Тамара Качкан: «Павагу вучняў трэба заслужыць»

10:13 / 04.10.2020
Імя Тамары Качкан добра вядома ў раёне – прынамсі, людзям, якія цікавяцца навінамі адукацыі і рэгулярна чытаюць «Астравецкую праўду». На рахунку Тамары Іосіфаўны шмат прафесійных перамог, сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

А для мяне галоўнай нагодай напрасіцца на інтэрв’ю стала тое, што выкладчыца беларускай мовы і літаратуры з Падольскага НПК – з тых настаўнікаў, на якіх хочуць быць падобнымі вучні і з-за якіх дарослыя людзі з цеплынёй і любоўю ўспамінаюць школу. 

Падчас гутаркі я імкнулася адчуць, што ж такога асаблівага ёсць у гэтай прыгожай, як артыстка кіно, і разам з тым шчырай і мудрай, якімі могуць быць толькі вяскоўцы, жанчыне. 

Спадзяюся, што маналогі Тамары Іосіфаўны дапамогуць зразумець гэта і нашым чытачам…

Хутаранка

1.jpg – «Дзе нарадзілася, там і прыгадзілася», – гэта пра мяне. Я радзіму пакідала толькі на той час, што вучылася ва ўніверсітэце.

Я – хутаранка, вырасла ў Юзэф­­поллі, непадалёк ад Па­дольцаў. Хоць наш сусед, памятаю, абураўся, калі Юзэфполле называлі хутарам, з гонарам гаварыў: гэта засценак!

Мы з сястрой неяк разважалі, чаму ў хутара такая назва. І прыйшлі да высновы, што яна пайшла ад продкаў – у родзе заўсёды былі Юзафы, бацьку нашага таксама Іосіфам звалі. Юзэфова поле, Юзэфполле – лагічна? Праўда, версіі нашы пакуль нічым не падмацаваны.

Хутарское дзяцінства наклала адбітак на ўсё маё жыццё, на светаўспрыняцце. Я не магла б жыць у кватэры – мне трэба, каб быў панадворак, веснічкі, ганак. Дом мы з мужам купілі ў Падольцах, яму ўжо шмат гадоў, але ўвесь час нешта дарабляем, перарабляем. У ім – наша з Валодзем душа. 

Я ўвогуле не разумею, як сем’і, у якіх па чацвёра-пяцёра дзяцей, пераязджаюць у горад, у цэментовыя клеткі. Як там, на асфальце, дзяцей выхоўваць? У вёсцы прастор, паветра, прырода, праца. А ў горадзе? Мне кажуць: там выгоды, гурткі, секцыі. Але ж для станаўлення асобы басейна і камп’ютара мала, патрэбны больш сур’ёзныя і глыбінныя рэчы: еднасць з прыродай, сваімі каранямі. Такі беларускі менталітэт, і ламаць яго нельга, нічога добрага з гэтага не атрымаецца. 

Увогуле, калі б у мяне былі неабмежаваныя магчымасці… Не ў сэнсе грошай, а ў сэнсе прыняцця рашэнняў… Я б распрацавала нейкі закон, праграму, каб адрадзіць нашы вёскі, каб людзі сюды вярталіся. Як раней было: ёсць жытло ў горадзе – а ёсць сядзіба, маёнтак, куды можна прыехаць на выхадныя, на адпачынак, на лета. 

Часам з сястрой і шваграм ездзім па наваколлі, зімой на лыжах ходзім. Такая прыгажосць навокал! Дамы стаяць дыхтоўныя, з колішняга  моцнага непадсочанага дрэва, з вялікімі вокнамі, стромкімі стрэ­хамі. Сады навокал вялікія, у іх яблыні дзічэюць, казулі бе­гаюць, не баючыся – няма каго... Так балюча… Гэта ж усё яшчэ можна адрадзіць! Пры сён­няшнім развіцці тэхналогій, інфра­струк­туры – якая розніца, адкуль ча­ла­веку ездзіць на работу на тую ж «атамку» – з Астраўца, Па­доль­цаў ці з Будранаў? А выгоды сёння на любым хутары можна стварыць, абы электрычнасць была. Але штуршок патрэбен, падтрымка. 

«Пед» ці «мед»?

– У наш час у вясковых дзяцей пра будучую прафесію звычайна пыталі: «пед» ці«мед»? Мне больш падабалася «мед»: у дзіцячых гульнях настаўнікам звычайна «працавала» сястра Оля, а я – урачом. 

Калі верыць у рэінкарнацыю, то ў мінулым жыцці я, напэўна, і сапраўды была ўрачом. Здараецца, глянуўшы на чалавека, пастаўлю дыягназ, які потым пацвярджаюць спецыялісты. А Оля і сёння просіць: «Дай ты мне таблетку, з тваіх рук хутчэй дапамагае».

Але ў школе ў мяне была цу­доўная настаўніца роднай мовы – Лілія Іванаўна Печатоўская. Яна прывіла любоў да беларус­кай мовы і літаратуры, пад яе кіраўніцтвам я рыхтавалася да алімпіяд – і перамагала. І пытанне «Кім быць?» неяк само па сабе адпала ў паўфінале: вядома ж, – настаўніцай, вядома ж, – беларускай мовы і літаратуры!

У Гродзенскім дзяржаўным уні­­версітэце вучылася на філа­ла­­гічным факультэце, дзе, акрамя настаўніка роднай мовы і літаратуры, атрымала спецыяль­насць выкладчыка айчыннай і сусветнай мастацкай культуры. Студэнты часам наракалі: маў­ляў, цяжка сумяшчаць, і ўво­гуле – навошта гэта патрэбна? А цяпер такая радая, што ў мяне ёсць яшчэ і гэтая спецыялізацыя! Гэта ж так цудоўна – з сённяшнімі тэх­нічнымі магчымасцямі ад­пра­віцца з дзецьмі на экскурсію ў Парыж, прагуляцца па Луўру ці Фларэнцыі!  

Пасля ўніверсітэта прыехала працаваць у родную Падольскую школу. О, амбіцый тады было! У мяне ж – вышэйшая адукацыя, я ўсё ведаю, усё ўмею! Хоць малады спецыяліст, чаму б яго ні вучылі, на першых уроках абавязкова будзе капіраваць свайго любімага настаўніка. А потым паступова пачынаеш аналізаваць: што не атрымалася так, як хацелася; чаму, што трэба зрабіць, каб эфектыўнасць урока была большая; можа, варта паспрабаваць тое ці гэтае?

Цяпер, калі працую ў школе ўжо 26 гадоў, з’яўляюся на­стаў­нікам-метадыстам, мне ўсё часцей здаецца, што нічога не ведаю і не ўмею…

Хоць ніколі не шкадавала, што стала настаўніцай, – шчыра! І што працую ў невялікай сельскай школе – таксама. Я люблю сваю школу, у нас цу­доў­ны калектыў высокіх пра­фе­сіяналаў – няма таго, што настаўнік фізікі «закрывае» ма­тэ­матыку ці інфарматыку, а хімік – біялогію ці геаграфію. А галоўнае – мае калегі не прос­та цудоўныя спецыялісты, а ін­тэлігентныя прыгожыя людзі. І хоць мне неаднаразова пра­паноўвалі прэстыжныя пасады і ў Астраўцы, і ў Гродне, не здраджваю родным Падольцам. Мне тут камфортна! Кажуць, што шчасце, калі з радасцю ранкам ідзеш на работу, а вечарам вяртаешся дахаты. Баюся сурочыць, але ў мяне менавіта так.

Здаецца, Канфуцый сказаў: «Знайдзіце сабе занятак па душы – і вы не будзеце працаваць ні аднаго дня». Можна лічыць, што я не працую, а атрымліваю задавальненне!

Аўтарытэт – не дождж, з неба не падае

– Цяпер шмат гавораць пра падзенне прэстыжу настаў­ніц­кай прафесіі, спрабуюць разабрацца, хто ці што ў гэтым вінаваты – дзяржава, грамадства, патрабавальныя вучні і іх бацькі, самі настаўнікі, тое, што наша прафесія стала масавай? Выкажу з гэтай нагоды асабістае меркаванне – магчыма, яно некаму не спадабаецца. 

Ведаеце, мне ніколі не даво­дзілася сутыкнуцца са знявагай, абразамі, непавагай вучняў і іх бацькоў. Магчыма, проста пашанцавала, але я думаю, што калі настаўнік – прафесіянал, калі ён інтэлігентна паводзіць сябе, любіць вучняў, стараецца даць ім веды, то і адносіны да яго будуць адпаведнымі. Калі ж ён патрабуе да сябе асаблівых адносін толькі з-за таго, што закончыў педагагічны ўніверсітэт і працуе ў школе, то, прабачце, чаму да яго павінны адносіцца з большай павагай, чым, скажам, да агранома ці інжынера? Аўтарытэт – не дождж, з неба не падае і з пасадай не даецца, яго трэба заслужыць. 

Ну вось просты прыклад. Вучань прыходзіць са школы, і хатняе заданне толькі па адным прадмеце яму трэба выконваць як мінімум 2 гадзіны. А ўрокаў у яго 5 ці 6.  Зразумела, што бацькі будуць абурацца, а дзеці – хітраваць, падманваць, бо настаўнікі вымушаюць іх гэта рабіць! Дзіця павінна засвоіць матэрыял на ўроку, а дамашняе заданне зрабіць за 15-20 хвілін, максімум – за паўгадзіны.

Яшчэ адна папулярная тэма – заработная плата настаўнікаў. Так, яна магла б быць і большай. Але калі малады спецыяліст, які толькі прыйшоў у школу, лічыць, што павінен атрымліваць столькі ж, як і настаўнік-метадыст, за плячыма якога дзесяцігоддзі стажу, пэўны вопыт і дасягненні, то, пагадзіцеся, гэта несправядліва.

А ўвогуле грошы трэба ўмець зарабляць. І ў настаўніка ёсць такая магчымасць – было б жаданне. Ёсць пэўная нагрузка, стаўка – цудоўна. Зрабіў нешта большае – атрымаеш прэмію і надбаўку. Хочаш больш – надрукуйся ў «Настаўніцкай газеце», заплацяць ганарар. Правядзі дос­ледную праверку падручніка, распрацуй вучэбны дапаможнік – гэта добра аплачваецца.

Я на зарплату не наракаю – мне хапае. А калі захочацца больш, то, я ведаю, што заўсёды змагу зарабіць.

Крыштальныя мары

– Занясенне мяне на раённую Дошку гонару не стала асаблівай падзеяй ні ў школе, ні ў вёсцы, ні ў маім асабістым жыцці. З 2014 года, калі дайшла да фіналу рэспубліканскага этапу конкурсу «Настаўнік года», я стала дастаткова публічным чалавекам – «свячуся» то тут, то там. Усе да гэтага прывыклі. 

Віншавалі, вядома, – і гэта прыемна. Больш за ўсіх радавалася  мама. Яна часта паўтарае, што найвялікшае яе шчасце – талковыя дзеці.  

Не буду маніць: прыемна, што  настаўніцкую працу заўважылі і ацанілі. І не толькі маю, але і ўсіх педагогаў раёна – занясенне на Дошку гонару расцэньваю менавіта так.

Хоць галоўнай сваёй узнагародай, безумоўна, лічу таго крыштальнага жураўля, што стаіць дома на палічцы і нават пыл з якога я выціраю вельмі асцярожна, каб, крый божа, не разбіць. Ён дорага мне дастаўся – да фіналу рэспубліканскага конкурсу выпадковыя людзі не даходзяць. Гэта былі два гады напружанай творчай працы: раённы этап, абласны, рэспубліканскі. Да кожнага асаблівая падрыхтоўка, увесь час пад псіхалагічным прэсам, калі нават, мыючы посуд, думаеш, як лепш правесці ўрок, чаго яшчэ не хапае ў тваім рэзюме. 

Ну і экзамен на настаўніка-метадыста таксама даўся нялёгка. Галоўным чынам таму, што здавала яго ў акадэміі паслядыпломнай адукацыі сваім сябрам-калегам па клубу «Крыштальны журавель» – было б сорамна зрабіць нешта не так.

Увогуле клуб «Крыштальны журавель» займае асаблівае месца ў маім жыцці. Стараюся не прапускаць сустрэчы і заняткі ў ім – на жаль, сёлета каронавірус перашкодзіў сабрацца. У клубе аб’ядналіся аднадумцы, кожны – асоба, прафесіянал высокага ўзроўню, у кожнага ёсць чаму павучыцца.

Ці марыла калі пра гэта? Ды не. У юнацтве ўвогуле не думала пра кар’еру. Як, напэўна, і ўсе дзяўчаты, марыла пра каханага-адзінага, з якім разам на ўсё жыццё – і, дзякаваць богу, усё так і сталася: з мужам мы ўжо больш за 25 гадоў разам – і, на шчасце, не надакучылі адзін аднаму.

Увогуле мне камфортна ў маім жыцці: добра і ўтульна дома, цікава і радасна на рабоце. Калі стамляюся, іду ў лес, на рэчку – там чэрпаю сілы. Людзі едуць на курорт, а ў мяне ён дома: за лета – яшчэ і за тое люблю сваю работу, што адпачынак доўгі і заўсёды летам – пас­пяваю наталіцца энергіяй, якой хапае на ўвесь год.

Адзінае – хацелася б часцей бачыцца з дачкой. Але гэта не мары – жаданні, прычым выканальныя…


Бясконца…

Кніга…

– Вы будзеце смяяцца, але я бясконца магу чытаць Рэкса Стаута.  Безумоўна, кожны год перачытваю праграмныя творы, кнігі для пазакласнага чытання – а для душы, для адпачынку ў мяне дэтэктывы пра Ніра Вульфа – хоць ведаю іх, здаецца, на памяць..

Фільм…

– Я вельмі люблю серыял «У пошуках капітана Гранта», пераглядваю яго кожны год. І вучням сваім раю: абавязкова паглядзіце гэты цудоўны фільм – вы станеце дабрэйшымі, разумнейшымі, больш высакароднымі.

Музыка…

– Апошнім часам у машыне ў мяне найчасцей гучыць класіка ў сучаснай апрацоўцы. Вельмі люблю Шапэна – «Вальс дажджу», «Вясенні вальс». Паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай» магу слухаць бясконца.

Занятак…

– Не надакучае збіраць грыбы і ягады – у лесе магу сядзець да стомы, да таго, што кожную клетачку цела адчуваю…  

Альтэрнатыва

Калі не настаўніца, то…

– Доктар.

Калі не Падольцы, то…

– Юзэфполле. Спадзяюся, што нам з сястрой удасца ажыццявіць сваю мару і адрадзіць спадчыну нашых продкаў.

Калі не Беларусь, то…

– Беларусь! Тут мая сям’я, мама, сястра, з якой мы духоўна вельмі блізкія, татава магілка, сябры, радня – тут мой дом! 

А ў іншыя краіны можна з’ездзіць у падарожжа – гэта цікава і захапляюча!

Калі не гэты час, то…

– Тады 19-е стагоддзе. Там столькі высакароднасці, прыгажосці, вытанчанасці…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик