Пра што раскажуць у музеі Мальскага дзіцячага сада

08:53 / 09.09.2020
Астравеччына пакуль не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 

Пра кожны з іх мы расказваем у праекце «Астравецкай праўды» – «З экс­­пазіцыі школьнага музея»

Пачатак пачатку

Першая школа ў  сённяшнім аграгарадку Малі адкрылася ў 1927 годзе ў доме Вікенція Анімуцкага і працавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Заняткі тут вяліся на польскай мове, прозвішча першай настаўніцы – Рэгінская. 

14.jpg



Пасля вызвалення тэрыторыі раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  аднавілася і работа школы. На гэты раз яна адкрылася ў доме Браніслава Свілы,  выкладалі прадметы ў ёй па-руску.

У 1946 годзе з вёскі Філіпаны ў Малі перавезлі будынак, у якім адкрылі пачатковую школу. Яе дырэктарамі ў розны час былі Рэгіна Стаціна і Данута Пашкоўская.

У 1991 годзе пачала пісацца новая старонка гісторыі ўста­новы:  калгас «Чырвоны Каст­рычнік» узвёў будынак, у якім размясціліся дзіцячы садок і па­чатковая школа. Так было да 1996 года, калі тут адкрылася базавая школа.

У 2008 годзе ў рамках будаў­ніцтва ў Малях аграгарадка прайшоў капітальны рамонт бу­дын­ка. Праз нейкі час базавую школу рэарганізавалі ў дзіцячы сад-пачатковую школу, а потым тут застаўся толькі дзіцячы сад.

Спадчына

У нашым раёне Мальскі дзіцячы сад – адзіная дашкольная ўстанова, якая мае музей.   

– Наш садок унікальны сваім музеем. Мне здаецца, што і ў вобласці няма дашкольных устаноў, у якіх былі б  зарэгістраваны музеі, – расказвае загадчык садка Анастасія Багдановіч. – Канешне, у мно­гіх ёсць музейныя вугалкі, бе­ларускія хаткі, але не музеі.

12.jpg



Усё гэта адбылося, дзякуючы багатай спадчыне – яна дасталася садку ад базавай школы, дакладней, тых, хто займаўся зборам і захаваннем каштоўных рэчаў і прадметаў.

Калі глядзець па кнізе экспа­натаў, то першыя з іх паступілі ў школу ў 2004 годзе  – у той жа час адкрыўся і музейны пакой. 

13.jpg



У снежні 2018-га ва ўстанове з’явілася вялікае вольнае памяшканне, куды і «перасяліліся» сабраныя экспанаты. 

– Па ўмовах рэгістрацыі музея, яго плошча павінна быць не менш за 50 квадратаў і ўтрымліваць пэўную колькасць экспанатаў. Калі мы выканалі ўсе патрабаванні – з’явіўся музей, – расказвае загадчык садка.

Стваральнікам музейнага пакою ў 2004 годзе стала Вольга Нікалайкава – цяпер яна працуе ў СШ №1 і там таксама зай­маецца музейнай дзейнасцю. З 2013 года ім кіравала Наталля Буйнарэвіч. Пераўтварэннем пакою ў музей, які атрымаў назву «Спадчына», займалася Алена Змітровіч. Цяпер загадвае музеем  кіраўнік фізічнага выхавання і загадчык гаспадаркі Людміла Кажаноўская. 

Быт беларусаў

Умоўна памяшканне музея можна раздзяліць на некалькі частак. Самая вялікая з іх прысвечана жыццю і побыту беларусаў пачатку 20 стагоддзя.

Тут і гаспадыня беларускай хаты – печ, побач  посуд, якім карысталіся нашы продкі, вялікі стол з лавамі, ложак, калыска і, канешне ж,  абраз.

3.jpg

4.jpg


– Амаль кожны, хто працаваў у нашай установе ў розныя гады, зрабіў унёсак у развіццё  музея, – гаворыць Анастасія Багдановіч. – Рэчы збіралі ў жыхароў агра­­гарадка і бліжэйшых вёсак. Субаткевічы, Пашкевічы, Шлы­ко­вічы,  Гайдановічы  Раса­мацкія,  Капцюгі, Нікалай­кавы, Вайт­кевічы… – цяпер сямейная спадчына гэтых і многіх іншых людзей стала экспанатамі нашага музея.

Захоўваецца тут і шмат аса­бістых рэчаў Людмілы Кажа­ноў­скай і яе маці: вышыванкі, вы­цінанкі, дываны,  ручнікі  і іншыя.

Асаблівасцю гэтага музея з’яўляецца тое, што любы экспанат наведвальнікі могуць пакратаць, пасядзець на ложку, пакалыхаць калыску з лялькай, патрымаць у руках лапату, якой адпраўлялі ў печ хлеб…

2.jpg



– Тут так цікава, – наперабой расказваюць дашкольнікі. – Мы часта сюды прыходзім. У нас дома таксама ёсць такія ручнікі, а калыска зусім іншая – яна на падлозе стаіць.

1.jpg



Так малышы знаёмяцца са спадчынай сваіх продкаў і вучацца яе захоўваць.

– На  канікулах музей прымае шмат наведвальнікаў са школ і дашкольных устаноў раёна, – гаворыць Анастасія Багдановіч. –  Збанкі, калаўроты, прасы – усё гэта дзецям цікава.

Ішла вайна народная

Асобная экспазіцыя музея прысвечана па­дзеям Вялікай Айчыннай вайны і землякам, якім давялося прайсці праз яе выпрабаванні.

Адкрывае гэты раз­дзел вялі­кая панарамная карціна, якая адлю­ст­роўвае адзін з баёў, – гэта падарунак музею нас­таў­­ніцы пачатковых класаў Люд­мілы Грымбоўскай. Побач раз­мясцілася яшчэ адна  экспа­зіцыя-панарама баёў Вялі­кай Ай­чын­най вайны – асабліва ёй  цікавяцца  хлопчыкі.

5.jpg



На стэндах размешчаны фота­здымкі і біяграфічныя звесткі пра землякоў, якія прайшлі да­рогамі вайны.

– На лёс Мечыслава Ігнатовіча выпала шмат выпрабаванняў. Ён удзельнічаў у абароне Ленін­града, перажыў блакаду, трой­чы быў паранены. Пасля апошняга ранення Мечыславу Станіслававічу прапанавалі камі­­савацца, але ён вырашыў пра­доўжыць службу ў канвойных войсках. І толькі ў 1946 го­дзе вярнуўся на Астравеччыну, – праводзіць экскурсію загадчык дзіцячага садка. – Яшчэ адзін наш зямляк Браніслаў Лаўрэцкі на вайну адправіўся ў 1944 го­дзе. Ваенную падрыхтоўку праходзіў у Любліне, прысягу прымаў у Варшаве, ваяваў у пяхотнай роце пры танкавай дывізіі. 

6.jpg



Казімір Базюк, Станіслаў Ані­муцкі  і іншыя землякі-салдаты – у кожнага з іх свой лёс і свая перамога. Некаторыя  не вярнуліся з вайны.

У час святкавання юбілейных  дат экспазіцыя перамяшчаецца ў фае, каб з ёй маглі пазнаёміцца ўсе, хто заглядвае ў садок. 

Малая радзіма

Гэты раздзел музея прысвечаны гісторыі вёскі, школы і  калгаса.

7.jpg



– Адданыя працы – так мы характарызуем працаўнікоў сель­скай гаспадаркі, – расказвае Анастасія  Багдановіч. – Раней Малі адносіліся да калгаса «Чыр­воны Кастрычнік», дзякуючы якому, нагадаю, мы маем такі цудоўны будынак.

І  таму адна з экспазіцый прысвечана старшыні  калгаса Чаславу Рынкевічу.

– З сельскай гаспадаркай гэты чалавек быў звязаны з 1950 года – пачынаў рахункаводам, працаваў галоўным аграно­мам, з 1959 года узначаліў «Чырвоны Кастрычнік», – расказвае экскурсавод. – Вопытны, ініцыятыўны, адукаваны чалавек – пад яго кі­раўніцтвам калгас дабіваўся леп­шых вынікаў па ўраджайнасці збожжавых і па надоях у жы­вё­лагадоўлі. 

Захоўваюцца ў музеі і экспа­наты, звязаныя са школай. Самы каштоўны – пасведчанне, выдадзенае Чаславу Мекіну, аб заканчэнні школы ў 1945 годзе.

10.jpg


Асоба Гашкевіча

У асноўным пакоі музея размешчаны толькі невялікі  стэнд, распавядаючы пра жыццё і дзейнасць нашага земляка, першага расійскага консула ў Японіі Іосіфа Гашкевіча. Галоўная экспазіцыя знаходзіцца  ў другім кабінеце. 

8.jpg



– Вывучэннем дзейнасці Іосі­фа Гашкевіча ў нашай навучальнай установе займаліся шмат гадоў, – узгадвае Анастасія Баг­да­­­новіч. – Былі наладжаны тры­ва­лыя стасункі з беларуска-япон­скім цэнтрам у Мінску, да нас не раз наведваліся госці з Японіі, мы маем шмат лічбавых матэрыялаў, якія датычацца жыцця і творчасці нашага славутага земляка.

У 2017 годзе навучальная ўста­нова стала ўдзельнікам конкурсу дабрачынных праектаў, які праводзіла АТ ІК АБЭ.

– У выніку праект «Наш зямляк Іосіф Гашкевіч – першы расійскі консул у Японіі» атрымаў грашовую падтрымку ў 68 тысяч ра­сійскіх рублёў. Дзякуючы гэтаму,  мы  змаглі аформіць экс­па­зі­цыю, набыць аргтэхніку для выпуску інфармацыйных ма­тэрыялаў.

На стэндзе адлюстраваны найбольш значныя падзеі з жыцця Гашкевіча і яго сям’і; напісаныя ім і пра яго кнігі; інфармацыя аб аб’ектах, названых у гонар  славутага земляка.  Тут жа размешчаны копіі матэрыялаў і макет памятнага знака, устаноўленага ў аграгарадку Малі.

9.jpg


У часе і прасторы

У спадчыну ад школы дзіцячаму садку засталося некалькі старых альбомаў. Сярод іх – летапіс Мальскай базавай школы, у якім падрабязна расказваецца пра святы і мерапрыемствыя, што праходзілі ва ўстанове на працягу года.

– Працуюць у нашым музеі і часовыя выставы, – расказвае Анастасія Багдановіч. – Так, у нас сабрана багатая калекцыя старых навагодніх цацак – мы ўпрыгожваем імі ёлку. Ёсць у нас калекцыя паштовак  савецкіх часоў – прыгожыя, каляровыя – такіх цяпер ужо і не знойдзеш.

Увагу дашкольнікаў абавязкова прыцягвае часовая выстава па энер­газберажэнні, дзе саб­раны экспанаты ад кера­сінавай лямпы  да розных відаў лямпачак.

11.jpg



Праводзяць у музей­ным па­мяш­­канні і розныя  святы: Ка­ляд­кі, Ма­­­сленіцу, Дажынкі і ін­­шыя, удзельнікамі якіх з’яў­­ляюцца дзет­кі, іх баць­кі і выхавальнікі.


ЛІЧБА

157 экспанатаў сабрана ў музеі «Спадчына», 128 – адносяцца да асноўнага фонду.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Елена Ярошевич