Таццяна Галяк: не маці і не мачыха

10:12 / 18.10.2020
Нядаўна, у Дзень маці, мацяркі нашай краіны прымалі віншаванні з самым галоўным сваім святам. У іх ліку – і Таццяна Францаўна Галяк. Патэлефанавала з Літвы дачушка Ірына – сумуюць і яна, і маці: з вясны, з пачатку ковідаўскай пандэміі, не бачыліся… І Галіна са Смаргоні набрала знаёмы нумар, сказала добрыя словы. Гена – той бліжэй, часцей прыязджае ў Палушы з жонкай – Леначка, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, Францаўне як сяброўка. 

А вечарам, калі віншаванні закончыліся,  каля цёпла напаленай печкі яна ў каторы ўжо раз узялася перабіраць паштоўкі ды старыя фотаздымкі – і ўспамінаць… І, як ні старалася трымацца, здрадніца-сляза зноў праклала  вільготную сцежку на шчацэ… Хоць не адчувае Таццяна Францаўна сябе ні пакінутай, ні забытай, але ж… Не так яны раней сустракалі святы, не пра тое марылі некалі з мужам… 

…Таня і Франц Махневічы – мясцовыя: яна – з Палушаў, ён – з хутара непадалёк ад вёскі. Знаёмы былі з маленства, тут выраслі, тут палюбіліся і шлюбам пабраліся. Франук працаваў у аўтабазе, Таня – на месцы, у саўгаснай канторы. Гадавалі дваіх дзетак: Ірынка старэйшая, Віталік малодшы. Жылі добра, шанавалі, шкадавалі адзін аднаго. 

Ды нядоўгім было іх сямейнае шчасце, крыху больш за 10 гадоў: муж загінуў, пакінуўшы Таццяну ўдавой з двума малымі дзецьмі на руках…
…Смаргонскі хлопец Антон Галяк прыехаў на Астравеччыну ў другой палове 60-х гадоў пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі – гэта быў адзін з першых аграномаў у раёне з акадэмічнай адукацыяй. Напачатку маладога спецыяліста разам з жонкай Лідзіяй, выпускніцай Гродзенскага заатэхнічнага тэхнікума, накіравалі ў Страчанку, у калгас «Ясная паляна». Там нарадзіўся іх першынец Генадзь, а праз 11 месяцаў – дачушка Галіна. Неўзабаве Антона Іванавіча вылучылі на павышэнне: ён узначаліў калгас у Дрэвяніках. А пазней, калі навакольныя вёскі аб’ядналі ў саўгас імя Мічурына, Галяка прызначылі дырэктарам узбуйненай гаспадаркі.

1.jpg

Генадзь Галяк і яго «другая» мама Таццяна Францаўна



Даўно тое было, але ветэраны сельгасвытворчасці, былыя работнікі саўгаса і сёння з цеп­лынёй успамінаюць Антона Галяка. Чалавекам ён быў добрым, заўсёды помніў  бацькоўскі наказ: «Як бы ні склалася твая кар’ера, а людзей не крыўдзі». І ён стараўся па-чалавечы адносіцца да падначаленых – часам нават ва ўрон вытворчасці. 

– Я ўжо дарослым быў, калі нехта з вяскоўцаў, успамінаючы бацьку, расказаў, як папрасіў у яго дазволу ўзяць з саўгаснага поля воз буракоў – не было чым жывёлу карміць, – расказвае Генадзь. – Бацька дазволіў. Але ж мужык той прывёз на панадворак не адзін воз, а ўсе тры. А ўслед і дырэктар у двор прыехаў. Паглядзеў з дакорам на тыя буракі, на гаспадара – і, ні слова не сказаўшы, паехаў. «І так мне сорамна стала,  – успамінаў потым той чалавек, – што я два вазы, што ўзяў звыш дазволенага, адвёз назад».

 Жарты Галяка, трапныя выслоўі, якія ўжо сталі часткай астравецкага фальклору, многія ўспрымаюць як анекдот. А між тым, гэта было на самой справе – у прыватнасці, гісторыя, калі ў Галяка на бюро райкама партыі спыталі, колькі ён залажыў і колькі яшчэ зможа – маючы на ўвазе сілас. А ён, думаючы пра другое, шчыра адказаў, што 100 ужо залажыў і столькі ж сёння здолее. Ці як мічурынскі дырэктар прадаў нарыхтоўшчыкам грыбы на корані або авечкі галяком. 

Ён быў добрым, вясёлым, прыстойным чалавекам – гэта адзначаюць усе, хто ведаў Антона Іванавіча. І таксама, як і Таццяна Францаўна, не вельмі шчаслівым: яго маладая жонка, аднойчы заснуўшы вечарам, ранкам не прачнулася – сэрца.

…Цяжка жанчыне адной гадаваць дзяцей – і ўдвая ці не ўтрая цяжэй мужчыну быць і бацькам, і маці. Ды яшчэ калі мужчына гэты – кіраўнік, гэта значыць – ад світання да змяркання на рабоце, а калі пасяўная ці ўборачная, то нікога не хвалюе тваё сямейнае становішча і ці накормлены твае дзеці.
На дапамогу сыну прыехала са Смаргоншчыны маці са сваёй кароўкай: трэба ж было некаму гадаваць-карміць-абмываць малых. На плечы бабулі, якой было ўжо пад 70, звалілася нялёгкая ноша: гэта ж не сённяшнія пральныя машыны-аўтаматы, цэнтральная ацяпленне  і вада з крана. А тады ўсё рукамі, усё праз пуп…

– Маці я амаль не памятаю, – успамінае сын Антона Іванавіча Генадзь. – Ды і бацьку, бывала, тыднямі не бачыў: часта здаралася, што ён ішоў на работу, калі мы яшчэ спалі, а вяртаўся, калі мы з сястрой ужо бачылі трэці сон. 

– Але не скажу, што я ад гэтага пакутаваў, – шчыра прызнаецца Генадзь Антонавіч. – З маленства прывык быць у адказе за сябе. У нас з сястрой, як і ва ўсіх вясковых дзяцей, былі пэўныя абавязкі: дроў нанасіць, печкі распаліць, карову з пашы сустрэць… Увесь астатні час я быў прадастаўлены сам сабе.  А з другога боку, і скардзіцца, калі пакрыўдзілі, таксама не было каму. Па шчырасці, мне гэта нават падабалася: у дзяцінстве я шмат чытаў, прычым  выбіраў кнігі не па ўзросце – дарослыя, разумныя, знаходзіў іншыя заняткі па душы. А патрэбы да некага прылашчыцца, паскардзіцца, параіцца ў мяне не ўзнікала – мо, таму, што я не ведаў, што так можна. Гэта, напэўна, наклала адбітак і на ўсё далейшае жыццё: я і сёння раюся найперш з сабой – калі што не так, няма на каго наракаць, каго вінаваціць.

Некалькі гадоў Антон Іванавіч сам, з дапамогай старэнькай маці, гадаваў дзяцей. А калі аўдавела яго сакратар-машыністка Таццяна Францаўна, вырашыў пасватацца да яе. Бачыў, што душа ў жанчыны добрая, дый гора яна зведала – а яно робіць людзей больш спагадлівымі да чужой бяды. У яе двое дзяцей, у яго – таксама, Ірына з Генам нават у адзін клас ходзяць – мо, памірацца, пасяб­руюць? 

Аднойчы бацька сказаў дзецям: «Сёння ў госці паедзем». І прывёз іх да Таццяны – пагля­дзець, ці стануць дзеці разам гуляць, ці не будуць сварыцца і біцца. Малым новая кампанія спадабалася – разгуляліся так, што ўвечары іх было не развесці па хатах. І гэта канчаткова вырашыла ўсе сумненні бацькоў.

Малодшы Таццянін сын Віталік адразу прыняў Антона Іванавіча, стаў зваць яго татам – і найлепшай узнагародай для малога было, калі бацька браў яго катацца па палях: хлапчук з дзяцінства цягнуўся да тэхнікі.   

4.jpg

Антон і Лідзія Галякі з дзецьмі



– Я не прымушала Антонавых дзяцей зваць мяне мамай – разу­мела, што цяжка ім, – расказвае Таццяна Францаўна. – Ды і Ліду я добра ведала – харошая жанчына была. Як жа можна? Хай яны сваю маці памятаюць, а я буду цёцяй Таняй, мне не крыўдна – так для сябе вырашыла.

А вось свякроўку новая сынава жонка па вясковай завядзёнцы стала зваць мамай з першага дня. 

Толькі нядоўга бабуля жыла з імі – неўзабаве мудрая жанчына стала прасіцца:

– Дзеці, я ўжо бачу, што вы і без мяне спраўляецеся. А я так хачу дамоў – у сваю вёску, у сваю хатку, да сваіх людзей…

Адно што папрасіла: 

– Ці дадзіце вы мне кароўку?

– Ды хоць дзве! – засмяялася нявестка. – Абы вы мелі здароўе яе даглядаць.

Дахаты, на зайздрасць аднавяскоўцам, бабуля вярнулася з «пасагам»…

Сям’я, што раптам павялічылася ў два разы, стала жыць у двух кватэрах першага васьмікватэрнага дома ў Палушах.

– Ніякага дыскамфорту я не адчуваў, – узгадвае дзяцінства Генадзь Антонавіч. – Мо, каб мы перайшлі да іх ці яны да нас, былі б нейкія крыўды: хто чыю тэрыторыю заняў. А так кожнаму знайшлося месца.

Гена з Ірынай вучыліся ў адным класе – часта здаралася, што па дарозе з Гудагая ўмудраліся і пасварыцца, і пабіцца. Але жаліцца бацькам звычкі не мелі, ведалі, што ў выпадку чаго прачуханца атрымаюць аднолькавага. 

– У дзяцінстве я не адчуваў сябе сіратой, – прызнаецца Генадзь Антонавіч. – Таццяна Францаўна – добрая жанчына, мы з сястрой не былі пакрыўджанымі, абдзеленымі. Мне здаецца, што і Ірына з Віталікам – таксама.

…Здавалася, лёс, з маладосці пабіўшы гэтых мужчыну і жанчыну ды іх дзяцей, паслаў ім нарэшце простае сямейнае шчасце, радасць і спакой. І тое, што Антон Іванавіч неўзабаве стаў працаваць не дырэктарам саўгаса, а яго намеснікам, хутчэй радавала, чым засмучала: менш клопатаў, адказнасці, правяраючых, кожнага з якіх трэба прывеціць…

– Вось пайду на пенсію – перабяромся з кватэры ў дом. Я пчол завяду – даўно хачу, ды цяпер няма часу імі займацца. Дзяцей спарадкуем, вывучым, пажэнім, яны будуць у госці да нас прыязджаць, унукаў на лета прывозіць,  – часта дзяліўся марамі з жонкай Антон Галяк.

Антон Іванавіч адзначыў 50-годдзе. Дзеці паціху выходзілі на свае жыццёвыя шляхі. Генадзь пасля школы паступіў у радыётэхнічны інстытут – пасля першага курса яго забралі ў армію. Галя вучылася ў педагагічным. Ірына, скончыўшы ў Вільнюсе медыцынскае вучылішча, працавала медсястрой. З бацькамі заставаўся Віталік. 

Але бяда зноў пастукалася ў іх дом: у Антона Іванавіча здарыўся інсульт. Урачы, што прыімчалі на «хуткай дапамозе» ў Палушы літаральна праз некалькі хвілін, не змаглі ўратаваць мужчыну. 

…Так Таццяна Францаўна аўдавела ў другі раз.

Але і гэтага было мала каварнаму лёсу – здаецца, ён помсціў ёй за тыя кароткія гады шчасця, што яна паспела зведаць за поўнае выпрабаванняў жыццё: у 21 год, у свой дзень нараджэння, у аўтамабільнай аварыі загінуў малодшы сын Віталь…

Генадзь з Галінай, здавалася б, асірацелі канчаткова… Родны дом – там, дзе твае бацькі. А калі няма ні мамы, ні таты, куды ехаць, дзе цябе прымуць? 

Але яны ведалі, што ў Палушах іх чакаюць заўсёды і прымуць любых. Таму і ехалі да Таццяны Францаўны – жанчыны, якая ніколі не дамагалася звацца іх маці, але і мачахай у тым класічным значэнні, што звычайна ўкладваюць у гэтае слова, ніколі не была! У дзяцінстве яна, як магла, старалася замяніць малым матулю. А дарослым  давялося замяняць і бацьку. 

– Гена, калі сабраўся жаніцца, сказаў, што вяселля рабіць не хоча. Але як жа без вяселля? Што людзі скажуць? Усё было, як належыць, – і ў Гены, а затым – і ў Галі. Уся вёска гуляла! – успамінае Таццяна Францаўна. 

…Сёння яна жыве адна ў тым самым доме, у якім калісьці збіралася сустракаць старасць з Антонам Іванавічам. Даглядае свой кветнік, гародчык. Час да часу едзе «ў нянькі»: дапамагае пляменніцы, якая гадуе двайнят.

І штодня чакае званкоў ад сваіх дзяцей – ад Ірыны, якая ехала вучыцца так блізка, ды раптам апынулася так далёка, за мяжой; ад Галіны, ад Гены...



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик