36 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:13 / 25.09.2020
Чарговы этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну» зноў упэўніў, што няма для нашых чытачоў невырашальных задач: практычна ўсе справіліся з не самым простым заданнем. 

Крыўдную памылку дапусціў толькі Анд­рэй Ваўчок з Іўя. Наш зямляк, глянуўшы на трубу, пранікся пачуццём настальгіі і ўспомніў дзяцінства, якое прайшло, па яго словах, у Астраўцы на «кірпічным» – вуліцы Прамысловай, дзе калісьці знаходзіўся цагельны завод. У дзяцінстве ён там  вудзіў рыбу ў ставе, сустракаўся з аднакласнікамі, на ровары праязджаў міма былога завода, каб трапіць на кладку і выехаць адразу на Садовую...

Так, на месцы былой цагельні ў Астраўцы доўга стаяла высокая труба – яе знеслі некалькі гадоў таму. Але на здымку рэшткі іншай цагельні –  яшчэ жывая 25-мятровая труба колішняга завода паблізу вёскі Пятрашышкі, што на Спондаўшчыне.

2.jpg



Падрабязна адказаць на конкурснае заданне большасці нашых удзельнікаў дапамог артыкул вядомай краязнаўцы Іаланты Валуевіч, надрукаваны ў «Астравецкай праўдзе» ў 2015 годзе. Дзякуючы яму, усе даведаліся, што гісторыя пятрашышскага завода пачалася яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. Цагельня належала Трыбоцкаму, затым справу прадоўжылі яго сыны, унук Франц. Пасля  прыходу савецкай улады Трыбоцкіх выслалі ў Сібір. 

Аднавілі работу пятрашышскага цагельнага завода ў 1948 годзе – тады і з’явілася тут труба вышынёй 25 метраў. Запрошаны спецыяліст мураваў яе з сярэдзіны, цэглу яму падавалі лябёдкай. Расказвалі, што, закончыўшы работу, майстар на вяршыні трубы ўставаў на рукі – ён называў гэты трук «Апошняе кляймо майстра». Аднойчы гэты трук сапраўды стаў для яго апошнім: майстар сарваўся і разбіўся.

Іаланта Францаўна распавяла – а нашы канкурсанты паўтарылі гэта ў сваіх допісах – многія іншыя цікавыя падрабязнасці дзейнасці цагельні ў Пятрашышках. А некаторыя спадарожна расказалі і пра іншыя падобныя прадпрыемствы: Алег Драган – пра цагельню ў Вераб’ях, Жанна Волк-Леановіч – пра завод паноў Сволькенаў.

Што тычыцца вынікаў конкурсу, то на гэты раз 1 бал у Ванды Вайшнаровіч, па 4 набралі Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч, Ганна Мілашэвіч, Марына Кімса, Алена Памецька, Вікторыя Іванцэвіч, Кацярына Вараб’ёва.

Перш чым падвесці вынікі агульнага заліку, хочам папрасіць прабачэння ў Ганны Мілашэвіч, якой у мінулым туры выпадкова не далічылі 1 бал. Справядлівасць адноўлена – і цяпер на трэцім месцы ў нас зноў двухуладдзе: у Ганны Мілашэвіч і Жанны Волк-Леановіч – па 112 балаў. На другім месцы Марына Кімса са 116 баламі, а лідзіруе па-ранейшаму Алег Драган, у якога 118.


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Ганна Мілашэвіч, Алесь Юркойць