38 этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:13 / 09.10.2020
Чарговы тур конкурсу прадказальна стаў для ўдзельнікаў досыць складаным: толькі шасцёра пазналі на фотаздымку воінскі мемарыял каля вёскі Варзяны, што ў Рытанскім сельсавеце, і змаглі дапоўніць адказ цікавымі падрабязнасцямі.

2.jpg


Падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сённяшняга Астравецкага раёна дзейнічалі не толькі савецкія партызаны, але і ўзброеныя фарміраванні польскай Арміі Краёвай. Менавіта яе загінулыя байцы знайшлі вечны супакой непадалёк ад Варзян.

Мемарыял уяўляе сабой 19 магіл, у цэнтры – агульны помнік-валун з  мемарыяльнай дошкай. Тут пахаваны байцы Арміі Краёвай 5-й Віленскай брыгады пад камандаваннем Э. Шэндзеляжа  па мянушцы Лупашка, якая ў гады вайны дыслацыравалася ў лясах паблізу горада Пабрадзе (сёння – тэрыторыя Літвы). Акрамя ўраджэнцаў Польшчы, у ёй змагаліся і мясцовыя хлопцы.

31 студзеня 1944 года польскія партызаны, даведаўшыся, што ў Варзянах гуляюць вяселле, прыйшлі на свята. Але нехта данёс пра гэта немцам, на вёску наляцелі фашысты. У няроўным баі ўсе «АКаўцы» загінулі.
 
Спачатку вяскоўцы пахавалі партызан у агульнай брацкай магіле, пазней зрабілі для ўсіх асобныя дамавіны і над кожнай магілай паставілі драўляны крыж. У 70-я  гады крыжы замянілі на металічныя, могілкі абгарадзілі. Доўгі час пахаванні даглядаў жыхар Варзян Станіслаў Гайдуль. За дабрачынную дзейнасць яго ўзнагародзілі польскім медалём «За апеку над могілкамі».

…У 1994 годзе сюды на свята вёскі патрапіў ураджэнец Варзян, былы «АКавец», які на той час жыў у Польшчы. Яму паказалі месца апошняга супакаення баявых сяброў. Вярнуўшыся дадому, ён звязаўся з былымі таварышамі па зброі, з фондам дапамогі байцам Арміі Краёвай. Былі сабраны грошы на добраўпарадкаванне могілак. Так яны набылі сучасны выгляд.

На цырымоніі асвячэння мемарыяла, якая адбылася ў 1995 годзе, прысутнічалі былыя байцы Арміі Краёвай, прадстаўнікі пасольства Рэспублікі Польшчы, супрацоўнікі «Савета аховы памяці барацьбітоў і пакутнікаў», тагачасны старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Буракоў.

Правільныя адказы на  заданне далі Алена Памецька – ёй налічана 3 балы, Жанна Волк-Леановіч, Ганна Мілашэвіч, Алег Драган, Марына Кімса і Вікторыя Іванцэвіч – па 4 балы.

Чацвёрка лідараў не змянілася: Алег Драган – 126 балаў, Марына Кімса – 124, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – па 120.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Ганна МІЛАШЭВІЧ і Ніна РЫБІК