Лепшая даярка раёна працуе на ферме «Ліпнішкі» КСУП «Гудагай»

10:07 / 21.11.2020
Пераможны вынік у раёне сярод аператараў малочна-таварных ферм сёлета ізноў паказала даярка МТФ «Ліпнішкі» КСУП «Гудагай» – на гэты раз Яніна Мядэйша, якая ад каровы надаіла 6 655 кілаграмаў малака. 

Яніна, хоць і ў адпачынку, але згадзілася на размову: сустракаемся на ферме. Накіроўваемся з лепшай даяркай раёна ў малочную залу – Яніна тут жа пачынае перабіраць прабіркі на стале.

2.jpg


– Хоць адказны чалавек падмяняе мяне, але ўсё ж душа не на месцы. Гляджу, якія каровы пасля мастыту вернуцца ў асноўныя групы, хворых доім асобна – гэта непарушнае правіла. З маіх адна – Золушка. Кожную карову ведаю па мянушцы і па характары, – пераглядваючы колбачкі, гаворыць аператар машыннага даення. –  У «Ліпнішках» усе добра працуюць, нашы даяркі неаднаразова перамагалі на вобласці і ў раёне. Ніякага сакрэту вялікага малака няма, як пашанцуе: многае залежыць ад колькасці ацёлаў каровы. 

Хуткая, імклівая і экспрэсіўная Яніна, у адрозненне ад сваіх аднагодак, якія скрозь марылі стаць настаўніцамі, хацела працаваць вадзіцелем тралейбуса.

– Тэхніка вабіла з дзяцінства, –  прызнаецца жанчына. – Нас у бацькоў тры дзяўчынкі, я – сярэдняя. Відаць, тату была «за сына»: разам заворвалі соткі, сенавалі і на гэтай ферме яму дапамагала – бацька быў жывёлаводам. Маці працавала тут загадчыцай. А ў перадавіках была мая цётка Яніна Казюлевіч. 

У астравецкай школе Яніна атрымала пасведчанне трактарыста і прыйшла працаваць у калгас «Чырвоны Кастрычнік».

– Пачынала шафёрам пры Рынкевічы, а пасля замужжа пайшла ў цялятніцы, – расказвае жанчына. – З мужам амаль 30 гадоў. Ён таксама працаваў у калгасе, у апошнія гады  водзіць лесавоз. Трымаем свіней, курэй, 3 сабакі на падворку ёсць. Раней каровы і цялушкі былі.

Па словах жанчыны, у іх сям’і «руліць» у прамым сэнсе гэтага слова, Яніна: у Мядэйшаў ёсць 2 машыны і скутар. 

– Апошнюю, «Сцэнік», ці, як я яе называю «неўдалоціца», купілі нядаўна – першая машына патрабавала грунтоўнай «пачынкі», а ў хаце развярнулі глабальны рамонт: матэрыялы, сантэхніку трэба прывозіць, – працягвае Яніна. – Нічога, справіліся – цяпер усе выгоды дома! Галоўнае не ленавацца, а працаваць, на ўсё можна зарабіць. Нам з мужам ніхто не дапамагаў, бацькі рана пазміралі. Памятаю канец 90-х.  Выжыць было цяжка, ратавала хатняя гаспадарка. Каб траіх дзяцей сабраць у школу, прадалі карову, – лішку грошай хапіла, каб набыць веласіпед – малых трэба было вазіць у Астравец. Цэны былі касмічнымі! Цяпер людзі жаляцца, што дрэнна жыць, – а ледзь не ля кожнай хаты стаіць па машыне. 

– Зарплата на ферме «Ліпнішкі» – грэх скардзіцца, – працягвае даяр­ка. – У маёй групе крыху больш за 50 галоў. Даглядаем і цялятак. Хоць і ў адпачынку, а ўсё думаю і перажываю: як тут кароўкі без мяне? – на развітанне гаворыць лепшая даярка раёна.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич