35 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:07 / 18.09.2020
34 тур конкурсу стаў прадказальна лёгкім для яго ўдзельнікаў. Правільна на пытанне «Што гэта, дзе гэта?» адказалі ўсе, хто даслаў у рэдакцыю свае адказы. Гэта дало магчымасць выказаць здагадку, што не толькі яны, але і іншыя астраўчане і нават прыезджыя, якія любяць пакалясіць па раёне ў пошуках розных мясцовых цікавостак, таксама ведаюць, што на здымку – знакаміты дуб з дубравы ў вёсцы Дубок Гервяцкага сельсавета.

1.jpg

Фота Алега Драгана


Знаходзіцца вёсачка ля ракі Віліі. Гэтыя мясціны славяцца не толькі векавымі дубамі, якім у свой час пакланяліся язычнікі, але і гаючымі крыніцамі са смачнай студзёнай вадой. Дарэчы, калодзеж адной з іх знаходзіцца непадалёк ад дуба, які адлюстраваны на здымку.

Гэта самы старажытны дуб Беларусі. Колькі яму гадоў, дакладна невядома: можа, 800, 900, а магчыма, і 1 000! Дрэва ўражвае не толькі вышынёй, але і шырынёй, – у абхваце яно больш за 7 метраў. Менавіта ў гонар дуба і была названа вёска. 

Пра гэты дуб расказвае і адна з серый  краязнаўчага праекта «Падарожжа дылетанта» Юрыя Жыгамонта. 

Так, у 34 туры конкурсу Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч, Марына Кімса, Вікторыя Іванцэвіч, Алена Памецька і Кацярына Вараб’ёва набралі па 4 балы – яны, і гэта ўжо стала традыцыяй многіх этапаў, да адказаў дадалі фотаздымкі і відэа. Ганна Мілашэвіч на гэты раз абышлася правільным адказам і фотаілюстрацыямі да яго і набрала 3 балы. Столькі ж атрымаў і Андрэй Ваўчок

За правільны адказ 1 бал налічаны Вандзе Вайшнаровіч.

Па выніках усіх тураў лідары не змяніліся, аднак зрухі ўсё ж адбыліся. Так, Ганна Мілашэвіч, якая трымалася на трэцім месцы разам з Жаннай Волк-Леановіч, адстала ад яе на 1 бал і пакуль апусцілася на чацвёртае месца – у яе 107 балаў. У Жанны – 108. На другой пазіцыі замацавалася Марына Кімса – 112 балаў. Лідзіруе, як і раней, Алег Драган – 114 балаў.


Дзе гэта, што гэта?

2.jpg


Нагадваем: далучыцца да конкурсу «Пазнай Астравеччыну» можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды, фотаздымкі і відэа.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).

Мадэратар праекта Ніна РЫБІК


Текст: Главный администратор