Пра настаўніцу Чэрнішскай школы Таццяну Бразевіч успамінае яе дачка

13:13 / 16.08.2020

Аўтарская калонка Ніны Рыбік «Напісанае застаецца» («АП» ад 19 мая 2020 г.) натхніла мяне на тое, каб запісаць успаміны пра маю светлай памяці матулю Таццяну Паўлаўну Бразевіч, у дзявоцтве – Ганчар. Як удала падмеціла аўтар, трэба ўспамінаць тое, што яшчэ засталі, паспелі ўбачыць мы – і чаго ўжо не ведаюць нашы дзеці.

1.jpg

Цікава, ці засталіся яшчэ ў вёсцы Чэрнішкі жыхары, якія ведаюць, што тут была пачатковая школа і дзе знаходзіўся той будынак? У далёкім 1948 годзе пасля заканчэння Лепельскага педагагічнага вучылішча сюды прыехала працаваць мая мама. Сёння мне, маці траіх сыноў, страшна ўявіць, з якім сэрцам і думкамі мая бабуля адпускала сваю дачушку, зусім яшчэ дзяўчо, у далёкі свет, у чужы край, дзе ўсё інакшае: традыцыі, звычаі, нават мова. Але што было рабіць? У сям’і гадавалася яшчэ трое меншых дзяцей. Іх бацька, муж маёй бабулі, не вярнуўся з вайны. Мама расказвала, што студэнтаў педвучылішча адзін раз у дзень кармілі – і яна, сама галодная, несла ў збанку суп, што ёй давалі на абед, дамоў, каб накарміць малых.

У Чэрнішках пачаўся яе працоўны шлях. У мяне захавалася некалькі фотаздымкаў мамы з вучнямі. Хочацца спадзявацца, што нехта з тых школьнікаў жыве і працуе на Астравеччыне, што пазнае сябе, успомніць дзяцінства, сваю першую настаўніцу – і падзеліцца гэтымі успамінамі. (Дарэчы, на гэта ж спадзяецца і рэдакцыя «АП».)

2.jpg

На Астравеччыне маці сустрэла свой лёс – чэрнішскага хлопца, майго бацьку. Выйшла замуж, нарадзіла сына. Пасля яе перавялі працаваць у Гуры – у гэтым цудоўным маляўнічым месцы нарадзілася я.

Гурская школа размяшчалася ў былым панскім маёнтку, які стаяў на ўзгорку. Ад дома ўніз вяла брукаваная дарога, абса­джаная бэзам, ясенем і іншымі дрэвамі і кустамі. Ніжэй па алеі паабапал былі стаўкі, яшчэ некалькі – далей па дарозе да вёскі Гуры. На жаль, усё гэта хараство не захавалася.

У пачатку 60-х гадоў школу ў Гурах зачынілі. Будынак пе­ра­везлі ці то ў Альгіняны, ці ў Ізабеліна..

Амаль 20 гадоў аддала матуля працы ў сістэме астравецкай адукацыі. На жаль, яна рана пайшла з жыцця – цяжка хварэла: галоднае ваеннае дзяцінства і юнацтва адбіліся на яе здароўі.

Я часта думаю: калі б матуля была жывая, як бы яна радавалася сваімі дзецьмі, уну­камі, праўнукамі, як бы гана­рылася сваім сынам Славам, пра­фесарам Санкт-Пецяр­бур­­г­скага ўні­вер­сі­тэта, докта­рам сацыялагічных навук, пал­­коўнікам у адстаўцы Ста­­нісла­вам Ста­ніслававічам Бра­­зевічам. Так, як цяпер гана­ру­ся ім я, яго сястра, і пляменнікі. І ўсе мы ўдзячны сваёй дарагой матулі за пуцёўку ў жыццё, за ўрокі мудрасці і дабрыні.

Галіна ШПІРОНАК, п. Гудагай.


Текст: Главный администратор