42 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:13 / 06.11.2020
Не, не атрымалася і ў гэтым туры інтрыгі. Хоць і лічылі мы, што падабралі досыць складанае заданне, практычна ўсе нашы канкурсанты паспяхова з ім справіліся: пазналі на здымку геадэзічны пункт «Конрады» Дугі Струвэ і расказалі і пра саму Дугу, і пра Васіля Струвэ, і пра многія іншыя цікавыя падрабязнасці гэтай сусветнай славутасці.

1.jpg


У спісе гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА Беларусь прадстаўлена Белавежскай пушчай, Мірскім замкам, архітэктурна-культурным комплексам Радзівілаў у Нясвіжы і Дугой Струвэ. Калі тры першыя аб’екты надзвычай папулярныя ў турыстаў з нашай краіны і замежжа, то апошні вядомы мала. Між тым, гэты геадэзічны помнік сусветнага значэння праходзіць праз 10 краін Еўропы, у тым ліку і Беларусь, а два яго пункты знаходзяцца на Астравеччыне, паблізу вёсак Кандраты і Некрашуны.

З 1816 па 1852 год пад кіраўніцтвам вядомага расійскага астранома Васіля  Струвэ было праведзена маштабнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыянаў працягласцю 25 градусаў 20 хвілін, або 2 880 кіламетраў. На той час яно з’яўлялася самым буйным у свеце даследаваннем формы і дакладных памераў Зямлі.

Дуга Струвэ пачынаецца з пунк­та «Фугленес» на беразе Ледавітага акіяна і доўжыцца да пункта «Старая Някрасаўка» ў вусці Дуная на беразе Чорнага мора. На гэтым прамежку закладзены 265 геадэзічных пунктаў, над якімі былі пабудаваны «сігналы» – трывалыя вышкі для правядзення назіранняў.


На тэрыторыі Беларусі ў першай палове 19-га стагоддзя закладзены 31 геадэзічны пункт Дугі Струвэ. Самы «растыражыраваны» – «Тупішкі» каля старажытных Гальшан у суседнім Ашмянскім раёне. 

Астравецкі пункт «Конрады» мае некалькі каштоўных адметнасцяў. Напачатку 21 стагоддзя менавіта ад яго пачалося аднаўленне месца размяшчэння ўсіх астатніх пунктаў Дугі Струвэ на Беларусі. Яго месцазнахо­джанне першапачаткова пазначалася: Віленскі павет, паблізу засценка Камароўшчына.

Потым яго «прывязалі» да паселішча Конрады, якія сёння вядомы як Кандраты ў Гудагайскім сельскім Савеце.

У 2014 годзе мясцовыя краязнаўцы Алесь Юркойць і Дзмітрый Дамарад знайшлі гэты пункт Дугі Струвэ паблізу ўжо апусцелых Кандратоў – пра гэта пісала «Астравецкая праўда». Ён знаходзіцца на высокім пагорку пад трайной металічнай вежай-«матрошкай». А ў 2015 годзе усё той жа няўрымслівы Дзмітрый Дамарад адшукаў яшчэ адзін пункт Дугі Струвэ на Астравеччыне паблізу вёскі Некрашуны

Знешне геадэзічны пункт уяўляе  сабой каменны бетонны куб памерам 2х2 метры з выбітым адметным крыжам. 

Правільныя адказы на пытанне далі Кацярына Вараб’ёва – 1 бал, Андрэй Ваўчок – 2, Вікторыя Іванцэвіч, Жанна Волк-Леановіч, Алег Драган, Алена Памецька, Ганна Мілашэвіч, Марына Кімса – па 4 балы.

Змяненняў у тройку лідараў і гэты тур не прынёс: Алег Драган – 142 балы, Марына Кімса – 140, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – па 136.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик