Жыццёвая гісторыя: Каб не любіў – забіў бы!

10:56 / 13.11.2020
Разные житейские истории – веселые и грустные, поучительные и «ни о чем» – вы можете присылать нам на обычную (Островец, ул. Энгельса, 2А) или электронную ostrov_red@tut.by почту, воспользовавшись баннером «Предложить новость» на главной странице сайта ostrovets.by в правом нижнем углу или оставив сообщение в группах «Островецкой правды» в социальных сетях.

Ваши истории будут опубликованы на сайте газеты и в социальных сетях, а лучше – напечатаны на страницах «Островецкой правды».

1.jpg

Жыццё Тарэса з Андрэем пражылі душа ў душу: любілі, шкадавалі адно аднаго.  Ён на сябе заўсёды стараўся цяжэйшую работу ўзяць, яна яму – лепшы кавалак пакласці.

Але за доўгія гады і ў іх здаралася ўсялякае, нездарма ж кажуць, што жыццё пражыць – не поле перайсці. Успомніць хоць бы, як Тарэса, дачка шчырых католікаў, сабралася замуж за «ўсходніка» – о, што ў хаце тады было! І прасіліся бацькі, і гразіліся адрачыся ад сваявольніцы. Ды дачка круты нораў мела, сказала як адрэзала: ці за яго – ці ні за каго, лепш у вір галавой! Адпусціліся бацькі, спадзяваліся, што ненадоўга ў дзяўчыны той шал кахання. Але ў дзень вяселля, калі ўжо сталы стаялі накрытыя і маладая ў вэлюме чакала жаніха, маці, згледзеўшы чорную хмару, радасна пляснула ў далоні:

– А божухна, якая навальніца находзіць! Мо, дасць Бог, спалохаецца, не прыедзе…

Андрэй быў мужыком працавітым, добрым, памяркоўным, і цесць з це­шчай хутка прызналі яго за сына: дапамагаў ва ўсім, шанаваў старых, а галоўнае – дачушка была за ім шчаслівай. А што яшчэ бацькам трэба?

Праўда, меў мужык адну слабасць: любіў пасядзець з сябрамі за чаркай. Каторы раз і лішняга сабе дазваляў. Не часта, але ж здаралася…


…Неяк прыбегла да Тарэсы суседка:

– Слухай, што рабіць? Твой з маім захалтурылі слоік самагонкі, уселіся ў нас на кухні – і не разагнаць! Калі яны тую самагонку адолеюць, то заўтра не паўстаюць! А трэба ж на работу – і твайму, і майму. Як яны за руль сядуць?

Тарэса да трох ніколі не лічыла: усхапілася і пабегла да суседкі. І праўда: сядзяць мужыкі, на стале гарэлка, сала, агуркі… Жанчына, не доўга думаючы, схапіла недапіты слоік і перакуліла мужу на галаву – той ледзь не захлынуўся ад нечаканасці. І не чакаючы, што будзе далей, рванула дахаты.

А сусед, калі Андрэй трохі дайшоў да памяці, стаў пад’юджваць сябра:

– Але ж і жонка! Ох, распусціў ты яе… Забылася, чым мужчынскі кулак пахне? Мая такога не зрабіла б, а калі асмелілася б, то і дня не пражыла б…

Слухаў Андрэй сябра – і пагаджаўся: мусіць, і праўда распусціў...

– Я яе ніколі ў жыцці пальцам не крануў, – прызнаўся сябру. – Але зараз вось пайду – і заб’ю! – сказаў рашуча. І, хістаючыся, рушыў дахаты.

Тарэса ўжо і сама зразумела, што пагарачылася, таму зачынілася ў спальні і зрабіла выгляд, што спіць. А муж прыйшоў, сеў у крэсла і… стаў плакаць.

– Ты мяне так зняважыла… Перад чужымі людзьмі, перад сяб­рам. Мяне мамка ніколі ў жыцці так не прыніжала, нават калі я малы шкоду рабіў, а ты… Я ж цябе люблю, ні разочку рукі на цябе не падняў, а ты… Як мне заўтра на работу ісці, як мужыкам у вочы глядзець? Засмяюць жа…

Доўга ён так «маліўся». Урэшце падняўся, падышоў да жонкі:

– Слухай, давай я дам табе ў морду – дый пайду спаць…

Тамара РАБІНКІНА



Текст: Главный администратор