37 этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:53 / 02.10.2020
Заданне чарговага тура не выклікала цяжкасцей ні ў пастаянных, ні ў новых удзельнікаў конкурсу. І не самы звычайны ракурс здымка касцёла Святога Юрыя ў Вароне, які з’яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння 2 катэгорыі, нікога не ўвёў у зман.

А вось з назвай святыні ўзнікла пэўная блытаніна. У адных крыніцах яна падаецца як касцёл Святога Юрыя, у другіх, у прыватнасці, кнізе «Памяць. Астравецкі раён» – як касцёл Святога Георгія, у трэціх – як капліца Святой Філумены. Усе гэтыя назвы ўзгадваюць нашы канкурсанты – хто ўсе тры, хто адну ці дзве. Большасць з іх дапоўнілі адказы не толькі цікавымі падрабязнасцямі, але фотаздымкамі і відэаматэрыяламі – уласнымі ці знойдзенымі ў інтэрнэце. 

1.jpg



Хоць гісторыя не толькі касцёла, але і самой Вароны досыць заблытаная – галоўным чынам таму, што  да 17 стагоддзя дзве вёскі, якія знаходзіліся непадалёк адна ад другой, насілі назву Варняны і ў абодвух былі  касцёлы Святога Юрыя. 

Верагодна, у 16-м ці пачатку 17-га стагоддзя ў сённяшняй Вароне пачалі пабудову кальвінісцкага збора. Пазней, у 1680 годзе, віленскі біскуп пераасвяціў яго ў касцёл Святога Юрыя, а напачатку 18-га стагоддзя храм перабудавалі ў стылі так званага нізавога барока – мясцовай інтэрпрэтацыі архітэктурных формаў віленскага барока.

Касцёл Святога Юрыя ў вёсцы Вароне быў вельмі багатым: яму належала шмат земляў у ваколіцах паселішча і нават вадзяны млын, што стаяў на возе­ры непадалёк. 

Падчас Другой сусветнай вайны варонскі касцёл разбурылі – і ў такім занядбаным выглядзе ён стаяў да канца XX стагоддзя. Трэба аддаць належнае тагачаснаму ксяндзу-пробашчу варнянскага касцёла Здзіславу Пікулу і мясцовым вернікам, якія змаглі адрадзіць храм. Зараз ён жыве паўнавартасным жыццём – на жаль, такіх станоўчых прыкладаў не вельмі шмат. 

На гэты раз правільныя адказы даслалі 10 удзельнікаў конкурсу. Станіслаў Памецька, Алена Аўдзей і Андрэй Ваўчок атрымліваюць па 1 балу, Ванда Вайшнаровіч – 2, Жанна Волк-Леановіч, Алег Драган, Ганна Мілашэвіч, Марына Кімса, Алена Памецька і Вікторыя Іванцэвіч – па 4. 

Лідары засталіся нязменнымі: Алег Драган – першае месца, Марына Кімса – другое, Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – трэцяе.

Наступны этап конкурсу, мы спа­дзяёмся, стане больш складаным – і, адпаведна, больш цікавым. Поспехаў!


Дзе гэта, што гэта?

2.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик