Пра мінулае і сучаснасць вёскі Палесціны расказваюць яе жыхары

15:28 / 16.08.2020

Любая старонка, мілыя сэрцу краявіды, малая радзіма – напэўна, у кожнага чалавека ёсць такое месца на зямлі, дзе ён будзе адчуваць сябе па-сапраўднаму шчаслівым, бо там добра, хораша, утульна. І няважна, далёка ці блізка ад яго горад, ёсць там магазін ці прыязджае аўталаўка… Галоўнае, каб радзімка жыла – хоць бы ў памяці людской…

Гісторыі жыцця вёскі Палесціны расказалі яе жыхаркі Гэлена Бараноўская і Рэгіна Шасцялінская.

4.jpg

Гісторыя 1.

НЕЗВЫЧАЙНАЕ ІМЯ

Вы дзівіцеся такой незвычайнай назве невялічкай беларускай вёсачкі? Не трэба! Аказваецца, усё проста і заканамерна.

– Існуе дзве версіі ўз­нікнення назвы нашай вёскі, – пачынае расповед Гэлена Ба­раноўская (на фота). – Першую я чула ад мамы. Калісьці тут расло шмат клёнаў. А раней на кляновым лісці пяклі хлеб. Выпаліўшы печ, выграбалі вуголле, высцілалі лісцем ніз, каб печыва не падгарэла і не запэцкалася, клалі цеста і выпякалі. Часта прыходзілі з іншых вёсак ПА ЛІСТЫ – ад гэтага і пайшла назва вёскі: Палістыня.

– Згодна з другой версіяй, – працягвае жанчына, – некалі ў гэтым месцы быў маёнтак. Але раптам прыйшла навала: ад невядомай хваробы сталі паміраць людзі – маёнтак апусцеў. Неяк міма праязджаў кіеўскі князь Пронскі. Яму спадабалася наша мясцовасць, і ён даў покліч па наваколлі: хто прыйдзе жыць на гэтыя землі, не будзе плаціць 5 гадоў падаткі. І пацягнуліся бедныя людзі сюды – хто пешшу, хто на вазах. Засяліліся ў пустыя хаты, пачалі апрацоўваць зямлю, а месца назвалі зямлёй запаветнай – Палесцінай.

 

Гісторыя 2.

ПАНСКІ МАЁНТАК

Як сведчыць кніга «Памяць. Астравецкі раён», вёска Па­ле­сціна вядома з сярэдзіны XVI ста­годдзя як маёнтак Полпяны. Першы яго ўладальнік кіеўскі ваявода князь Фрыдрых Пронскі, апошні – пан Котвіч.

2.jpg

– Казалі, што Котвіч прагу­ляўся ў карты і вымушаны быў прадаваць сваю маёмасць, каб вылезці з даўгоў, – тлумачыць Гэлена. – Мой дзед Карл Аўсюкевіч, які жыў у Завельцах, паехаў на заробкі ў Амерыку. Вярнуўшыся адтуль, у 1921 годзе ён адкупіў палову хаты, у якой я цяпер жыву, і падзяліў яе на трох сыноў. Другую палову выкупіў Чаркоўскі – таксама зарабіў грошы ў Амерыцы (цяпер яна таксама належыць Гэлене, якая выкупіла яе ў дачкі Чаркоўскага. – Заўв. аўт.).

Ад былога маёнтка ў Палесціне захаваліся 6 збудаванняў: частка панскага дома; млячарня, дзе выраблялі яшчэ і сыры; хлебапякарня;панская кухня, якая ўтрымлівала пакоі для парабкаў; хлеў і гумно.

Панскую хату выкупілі дзве сям’і – Шасцялінскіх і Лаў­ры­ноў. Да гэтага часу на вокнах Рэгіны Шасцялінскай захаваліся яшчэ панскіх часоў аканіцы, печ і масіўная камода.

5.jpg

– Дом, дзе я жыву, быў удвая большы – мой жа свёкар ад­купіў толькі палову. У нас была вялікая веранда – вяла аж да рэчкі, – прыгадвае жыхарка Па­ле­сціны Рэгіна Шасцялінская (на фота). – А ў другой частцы сям’я Лаўрыноў жыла. Потым гаспадар памёр, засталася яго жонка з дзецьмі. Як прыйшлі Саветы, тую бабу раскулачылі, хацелі вывезці ў Сібір. Яна, бедная, засталася ў хаце, хавалася на гарэ (гарышча. – Заўв. аўт.). Колькі разоў прыязджалі яе лавіць! Мы падкормлівалі яе.

Рэгіна ўзгадвае 1952 год. Калі выйшла замуж, прыйшла жыць у свёкраву хату, тая жанчына ўсё яшчэ хавалася.

– Я гарод палю, а яна праз акенца крычыць да мяне: «Рэня, Рэня, я табе скажу, калі агуркі садзіць! Садзі ў панядзелак. Як устанеш адразу нічога не рабі, але садзі агуркі найперш!» Што ж было агуркоў – мора! Божа-божа, якая баба добрая была, спагадлівая і так пакутавала! А тады сыны яе, якія выехалі ў Польшч, як крыху прыцішылася, – забралі маці, – расказвае Шасцялінская. – А цяпер нікому нічога во і не трэба – жыць у хатах няма каму, зямля не патрэбная – а як раней за кожны кавалачак ваявалі, за любы лапік! Калі Лаўрынова выехала, у яе палове нейкі час жыў бухгалтар калгасны Косцель.

Ад панскай хаты з цягам часу засталася толькі палова – частку забраў калгас.

– Мы тую палову самі адразалі – бо ўсю хату пацягнула б. А адпілаваны бок дошкамі забілі, – тлумачыць гаспадыня. – Гумно маё таксама польскае (засталося ад паноў. – Заўв. аўт.), калгас ім карыстаўся 50 гадоў, а тады прадаваў – дык я адкупіла.


Гісторыя 3.

СЯЛЯНСКАЕ ЖЫЦЦЁ

– Да калгасаў усе палесцінцы на сваёй зямлі працавалі. Багацейшыя людзей наймалі. Гэта цяпер ужо гультуем, – смяецца Рэ­гіна Шасцялінская.

А калі калгасы ўтварылі, жы­вёлу туды пачалі сабіраць – і ні­хто не пытаў, хочаш ці не! Кароў, па ўспамінах Рэгіны, не бралі, – патрэбны былі коні, колы, плугі…

– Як прыйшла жыць у Пале­сці­ну (1952 год), вёска была інакшая, харашэйшая! Хатаў шмат: Ва­­цюкевічаў, Лаўрыновічаў, Ля­пе­шаў, Ядзевічаў; Мацкелы і Шаў­лісы – наязджомыя былі, на хутарах вакольных – Баг­да­новічы, Буй­кі, Кучынскія, Ер­макі… – пе­ралічвае Шасця­лін­ская.

– Раней тут скрозь ліпы былі, клёны! Цяпер ад панскага парка амаль нічога і не засталося, – праводзіць экскурсію па роднай вёсцы Гэлена Бараноўская, уз­гадваючы 50-я – пачатак 60-х га­доў ХХ стагоддзя. – Бывала, малыя ўзлезем на ліпы, глядзім, як людзі ў Міхалішкі едуць на конях на кірмаш, а мы сядзём на дрэвах і кідаем што-кольвек у іх, смяёмся. Заўсёды чакалі бацькоў – нешта ж прывязуць: цукеркі, пернікі...

На кірмаш вяскоўцы адпраў­ляліся не толькі за пакупкамі, ехалі і капейчыну зарабіць – тое-сёе з гаспадаркі прадаць.

– Сваіх дзяцей, гэта пачатак 80-х быў, летам вазіла ў Вільню ў кінатэатр і абавязкова марожанае купляла – елі, колькі лезла. Квіток на аўтобус каштаваў 1 рубель 20 капеек, – дзеліцца Гэлена Бараноўская.

Хоць і зямелька, як кажа Рэгіна Шасцялінская, у вяскоўцаў была, і гаспадарку трымалі, а ўсё ж паясы часам падцягваць да­во­дзілася амаль кожнаму – тады палесцінцы ішлі за дапамогай на бліжэйшы хутар.

– Грошы пазычаць вясковыя ха­дзілі, дай, Божа, яму неба, у Кучынскага. Ён на хутары жыў, чалавек стары быў, але такі добры! У яго адзін сын загінуў на вайне, а другі выехаў у Польшчу – ён потым забраў бацьку да сябе, – распавядае жанчына.

У бібліятэку палесцінцы ха­дзілі ў суседнія Чэхі. Пазней кнігі сталі прывозіць у вёску.

– У адной палове маёй хаты жыў хлапец Рыгор Козел – ён не­хадзячы быў. Яму прывозілі з бібліятэкі кнігі і ён іх выдаваў вяскоўцам, вёў улік, каму, што і калі даў. А пасля бібліятэка на колах стала прыязджаць. Цяпер ужо няма каму і чытаць… – з сумам зазначае Гэлена Бараноўская.

 

Гісторыя 4.

АКОННЫ СЕАНС

– Шмат дзяцей і моладзі раней у вёсцы было! А як васола! Добра! Гулялі ў пікера, «Ручаёк», «Гару – палаю» – каго люблю – паймаю. У спіцы яшчэ: палкі трымаеш крыж-накрыж і, удараючы адна аб другую, адпускаеш, каб адляцела, альбо ў адной руцэ трымалі палкі і тады кідалі – чыя далей, той і выйграў, – нібы перанёсшыся ў дзяцінства, тлумачыць умовы гульняў Гэлена Бараноўская. – На Вельканац ішлі па яйкі ўсе разам. На рэчку – Ашмянка адразу за маёй хатай цячэ – хадзілі купацца.

3.jpg

У Палесціне школы не было. Гэлена ў пачатковую школу хадзіла ў Відзюны, у сярэднія класы пайшла ў Чэхі, а старэйшыя заканч­вала ў Міхалішках.

З непрытоенай настальгіяй га­варылі жанчыны пра сваю маладосць.

– Танцы былі па хатах – па чарзе давалі, – кажа Гэлена. – Музыканты калі свае былі, а калі хлопцы ехалі і ў іншыя вёскі запрашаць. Коля Булавіцкі (на самой справе ён Алегам зваўся) і Роберт – не прыпомню яго прозвішча – часта ў нас гралі.

– У Кярэлі, Яцыны хадзілі танца­ваць, за Вяйлю (Вілію. – Заўв. аўт.). Прыходзілі пад раніцу. Хлоп­цы дахаты прапускалі. Я і са сваім, вечны супакой, мужам па­знаё­мі­лася на танцах – тады ў ягонай хаце былі ў Яцынах, – працягвае жанчына. – Помню, паехала ву­чыц­ца ў Вільню, а на выхадныя рва­лася дахаты – танцы ж. А як пост пачынаўся, няможна забавы было ў вёсцы ўстройваць, дык за­ста­валася на Літ­ве – і па клубах. А маме ўсё кажу, што рабочая субота.

– У маю маладосць танцы граў Вацюнька Вайцюлёвы, – успамінае Рэгіна. – А на танцах жа як біліся! От цяпер кажуць, што моладзь дрэнная – добрая!

На кіно вяскоўцы хадзілі да Лаў­рыновічаў і Ша­сцялінскіх, філь­мы круціў чалавек з Міха­лішак. Сеанс каштаваў 5 ка­пеек.

– Як мне не давалі грошай, дык я тады ў сяброўкі папрашу акно адчыніць – і гэтак прастаю пад ім, гледзячы, – кажа Гэлена. – Першы тэлевізар у нашай вёсцы з’явіўся ў Лісоўскіх – ну і, вядома ж, уся малеча да іх! Былі ім надаеўшы!

 

Гісторыя 5.

ДУША

Цяпер у Палесціне стаіць 4 да­мы, у якіх жыве 8 чалавек.

1.jpg

– Раней на маёўкі каля крыжа збіраліся, а цяпер няма каму хадзіць. Ксёндз прыязджае на Вельканац яйкі свенціць пад крыжом і спавядаць перад святамі – ходзім з ім па хатах, – кажа Гэлена Бараноўская. – Аўталаўка прыязджае 2 разы на тыдзень: у сераду – дзяржаўная, а ў пятніцу – прыватніка, міхалісная.

– Гумно маё тут, у пачатку вёскі, некалі стаяла. Стайня была калгасная вялікая, коней шмат! Гумна, дзе лён складалі, таксама ўжо няма, – працягвае жанчына. – Цяпер гэту зямлю ўзяў у арэнду прыватнік – засеяў во. І добра, што не пустуе!..

– Няма каму ні святкаваць, ні збірацца, ні чытаць; дзяцей няма, хаты пакрысе знікаюць… Шкада… Але каб вы ведалі, як я люблю гэтую вёску! Тут мая душа! – узбадзёрваецца Гэлена Бараноўская.

Кажуць, чалавек жыве роўна столькі, колькі пра яго помняць. Няхай жа жыве і гэтая вёсачка – ва ўспамінах яе дзяцей і іх нашчадкаў. А калі памарыць – то ў адроджаных дамах, хоць бы напачатку і пад дачы.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Рита Дремо