадольваючы цяжкасці. 

Калі дачка падрасла, Таццяна Іванаўна, як некалі яе бацькі, вырашыла перабрацца ў вёску. Пераезд у Рытань аказаўся лёсавызначальным – тут жанчына пазнаё­мілася з Ігарам са Століншчыны, які быў у камандзіроўцы – яны разам па­крочылі далей па жыцці. Рытань, Віш­нева, Варняны, Больнікі – Ляшкевічы не баяліся работы і пераездаў. Галоўнае, што яны былі разам: ён, яна, Юля. 

– Хвароба даўно пасялілася ў нашым доме, – уздыхаючы, працягвае жанчына. – Мама з маладосці пакутуе на астму, мае інваліднасць ІІ групы. А пасля занядужыў і тата – доўга змагаўся, але не перамог. Таму я даўно ўмею рабіць уколы, сёе-тое ведаю па ахове здароўя – у сітуацыі безвыходнасці і не такому навучышся, а медыцына мяне заўсёды цікавіла. Магчыма, калі б былі іншыя жыццёвыя абставіны, паступіла б у медвучылішча. Аднак склалася так, як склалася… Як таты не стала, мы забралі маму. У той час жылі ў Вішневе, я працавала вядучым заатэхнікам на комплексе па дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Работа і калектыў падабаліся  – напэўна, гэта адбітак дзяцінства, праведзенага сярод хатніх гадаванцаў. Памятаю, калі звальнялася, некаторыя работнікі нават плакалі. Пераязджаць не хацелася, але ўзніклі праблемы з жыллём – давялося зноў шукаць прытулак і працу.

Маміна знаёмая параіла звярнуцца да тагачаснага старшыні варнянскага калгаса Уладзіслава Рука. Вось жа мудры кіраўнік быў, а галоўнае – спагадлівы чалавек. Ён адразу адгукнуўся і ў разгар жніва выдзеліў машыну, каб мы пераехалі. І хату нам далі: спачатку ў Варнянах, затым у Больніках.

Так і жылі: Юля падрастала, мама побач, мы з мужам у калгасе працавалі. Была даяркай, вартаўніком, малаказборшчыцай – не пералічыць. Пасля звальнення некалькі гадоў нават сацыяльным работнікам працавала – мела трох падапечных, адзін дзядок асабліва хворы – пасля аварыі паралізаваны. У той час я і падумаць не магла, што праз некалькі гадоў і Юляшы давядзецца даглядаць мяне…

Што робіць чалавека шчаслі­вым? Адных – блізкія людзі і цікавая работа. Другіх – прыгожы аўтамабіль, шыкоўныя ўборы і кругленькі рахунак у банку. Трэціх – падарожжы ў экзатычныя краіны і цёплыя абдымкі мора. Для Таццяны Іванаўны галоўнае, каб былі здаровымі яе родныя. А яшчэ яе робяць шчаслівымі захапленні.

Медыцына. Жанчына вельмі любіла чытаць – і калі ў кругаверці хатніх спраў выдавалася вольная хвіліна, яна тут жа брала ў рукі кнігу. Толькі папулярным раманам ці дэтэктывам Таццяна аддавала перавагу дапаможнікам па медыцыне, асабліва цікавілі артыкулы пра лекавыя травы. 

– Падабалася мне гэта, – усміхаючыся, тлумачыць жанчына. – Бацькі хварэлі, трэба было ведаць якую таблетку і калі даць, як укол правільна зрабіць. Ды і чаму б не навучыцца аказваць першую дапамогу – у жыцці ўсё спатрэбіцца можа. А  лекавыя расліны – дык гэта наогул мая слабасць. Так цікава ведаць, ад чаго якая травінка дапамагчы можа.

– Ды мама сколькіх людзей выратавала, – умешваецца ў размову дачка Таццяны Іванаўны. – Раскажы, як ты вадзіцеля адкачала!

– Ну, была справа, – сціпла працягвае рас­повед жанчына. – Нешта рабілі з мужам у двары, а праз дарогу на абочыне машына стаяла. Ля аўтамабіля людзі збіраліся. Пайшлі мы з Ігарам. Паглядзела, а мужчыну кідала вельмі – усе сімптомы, што ў яго дыябет і ўзровень цукра скокнуў. Скамандавала, што ды як рабіць – потым урачы з «хуткай» сказалі, што ўсё правільна. Пра падобны выпадак у кнізе прачытала.

Кулінарыя. Акрамя літаратуры па медыцыне, Таццяна Ляшкевіч не з меншым захапленнем спачатку знаходзіла новыя рэцэпты, а затым гатавала. Расказваючы пра маміны стравы Юля і зараз слінкі глытае, а на пытанне, што ж было самым-самым, не раздумваючы, адказала: «У мамы ўсё было неверагодна смачным».

Кветкі. Пакаёвыя, вулічныя, палявыя – без розніцы. Калі размова ідзе пра іх, на твары жанчыны з’яўляецца ўсмешка і ўся яна быццам пачынае свяціцца знутры.

– Як можна не любіць кветкі – гэта ж цуд прыроды, – шчыра здзіўляецца Таццяна Іванаўна. – Яны жывыя, а ўсё жывое любіць пяшчоту і клопат. Кветак у мяне шмат. Асаблівую слабасць маю да хрызантэм – іх не трэба бачыць, іх можна адчуваць рукамі і яны доўга жывуць. 

Пудзіла жывёл. У пакоі, дзе мы раз­маў­лялі, утульна размясціўшыся на прыгожых рагах, на нас паглядалі 2 куніцы. Аказваецца, і гэта – справа рук Таццяны Іванаўны. У свой час жанчына захаплялася вырабам пудзіл.

3.jpg

– Мне было цікава, як гэта робіцца, вось і вырашыла паспрабаваць, – гаворыць субяседніца. – Першы блін аказаўся напалову комам, а далей справа лепш пай­шла. Матэрыял мне паляўнічыя падкідвалі. Каўняры з лісы таксама рабіла. Галоўны матыватар – цікаўнасць. Ды і не прывыкла я без справы сядзець, дык чаму б нешта арыгінальнае не паспрабаваць?

Рэчаў, зробленых рукамі гаспадароў, у доме і на панадворку Ляшкевічаў нямала – акрамя Таццяны, майстраваць любіць і яе муж. А яшчэ Ігар нераўнадушны да эксперыментаў у садаводстве і ў іх ёсць  нямала экзатычных дрэў.

Што дае сілы чалавеку, які спа­тык­нуўся, ісці далей? Адны чэрпаюць іх у веры, другіх штурхаюць злосць і крыўда, трэція так і не могуць падняцца. Даведаўшыся пра хваробу вачэй, Таццяна да апошняга не губляла надзеі і змагалася. Калі ж прысуд быў канчатковы, не зламацца дапамаглі блізкія людзі.

– Яны ў мяне такія: муж, дачка, зяць – энергічныя, працавітыя, дружныя, – расказвае жанчына. – Дзякуй Богу, мама жыве непадалёк і брат. Гэта мае самыя-самыя  блізкія і любімыя людзі. Яны падтрымалі, калі было невыносна боязна і балюча, за што вельмі ўдзячная, яны сэнс майго жыцця. Юля час ад часу кажа – маўляў, усё добра будзе, мамачка, мы ўладкаваныя, не хвалюйся і чакай унукаў. Яны ж мне па чарзе кнігі і газеты чытаюць – і «Астравецкую» таксама. Глаўкома з’ела мой зрок, але не цікаўнасць да жыцця. А едзем куды – дык апісваюць, якія краявіды за акном. Заплюшчу вочы і ўяўляю: вось дарога, поле, лес. Маніць не буду – вельмі страшна, калі шэры цень увесь свет засцілае, але, напэўна, больш жудасна застацца адной. А ўсім, хто аказаўся ў падобнай ці яшчэ горшай сітуацыі за мяне, хачу параіць: ніколі не апускайце рукі і змагайцеся да апошняга. Старайцеся быць аптымістам – я ведаю, гэта складана. Аднак мы ўсе ходзім пад Богам – ён не намі прыдуманы і не нам ад яго адракацца, нават калі здаецца, што неба абрынулася і выйсця няма. Усявышні ведае, што робіць, значыць, трэба набрацца сіл і ісці далей. І няважна, хто мы ці які статус маем, у першую чаргу мы – людзі. Здароўя ўсім, цярпення і дабрыні.

Вяртаючыся пасля інтэрв'ю дадому, мне чамусьці ўспом­нілася сцэна з культавай расійскай кіна­стужкі, дзе герой Сяргей Бадрова задае рытарычнае пытанне: «У чым сіла, брат?» Пасля знаёмства з Таццянай Ляш­кевіч, зразумела, што, акрамя праўды, сіла заключаецца ў простых, але такіх каштоўных рэчах: уменні чуць не толькі вушамі, бачыць не толькі вачыма, адчуваць не толькі скурай. І самае галоўнае – у шчырых надзейных людзях, што ніколі не здрадзяць  і будуць з табой да канца. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

  

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: