Чаму Маргарыта Кісялевіч вырашыла працаваць у вясковай школе?

09:53 / 03.11.2020
За плячыма  ў маладога спецыяліста Кямелішкаўскага НПК, настаўніцы працоўнага навучання  і выяўленчага мастацтва Маргарыты Кісялевіч толькі 2 месяцы працы, але яна ўжо верыць, што гэты аграгарадок стане для яе другім домам.

1.jpg


– Нарадзілася я ў Смаргоні, але потым мы пераехалі ў вёс­ку Нарутавічы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, таму, калі па размеркаванні пры­ехала ў Астравецкі аддзел адукацыі, папрасіла накіраваць мяне ў вясковую школу. Так трапіла ў Кямелішкі, – расказвае малады спецыяліст.

У Кямелішкаўскім НПК дзяўчыну сустрэлі з радасцю – кваліфікаванага настаўніка працоўнага навучання тут не было.

– Я са школы марыла быць настаўніцай, адначасова хацелася што-небудзь ствараць і вучыць гэтаму дзяцей, таму мэтанакіравана вырашыла паступаць у Ваўкавыскі педагагічны каледж. Тут, акрамя педагагічнай спецыяль­насці, можна было дадаткова атрымаць прафесію швачкі. Да таго ж мы наведвалі шэраг курсаў – і я з радасцю буду вучыць дзяўчат усяму, што ўмею сама, – усміхаецца Маргарыта Аляксандраўна і абдымае сваіх пяцікласніц.

Сваіх, таму што ў пятым класе маладая настаўніца яшчэ і класны кіраўнік. І цяпер, акрамя падрыхтоўкі да ўрокаў, Маргарыта Аляксандраўна на­ведвае сем’і вучняў, каб па­знаёміцца з іх бацькамі, зразумець, чым яны цікавяцца і чым малады педагог зможа ім дапамагчы.

3.jpg


– Усюды мяне прымалі з радасцю, расказвалі пра сем’і, «сыночкаў-дачушак», абяцалі таксама дапамагаць у выхаванні і арганізацыі мерапрыемстваў, калі гэта спатрэбіцца. Упэўнена, што так і будзе! – гаворыць класны кіраўнік.

А ў падрыхтоўцы да ўро­каў і вядзенні неабходнай да­кументацыі маладому спе­цыялісту дапамагаюць адмі­ністрацыя і старэйшыя калегі.

– Мне сапраўды пашанцавала. Усе, да каго б я ні звярталася, падказваюць, расказваюць, даюць парады – хочацца верыць, што ў мяне ўсё будзе добра, – разважае малады спецыяліст.

Дзень Маргарыты Аляксанд­раўны распісаны літаральна па хвілінах, аднак на гэта яна не наракае, наадварот, удзячна лёсу, што ён так склаўся.

– У аграгарадок я прыехала загадзя, сустрэлася з дырэктарам, расказала пра сябе, прадставіла свае дакументы. Дырэктар школы Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч паабяцаў дапамагчы з пошукам жылля. У наступны мой прыезд я ўжо засялілася ў пакой – жыву ў цудоўнай жанчыны, мы знайшлі з ёй агульную мову, – расказвае Маргарыта Кісялевіч.

Малады педагог не загадвае, што будзе надалей. Адназначна, ёй хацелася б атрымаць вышэйшую адукацыю па сваёй прафесіі.

– Мару паступіць на завочнае аддзяленне, каб адначасова працаваць у школе і вучыцца ў вну. І калі ўсё складзецца, то застануся ў Кямелішках – мне тут вельмі спадабалася, – гаворыць малады спецыяліст.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич