Леанард Багушэвіч жыве ў Мінску, а любіць Астравец

14:51 / 17.09.2020
Дырэктар унітарнага прадпрыемства «Дом праф­саю­заў» Леанард Багушэвіч сваім домам лічыць Астравец, хоць нарадзіўся ў Ашмянскім раёне, а жыве ў Мінску.

«Жыллё нас звязала…»

З Астраўцом звязана значная частка жыцця Леанарда Бра­ні­слававіча. У 1982 годзе ён разам з сям’ёй пераехаў сюды з Ашмян. Тут Багушэвічы раз­ліч­ва­лі атрымаць жыллё. 

– Уладкаваўся я на прадпры­ем­ства меліярацыйных сістэм. Адпрацаваў там восем месяцаў, – гаворыць  Леанард Бра­нісла­ва­­віч. – Надзея на кватэру ад ме­ліярацыі  не спраў­дзілася, і я перайшоў працаваць у ЖКГ. Быў майстрам па добра­ўпарадкаванні горада, потым галоўным меха­нікам, на­чаль­нікам ЖЭСа. На дзевяць гадоў – з 1983-га па 1992-гі – затрымаўся тут. Затым перайшоў у мытню.

1.jpg



Амаль два дзесяцігоддзі на­стаўніцай пачатковых класаў ад­пра­цавала ў сярэдняй школе №2 і жонка Багушэвіча – Алена Іосіфаўна. 

«Час станаўлення»

Менавіта ў Астраўцы, лічыць Леанард Багушэвіч, адбылося яго станаўленне як асобы і як прафесіянала. Тут ён не прос­та напрацоўваў вопыт, але і ву­чыўся жыць у калектыве і наладжваць зносіны. І людзі тут заўсёды жылі ветлівыя і доб­разычлівыя.

– Памятаю Астравец 80-х: на месцы сённяшняй плошчы ха­цінкі стаялі амаль па вокны загнаныя ў зямлю, – успамінае мужчына. – Насупраць райвыканкама месціўся суд, асфальту не было – толькі брук. Пасёлак тады жыў з вечнай праблемай: яго пасля дажджу пастаянна тапіла…

Калі першы сакратар Астравецкага райкама партыі Лі­дзія Белабокая ўзялася за доб­ра­ўпарадкаванне, работы ў па­сялковых камунальнікаў стала яшчэ больш. Падтрымаў і галоўны ўрач санстанцыі Васіль Мардвінаў: «У Астраўцы мы парадак навядзём!» І навялі.

Пры мне пасёлак рос, ра­ман­таваліся дарогі, шырыліся вуліцы, з’явілася плошча… – працягвае ўспамінаць Леанард Браніслававіч. – Работы было – вышэй галавы. 

З вопытам – у сталіцу

Калі Багушэвічу прапанавалі перайсці на прафсаюзную работу – на той момант ён ужо скончыў вышэйшую партыйную школу, – згадзіўся. Ды і хто б адмовіўся ад перспектыў працаваць і жыць у Мінску?! Так, з 2002 года Леанард Браніслававіч працуе ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. 

– Багаты  практычны вопыт, які я набыў на Астравеччыне, да­памог у сталіцы: мая работа звязана з абслугоўваннем будынкаў Федэрацыі, – гаворыць Багушэвіч.

Прафсаюзную работу, яшчэ да прапановы змяніць месца пра­цы, Леанард Браніслававіч не толькі  вучыў у тэорыі, але і адточваў на практыцы: у 1984 годзе быў абраны старшынёй пярвічкі, ім заставаўся да звальнення ў 1992-м. 

Аднак спецыфіка яго работы ў Федэрацыі ўсё ж адрозніваец­ца: арганізацыя з’ездаў, пленумаў, іншых мерапрыемстваў і гас­па­дар­чая дзейнасць. Пад крылом праф­­­саюза шмат будынкаў і мес­цаў, якім патрабуецца па­стаян­ная ўва­га. Да прыкладу, бы­лы будынак белсаўпрафа насупраць Пала­ца Рэспублікі. Гэта гістарычная каштоўнасць, таму да яго рамон­ту і рэстаўрацыі ёсць шмат пат­ра­баванняў, якія неабход­на ўзгадняць з Міні­стэр­ствам культуры.

Шмат увагі надае Федэрацыя мемарыялу «Курган Славы», які даўно стаў візітнай карткай Беларусі і месцам прыцягнення  людзей, што шануюць памяць і гісторыю нашай краіны.

ДАВЕДКА

Шэфства над Курганам Славы Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзяла ў 2004 годзе. За гэты час комплекс двойчы мадэрнізіравалі, ля яго падножжа з’явілася экспазіцыя ваеннай тэхнікі: устаноўлены легендарныя самалёт-штурмавік ІЛ-2 і рэактыўны мінамёт БМ-13, больш вядомы як «Кацюша».

– Былі пытанні і праблемы, асабліва па «Кацюшы», – гаворыць Леанард Бра­ніслававіч. – Шмат было затрачана на яе сіл і сродкаў. Арыгінальных такіх мінамётаў часоў Вялікай Айчыннай засталося толькі дзве, і тыя ў Расіі. Мы туды ездзілі, глядзелі, вывучалі чарцяжы, фотаздымкі, падключалі апантаных рэстаўратараў, шукалі май­строў, якія б маглі зрабіць блізкую копію. І знайшлі! Адну савецкую зорку малявалі амаль тры месяцы. 

Выехаў, але застаўся

– Я лічу, што жыву не ў Мінску, а ў Астраўцы, – прызнаецца Леанард. – Тут я атрымліваю моцны зарад энергіі.

Для Леанарда Багушэвіча невя­лічкая кватэра ў прыватным сек­тары Астраўца – маленькі астравок, дзе можна адпачыць і душой, і целам, а сам горад – родны даўно і назаўсёды. Нават зімой сям’я Багушэвіч не забывае сюды дарогі: прыязджае праз тыдзень, а то і часцей. Ра­зам з дзядулем і бабуляй тут бавяць канікулы ўнукі. А пытання, дзе правесці лета, для іх проста не існуе: лепшы адпачынак – у Астраўцы.

– У горад выходжу рэдка – больш працую на прысядзібным участку, – прыадкрывае заслону асабістага жыцця Багушэвіч. – Гэтым летам хацелі завесці ўнукаў у астравецкі ФАК на плаванне, аддаць у спартыўныя секцыі, запісаць на гурткі – але каронавірус планы зблытаў. Нічога, будзе яшчэ час… Затое старэйшы ўнук упадабаў мясцовую бібліятэку. 


Адным радком

– Два гады таму паскардзіўся суседу, што звярнуў на машыне не туды і заблукаў у Астраўцы. Той мне параіў, смеючыся: «А ты з’ездзі ў бок Слабодкі…» І праўда. Я ж добра ведаў калгас «Шлях Леніна», вясковую кантору, старшыню Валуевіча!.. Цяпер лесу няма, поля – таксама, а вёска – вось яна, у горад улілася! 

– Не пагаджуся з меркаваннем, што Астравец змяніўся непазна­вальна. Атмасфера спакою і памяркоўнасці ўсё ж засталася. Жыццё ў горадзе віруе, як было і заўсёды, толькі  ў першай палове дня. Вечарам тут цішыня. Гэтым і адрозніваецца ад сталіцы, за гэта я яго і люблю. 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал  «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Ольга Хотянович