Проект БРСМ «Память потомков»: #Беларусьпомнит. О родственниках-фронтовиках Василии Гузове и Николае Иванове рассказала Светлана Мешкис

08:58 / 25.08.2020

Ураджэнцы Віцебшчыны сталі ў анлайн-строй рэспубліканскага чэленджу #Беларусьпомніць.

Пра сваіх родзічаў, ураджэнцаў Віцебшчыны, расказала астраўчанка Святлана Мешкіс.

8.jpg

Васіль Дзмітрыевіч Гузаў нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Трыбаны Дубровенскага раёна.

– Так сталася, што мае родныя амаль нічога не ведалі пра ваеннае мінулае нашага Васіля, не захавалася нават яго фота. Цётка Ганна пісала, што ў дзядзькі быў сябар – таксама Васіль; яны родам з адной мясцовасці і ваявалі разам. Ён меў здымак нашага Васіля. Пасля вайны цётачка адшукала таго чалавека, аднак мужчына адмовіўся аддаць фотакартку, сказаўшы, што яго з ёй пахаваюць – бо наш Васька яму жыццё выратаваў, – кажа жанчына. – Ад цёткі я ведаю і тое, што апошні раз дзядзьку бачылі, калі заязджаў да бацькоў у Оршу. Затрымаўшыся ў родных на тыдзень, ён адстаў ад эшалона. З-за гэтай правіны яго накіравалі на фронт – 4 лютага 1945 года Васіля не стала. Дзе ён загінуў і дзе пахаваны, даведаліся шмат пазней.

Як сведчыць даведка, якую атрымала сястра франтавіка Кацярына ў 1981 годзе, «малодшы лейтэнант Гузаў <…> пахаваны на паўночна-ўсходняй ускраіне Панскага Двара Фрэйдэнфер Памеранія /Германія/».  

1.jpg

Даведка аб месцы пахавання Васіля Гузава


Каб знайсці хоць якія звесткі пра франтавы шлях родзіча Святлана Мешкіс звярнулася за дапамогай у Беларускі Чырвоны Крыж.

– У 2002 годзе пачула па радыё, што ў гэтым таварыстве ёсць служба пошуку. І звярнулася туды. Адказ быў такім: запыт на дзядзьку адпраўлены ў цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Фэдэрацыі, вышук зойме часу ад года і больш. Праз год прыйшла вестка: «у ліку баявых страт сяржантаў і салдат Савецкай арміі <…> не лічыцца», – распавядае астраўчанка.

Аднак надзеі жанчына не губляла: беларуская служба пошуку звярнулася з запытам ў Польскі Чырвоны Крыж. Прайшоў яшчэ год, перш чым Святлана атрымала ліст, дзе паведамлялася, што «па паведамленні Польскага Чырвонага Крыжа, астанкі савецкіх салдат, загінулых і пахаваных пярвічна ў м. Швец’я (ранейшая нямецкая назва – Фрэйдэнфер), гміна Швец’я, б.пав. Валч, пасля вайны былі перапахаваны на воінскіх могілках салдат Савецкай арміі ў Валчу-Букавіне, ваяводства Заходне-Паморскае, Польшча» з указаннем нумара рада і магілы Гузава.

2.jpg

Даведка аб перапахаванні


– Думаю, на тое, што пошук так доўга цягнуўся, ёсць дзве прычыны: альбо з-за таго, што архівы адкрываліся паступова, альбо з-за таго, што мой дзядзька, згодна з дасланымі Чырвоным Крыжом дакументамі, нарадзіўся ў 1914 годзе, а на самой справе – у 1922-м і гэты год я ўказвала ў зваротах, – разважае Святлана.

– У 2006 годзе работнікі астравецкага музея падказалі адправіць запыт на дзядзьку ў цэнтральны архіў, – працягвае пляменніца франтавіка. – І мне даслалі копію выпіскі з паслужной карткі ўліку афіцэрскага складу дывізіі, дзе служыў наш Васіль. Так я даведалася, што дзядзька прызваны радавым 448-га асобнага артылерыйскага палка 14 сакавіка 1941 года, а ў жніўні атрымаў першае раненне. Скончыў Краснадарскае пяхотнае вучылішча. Служыў камандзірам кулямётнага аддзялення 1 326-га стралковага палка 422 стралковай дывізіі 64 арміі. У пачатку 1943-га быў паранены ў другі раз. Пасля шпіталю накіраваны ў 335-ы гвардзейскі стралковы полк 81-й гвардзейскай стралковай дывізіі 7-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту камандзірам кулямётнага аддзялення. Праз тры месяцы – ізноў атрымаў раненне. Пасля гэтага яго перавялі ў запасную стралковую брыгаду і залічылі ў рады курсантаў 2-га Астраханскага пяхотнага вучылішча, пасля заканчэння якога накіравалі камандзірам узвода 27 АПРС 1-га Беларускага фронту. У канцы кастрычніка 1944-га дзядзьку залічылі ў рэзерв 47-й Арміі камандзірам кулямётнага ўзвода 216-га стралкова палка 76-й стралковай дывізіі.

А 4 лютага 1945 года Васіля Дзмітрыевіча Гузава не стала.

3.jpg

Імянны спіс загінулых


З загада 76-й стралковай Ельненскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі: «за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць малодшы лейтэнант камандзір кулямётнага ўзвода 216-га стралковага палка Васіль Гузаў 12 студзеня 1945 года ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Даты подзвігу: 12.08.1941, 10.02.1943, 14.07.1943».

4.jpg

Загад аб узнагароджанні ордэнам Чырвонай Зоркі


Франтавік таксама ўзнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда». 


Тэлефаніст Мікалай Іваноў

– Са стрыечным братам маёй маці Мікалаем Лукічом я знаёма больш па лістах і фотаздымках – па просьбе бацькоў вяла з ім перапіску. Нарадзіўся дзядзька ў 1919 годзе, – расказвае Святлана. – З 1939 года працаваў ад ваеннай часці на дрэваапрацоўчым камбінаце. Падчас Вялікай Айчыннай дзядзька ваяваў на Калінскім, 2-м Прыбалтыйскім, 1-м Беларускім франтах.

5.jpg

Мікалай Іваноў злева


З загада 136-й армейскай пушачнай артылерыйскай рэжыцкай чырвонасцяжнай ордэна Суворава брыгады 3-й Ударнай арміі: «<…> за ўзорнае выкананне баявых заданняў <…> і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць узнагародзіць ордэнам Чырвонай Зоркі <…> малодшаму сяржанту тэлефаністу 2-га дывізіёна». Ва ўзнагародным дакуменце франтавіка пазначаны даты подзвігаў – тры за адзін месяц: 13.04.1945, 16.04.1945, 29.04.1945.

6.jpg

Загад аб узнагароджанні ордэнам


Акрамя ордэна, ветэран узнагароджаны медалямі «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.».

7.jpg

Узнагародны ліст. Медаль «За вызваленне Варшавы»


– Дзядзька Мікалай пісаў, што на вайне атрымаў кантузію – з-за гэтага дрэнна чуў, – дзеліцца жанчына.

У адным з лістоў да стрыечнай пляменніцы Іваноў расказваў: «Дэмабілізаваўся я ў 1946 годзе. Сябар пацягнуў у Кіеў. Жаніўся ў 1948 годзе. У 1951-м нарадзілася дачка Ніна. У гэты перыяд была адменена картачная сістэма, а самі без адзежкі і абутку. Адзін час жылі ў бараках. <…> Атрымалі «хрушчоўку». Тады я забраў да сябе маму з сястрой, якія жылі ў зямлянцы. <…> Брат Ілля прыўшоў без нагі з вайны. <…> Парфір падарваўся на міне <…>».

– Пасля вайны дзядзька некалькі разоў прыязджаў у родную Беларусь і вельмі смуткаваў па радзіме, – завяршае ўспаміны Святлана Мешкіс.



У суполцы Астравецкага РК ГА БРСМ створаны фотаальбом «Памяць нашчадкаў». Калі вы хочаце расказаць пра свайго родзіча-франтавіка, тэлефануйце па нумары 8(01591) 7-98-43 альбо пішыце на электронны адрас ostrovets.brsm@mail.ru і дзяліцеся ўспамінамі пра вашага героя. Няхай імёны абаронцаў Радзімы застануцца ў памяці нашчадкаў.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Рита Дремо