З літоўскай сталіцы да спондаўкіх азёраў вярнуліся Ганна і Алег Мураўскія

16:24 / 26.09.2020
Слова «радзіма» нездарма часта ставяць побач са словам «маці». Цяжка знайсці чалавека, які б не любіў на глыбінным, часта – на падсвядомым узроўні жанчыну, якая дала жыццё. І гэтак жа практычна не бывае людзей, якія б не хавалі ў патаемным куточку душы памяць пра мясціны, дзе дрэвы назаўжды засталіся самымі вялікімі, суніцы – самымі салодкімі, а слёзы – самымі горкімі. 

Але любоў – не толькі да радзімы, а і да бацькоў, да жонкі ці мужа, да дзяцей – розная. Можна маляўніча расказваць пра сваю любоў да родных мясцін, а можна моўчкі зрабіць справу, вялікую ці малую: устанавіць крыж пры дарозе, прыбраць закінутыя магілкі, аздобіць вясковую вуліцу кветкамі, напісаць гісторыю свайго краю.

Ці замест таго, каб галасіць, што вёскі паміраюць, адрамантаваць бацькоўскі ці дзедаўскі дом, прыдбаць закінутую сядзібу, зацепліць жыццё ў хаце і на панадворку – і разам з прыемным адпачынкам для сваёй сям’і зрабіць крок, хай сабе маленькі, да адраджэння цэлага паселішча. Бо кожны новы жыхар на паніклых вуліцах – гэта  праменьчык надзеі, што не застанецца ад вёскі, што адлічвае сваю гісторыю стагоддзямі, адно толькі назва ды ўспаміны…

Так, як зрабілі Ганна і Алег Мураўскія…

Вяртанне

Ганна мясцовая, са Спондаў, і ўсе продкі яе адсюль ці з навакольных вёсак. У Спондах і цяпер стаіць бацькоўская, яна ж – дзедаўская, хата, у якой цяпер жыве яе сястра Марына. Яна, як і Ганна, дзявочае прозвішча змяніла на мужава: цяпер Міхновічавы дзяўчаты адна – Мураўская, а другая – Казлоўская. Марына засталася ў вёсцы, працуе на пошце. Аня пасля школы падалася ў Вільнюс.

1.jpg

Міхновічавы дзяўчаты: Ганна Мураўская і Марына Казлоўская



А Алег Мураўскі нарадзіўся і вырас у літоўскай сталіцы. Але сустрэліся яны не  на  вільнюскіх вуліцах, не ў сталічным рэстаране і нават не на гарадскіх танцах, а на спондаўскай зямлі. Бацька Алега, слынны вільнюскі чырвонадрэўшчык, аблюбаваў тутэйшыя мясціны для адпачынку – быў заядлым рыбаком. На схіле гадоў змяніў гарадскую прапіску на вясковую, пасяліўся ў Горшавічах, дзе і дажываў свой век. І пахаваны ён на мясцовых могілках. 

Бацька пры кожнай наго­дзе ехаў з Вільнюса мерыць-лічыць Сарачанскія каралі – не дзіўна, што і для сына беларускія азёры і лясы сталі роднымі. Яму тут падабалася больш, чым у горадзе, і на кожныя выхадныя хлопец імкнуўся ў Спонды. На вясковым вяселлі Юзіка Васілеўскага і пазнаёміліся Алег з Ганнай. А праз тры гады і сваё згулялі.

– Пра тое, каб займець у гэтых мясцінах дом ці дачу, напачатку і думак не было, – дзеліцца Алег. – У нас у Вільнюсе ўсё нармальна складвалася: дом, работа, пазней – уласны бізнес. Неяк адзін з мясцовых выпівох прапанаваў перапісаць на мяне хату на беразе возера – я толькі пасмяяўся: навошта мне? Пазней знайшоўся больш прадпрымальны чалавек, які купіў у яго тую хаціну за трохлітровік самагонкі – і неўзабаве прадаў яе за 30 тысяч еўра.

– Дый патрэбы такой не было, – дадае Ганна. – Нас заўсёды чакалі і з радасцю прымалі ў бацькоўскай хаце. Дзеці нашы на ўсіх канікулах бавілі тут час. Памятаю, паляцелі ўсёй сям’ёй на адпачынак у Турцыю.

Здавалася б – мора, пальмы, пляж: рай на зямлі! А толькі вярнуліся, з трапа самалёта не паспелі сысці – і старэйшы сын заяўляе: «Вы надалей куды хочаце, туды і ляціце. А я – толькі на вёску!» І малодшы дадае: «Надакучыла ўжо ваша мора!» Ранкам прыляцелі, а ў абед яны ў Спондах былі…

– Хлопчыкі Мураўскіх часта прыбягалі да мяне ў бібліятэку, – успамінае краязнаўца Іаланта Валуевіч. – І я ж цудоўна ведаю, чые яны дзеці, адкуль прыехалі, а яны так стараюцца гаварыць «па-просту», каб не адрознівацца ад мясцовых…

– Мусіць, гэта з гадамі пры­ходзіць – цяга да прыроды, да зямлі, да мясцін, дзе ўсё роднае, знаёмае, дарагое, – ва ўнісон сцвярджаюць Мураўскія. – З цягам часу і мы вырашылі, што трэба мець тут, на радзіме, свой дом ці дачу – завіце, як хочаце. Каб не ў госці сюды прыязджаць, а дахаты. 

Алег і Аня купілі непадалёк ад Спондаў, у Гінкішках, старую хаціну, знеслі яе – і пабудавалі дом сваёй мары. Цяпер яны жывуць на дзве краіны: то ў Вільнюсе, дзе іх трымаюць справы, то на Спондаўшчыне, дзе на беразе Каймінскага возера пасялілася іх душа. 

2.jpg

Родны дом Міхновічаў у Спондах



І хоць яны кажуць, што не ўсё яшчэ зроблена так, як хочацца і марыцца, – сваё гняздзечка можна абуладкоўваць усё жыццё. Але ж трэба выйсці ранкам з кубкам кавы на пірс, што пачынаецца ледзь не ад ганка, адкуль можна назіраць, як сонца палошча промні ў азёрных хвалях, паслухаць, як плешчацца рыба і вітаюць новы дзень звонкагалосым хорам птушкі, павітацца з качкай, што падплывае са сваім сямействам да самых рук – і зразумець, што рай на зямлі ёсць. І ён не ў Турцыі і не на Канарах, а тут, дзе іх дом… Мураўскія аб’ехалі практычна ўсю Еўропу і могуць сцвярджаць гэта з ве­даннем справы.

Малыя ўчынкі, вялікія справы

«Вось знайшлі дзіва! – скажа нехта. – Мелі людзі грошы, па­будавалі дачу на беразе во­зера. Такіх патрыётаў на Астравеччыне – хоць гаць гаці!»

Такіх – ды не такіх! Мураўскія на гэтай зямлі – не госці, не «наязджомыя», што абуладкавалі месца адпачынку ў прыгожым месцы і цяпер стараюцца ўзяць адсюль усё, што можна, не зважаючы на інтарэсы і клопаты «абарыгенаў» – на жаль, і такіх нямала сярод наваяўленых «вяскоўцаў». Ганна і Алег выраслі тут, сярод гэтых людзей, ведаюць кожнага, іх сваякоў, продкаў – і жывуць адпаведна, як свае сярод сваіх, па-людску. 

– Не было выпадку, каб Мураўскія ехалі па дарозе і не падабралі падарожніка. І няважна, стары ён ці малады, чужы ці знаёмы, у святочным адзенні ці ў брудных ботах, – расказвае ўсё тая ж Іаланта Валуевіч. – І можна не сумнявацца: нават калі потым ім давядзецца не адну гадзіну мыць і чысціць машыну – на наступны раз яны зробяць гэтак жа.

А яшчэ Іаланта Францаўна ўспа­мі­нае, што, калі яна шукала не­раў­надушных лю­­дзей, якія б пры­нялі ўдзел у фінансаванні вы­­дан­­ня края­­знаў­чых кні­жак пра гаворку, та­по­німы, фра­зеа­­­ла­гізмы спон­даў­скага краю, ад­нымі з першых адгук­нуліся Му­раў­скія. Для іх важна, каб гэтыя не­ацэнныя дыяменты народнай мудрасці – слоўцы, вы­казванні, прыказкі, прымаўкі, назвы – неаддымная часцінка па­мяці іх дзяцінства – засталіся не толькі ў такой не вельмі надзейнай субстанцыі, як людская памяць, але і на старонках кніжак.

Мураўскія – абавязковыя ўдзель­­нікі ўсіх добрых спраў на Спон­даўшчыне і не лічаць гэта нечым асаблівым, бо гэта такі ж іх край, іх зямля, як і карэнных жыхароў.

А калі прыходзіць восеньскі час падрыхтоўкі да дня Усіх святых, то лампадкі і кветкі Мураўскія закупляюць оптам, а на могілках шчыруюць не адзін дзень, бо трэба прыбраць не толькі магілы продкаў, але і далёкіх сваякоў, да якіх няма каму прыехаць, і проста доб­рых знаёмых, аднавяскоўцаў.

– Калі я ведаю, што на магілку да жанчыны, якая ў дзяцінстве расказвала мне казкі ці частавала грушкамі, сёння няма каму прыйсці, – то ці ж цяжка мне абарваць траву на месцы яе спачыну, прыбраць сукі, калі яны наваліліся з дрэў, запаліць свечку і прамовіць «Анёл пан­скі»? – паціскае плячыма, не ра­зумеючы, што асаблівага яна ро­біць, Ганна. – Мне гэта нічога не каштуе, а маім землякам на тым свеце, можа, дасць хвілінку радасці і супакою…

Карані іх кроны

Расповеды пра продкаў час­та гучалі ў вясковай хаце Міхновічаў, гісторыі жыцця дзя­доў-прадзедаў дзеці слухалі, як казкі. А з цягам часу захацелася «казку зрабіць быллю» і разабрацца, адкуль «хто ёсць пайшоў». Паціху, суадносячы чутае ад бацькоў і ад людзей з запісамі ў касцельных кнігах, архіўнымі матэрыяламі, Ганна аднавіла сваю радаслоўную да пятага калена.

– Бацькі мае, Моніка Анто­наўна і Юзэф Аўгустынавіч, абод­ва Міхновічы – маме нават прозвішча мяняць не давялося, як замуж выходзіла, – расказвае Ганэчка, як да гэтага часу завуць мясцовыя напалову віленчанку Ганну Іосіфаўну. – Абое спондаўскія, далёка адно аднаго не шукалі. Ды і ўвогуле ўсе продкі з гэтых ці недалёкіх мясцін. Дзядук Антоній нара­дзіўся ў Свянцянах, бабця Паў­ліна – у Засвіры. Бацькаў бацька, Аўгустын, таксама спондаўскі – у яго хаце нашы бацькі жылі, цяпер – сястра Марына з сям’ёй. А яго маці Марыля – з Горшавіч.

3.jpg

Марыля, Аўгустын і Юзэф Міхновічы



У іх сям’і – як, бадай што, і ў кожнай – хапала ўсякага: доб­рага і дрэннага, смешнага і балючага…

– Дзядук Аўгустын быў слынным музыкантам, – расказвае Ганна Іосіфаўна. – Ніводнае вяселле ў наваколлі без яго не абыходзілася. А вяселлі ж тады сама мала па чатыры дні гулялі, а то і больш: у пятніцу пачыналі, а ў панядзелак за­канчвалі. Дык смяяліся, што Аўгустыну няма калі і ў касцёл схадзіць. Ён і ў Вільні іграў, і ў Гродне ў войску з гармонікам служыў. Дзядук багатым быў, шмат зямлі меў. А прыйшлі саветы, то ўсё аддаў, як і ўсе. Яго прызначылі старшынёй рыбнай арцелі – рыбу на азёрах лавілі. Пазней праца­ваў у калгасе.

– А мамінага тату, Антонія, выбралі першым старшынёй калгаса. Вясной людзі яшчэ засеялі свае палоскі, потым усё абагулілі… А прыйшла пара ўбіраць – кожны пайшоў з сярпом на ўласны надзел. Дзед не працівіўся – аднавяскоўцы ж усе! Ну і папрасілі яго са старшынёўскай пасады. Добра, што пакінулі рахункаводам.

– Калі я збірала матэрыял пра Спонды, расказвалі пра Антося Міхновіча, як ён ра­хун­кі зводзіў, – дапаўняе Іа­лан­та Валуевіч. – Папера да­рагая была, дык ён на дошчачцы хімічным алоўкам падлічыць, калі ўсё правільна – дык у гросбух запіша, а па дошчачцы гэб­лікам правядзе – і зноў чыс­та, пісаць можна. Так і ляжалі ў яго на стале побач з гросбухам дошчачка для падлікаў і гэблік. 

– Хоць увогуле дзед Антоній той яшчэ хадок быў! – Ганна Іосіфаўна не спрабуе абяліць сваіх продкаў: што было – тое было. – Бабцю маю, Паўліну, цяжарную пакінуў, да іншай жанчыны пайшоў. Бабця да сваіх бацькоў у Засвір жыць пайшла, там і дзіця нарадзіла. А праз два гады прыйшла Паўліна з дзіцем да свякроўкі. О, прабабка «жалезная лэдзі» была: нявестку з унучкай прыняла, а сына на аліменты падала! Ён у сям’ю вярнуўся, калі яго дачцэ, маёй маме, 13 гадоў было. 

«Жалезнымі» былі не толькі прабабка Ганна, у дзявоцтве Масленік, дачка земскага док­тара з літоўскай Уціны,  напалову полька, напалову лі­тоўка, але і яе муж, Ганнін прадзед. Спондаўскі хлопец Эд­вард Міх­новіч быў афіцэ­рам царскай арміі, жыў у Санкт-Пецярбургу – там атрымалі цу­доўную адукацыю дзве яго дачкі Тэкля і Эўгенія. Ёсць звесткі, што ён сябраваў з Іосіфам Гашкевічам – ва ўсякім выпадку, у Першую сусветную вайну, калі Эдвард апынуўся ў Гудагаі і не пайшоў з казакамі, то хаваўся ад кайзераўскіх сал­­датаў у маёнтку Малі. Пазней сям’я перабралася ў Спон­ды, тут, на радзіме, Эдвард і памёр ад тыфу. А яго жонка Ганна, якая не ўмела ні карову падаіць, ні печ выпаліць, засталася жыць у вёсцы з малодшым сынам Антоніем. Грошы ёй да­сылалі незамужнія дочкі, якія жылі ў Вільнюсе. Яшчэ адзін сын памёр маладым.
Ан­тоній – адзіны, хто пакінуў пасля сябе «парастак», дачку Моніку, Ганніну маці.

– Моніка Антонаўна працавала тэхнічкай у бібліятэцы, – успамінае Іаланта Валуевіч. – Пры гэтым была вельмі адукаваная, начытаная, час­та пад­казвала, якую кніжку па­чытаць. Менавіта Моніка Ан­то­наўна параіла мне раман Драйзера «Джэнні Гер­хард».

Па бацькоўскай лініі пра­бабка Ганны Юзэфа была са слыннай сваёй беларушчынай і сяброўствам з Казімірам Свая­ком Казаноўшчыны, з роду Ракіцкіх. Яна – родная сястра мастака Рамуальда Ракіцкага, які, расказвалі, так умеў маляваць грошы, што іх было не адрозніць ад са­праўдных. Хоць родзічы лічылі неацэненага генія прахвос­там. Прабабка потым выйшла замуж за Яна Матусевіча з Гор­шавіч, іх дачка Марыля – бабуля Ганны Іосіфаўны.

…Сёння многія шукаюць звесткі пра сваіх продкаў. Цяжка сказаць, чаго ў гэтым больш – даніны модзе ці сапраўднай цікавасці да гісторыі роду. Мураўскія на гэтае пытанне адказваюць адназначна:

– Не хочацца жыць на свеце іванамі непомнячымі. У кожным з нас ёсць нешта ад нашых продкаў. Яны жывыя, пакуль мы іх помнім – такімі, як яны былі.

І бацькоў радуе, што сыны, хоць жывуць цяпер у Даніі і прыязджаюць на Спондаўшчыну рэдка, гэтак жа цікавяцца сваімі каранямі.

Магчыма, з узростам, іх таксама пацягне да зямлі, дзе бегалі басанож не толькі яны самі, але і іх бацькі, дзяды-прадзеды, – да радзімкі сваёй…



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик