Тры родных гарады Віктара Зелянко

10:13 / 08.08.2020

Амаль пяць гадоў працуе намеснікам старшыні райвыканкама Віктар Зелянко – але асоба яго мала вядома шырокаму колу жыхароў Астравеччыны. Што гэта за чалавек, якія ў яго карані, планы і мары, што ён любіць і чым захапляецца – пра гэта мы даведаліся, пагутарыўшы з Віктарам Мікалаевічам напярэдадні Дня будаўніка.

1.jpg

– Цікава: вас завуць гэтак жа, як вашага папярэдніка на гэтай пасадзе, Віктара Мікалаевіча Аксютчыка. Вас што, спецыяльна па імені падбіралі на гэтую пасаду?

– Сапраўды, так часам жартуюць калегі.

Хоць здараліся і анекдатычныя выпадкі. Віктар Мікалаевіч Аксютчык займаў гэтую пасаду, а я працаваў у 41-м трэсце – мы тады будавалі ферму ў Рытані і наша знаёмства было тэлефонным. «Прадстаўцеся», – просіць мяне суразмоўца. «Віктар Мікалаевіч», – адказваю. «Ды я ўжо 60 год Віктар Мікалаевіч – вас як завуць?» – чую, што трубка пачынае «закіпаць». Давялося тлумачыць, што мы – поўныя цёзкі.

Потым, калі я ўжо працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, на рабочы нумар патэле­фанавалі з Мінскай вобласці.

– Віктар Мікалаевіч?

– Так. 

І далей чалавек пачаў успа­мінаць справы даўно мінулых дзён, дзякаваць за нейкую дапамогу – а я не магу ўцяміць, што да чаго. Нарэшце зразумеў: падзяка адрасавалася майму папярэдніку. Калі растлумачыў, суразмоўца доўга не мог паверыць, што на гэтай пасадзе ў Астравецкім раё­не працуюць адны Віктары Міка­лаевічы…

– А як вы апынуліся на гэтай пасадзе? 

Ці, напэўна, лепш пачаць з больш далёкіх падзей: як вы ўвогуле апынуліся ў будаўніцтве?

– У мяне ніколі не было сум­ненняў наконт таго, кім быць. Заўсёды ведаў, што стану будаўніком, як бацька.

Я нарадзіўся і вырас у Шаркаў­шчыне Віцебскай вобласці – сёння гэта адзін з самых, як прынята гаварыць, стагнацыйных раёнаў краіны. Хоць ён практычна не адрозніваецца ад Астраўца да пачатку будаўніцтва АЭС: такая ж колькасць насельніцтва, маляўнічая прырода – і адсутнасць прадпрыемстваў, дзе маглі б знайсці прымяненне сваім здольнасцям і сілам маладыя людзі.

Бацька мой усё жыццё пра­цаваў у меліярацыі – гэтае прад­­прыемства займалася, апроч профільных работ, яшчэ і будаўніцтвам. Ён быў прарабам, затым галоўным інжынерам, працаваў нават пасля выхаду на пенсію – да 67 гадоў.

Бацька для мяне заўсёды быў аўтарытэтам, таму пасля школы я, не задумваючыся, падаў дакументы ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. А праз два гады туды ж падаўся і малодшы брат. Цяпер ён жыве і працуе ў Наваполацку.

Дарэчы, не ведаю, парадокс гэта ці заканамернасць, але сем’і і ў мяне, і ў брата – амаль поў­ная копія бацькоўскай. Наша мама працавала настаўніцай ма­тэматыкі – і ў нас з братам жонкі таксама настаўніцы, мая дык яшчэ і «матэматычка». Нездар­ма кажуць, што дзеці, свядома ці не, капіруюць свае сем’і.

Пасля ўніверсітэта я хацеў вярнуцца ў родную Шаркаўшчыну – яе неперспектыўнасць мяне не палохала. Але чамусьці запыт ва ўніверсітэт на маё размеркаванне арганізацыя, дзе я праходзіў практыку, рабіць не захацела. А вось Смаргонскі трэст №41, куды параіў звярнуцца сябар, узяў.

– Пачыналі вы, як практычна і ўсе выпускнікі, з «лейтэнан­ц­кай» пасады майстра. А як даслужыліся да «генеральскіх» вышынь? Ці яшчэ не генеральскіх – ёсць куды імкнуцца?

– Не, мяне гэтыя «пагоны» цалкам задавальняюць.

Я чалавек не амбіцыйны, ніколі не імкнуўся зрабіць кар’еру – яна неяк сама па сабе рабілася… Пасля майстра прызначылі прарабам, потым – старшым прарабам, намеснікам начальніка. Калі да нашага трэста далучылі нерэнтабельную мэблевую фабрыку, на яе базе стварылі вытворчае падраздзяленне «Дрэўпласт» – рабілі для ўласных патрэб пластыкавыя вокны, дзверы. Мяне прызначылі кіраўніком гэтай выт­вор­часці. Потым перакінулі на «Смаргоньжалезабетон» – тады фер­мы ак­тыў­на будавалі па дзяр­жаўнай праграме, і ўсё жалезабетоннае аб­сталяванне для іх мы самі вы­пускалі.

Кожная прыступка па кар’ер­най лесвіцы адбывалася як па плане: праз два гады. Вось толькі ў Астраўцы затрымаўся ўжо амаль што на пяць...

– Выходзіць, вы займаліся не толькі будаўніцтвам, але і вытворчасцю. Што цікавей?

– Вядома ж, будоўля! Ну, разабраўся я, як робяцца тыя дзверы і вокны – да болціка, да шурупчыка. І што? Сёння – акно, заўтра – акно… А на будоўлі прыязджаеш на пляцоўку, у чыс­тае поле – і ўсё пачынаецца з катлавана. Месіш гразь – задзел аб’ектаў, як правіла, адбываецца позняй восенню ці зімой, – і часам здаецца, што гэта ніколі не закончыцца. Але паступова, дзень за днём, вырастае дом ці дзіцячы садок, ці школа – і ты не назіральнік за гэтым працэсам, а яго непасрэдны ўдзельнік! Ніколі не надакучае. Тым больш што і аб’екты кожны раз новыя – нават калі нешта ўзводзіцца па тыпавому праекту, усё роўна ў кожнага нейкія асаблівасці. На будоўлі не засумуеш – тут кожны дзень не падобны на папярэдні і ніколі не ведаеш, што адкуль «прыляціць».

– А якія з будоўляў сталі для вас знакавымі?

– У Смаргоні амаль што насу­праць стаяць два бу­дынкі, якія сёння ствараюць твар горада, з’яўляюцца яго адмет­насцямі – праваслаўны сабор і ЗАГС. Абодва ў свой час былі даў­габудамі, абодва ўзво­дзіліся пад маім кіраўніцтвам – і не без цяжкасцей. Асабліва цар­ква! І рабілі, і перараблялі, бо дак­ладнага праекта не было. Здаралася, што ў разгар працэсу, хоць тэрміны «гарэлі», настаяцель айцец Сергій гаварыў: «Заўтра не працуем – свята» – і мы пераходзілі на ЗАГС.

Розных прыгод хапала на гэтых будоўлях – але сёння прыемна бачыць, што яны патрэбны лю­дзям. Дарэчы, зусім нядаўна, на свята Іллі, быў у царкве – пляменніка хрысцілі. Калі па шчырасці, не столькі маліўся, колькі ацэньваў, як выглядае наша работа пасля некалькіх гадоў эксплуатацыі. Скажу без пахвальбы: не сорамна.

– А як вы трапілі ў Астравец?

– Яшчэ тагачасны стар­­шыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Браніслававіч Гой пра­паноўваў мне стаць яго на­меснікам. Адмовіўся катэгарыч­на: мяне ўсё задавальняла, па­чынаючы ад зарплаты і заканчваючы вынікамі працы. Затым з той жа прапановай прыехаў Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Напачатку я таксама не згадзіўся. Пры другім заходзе ён-такі знайшоў пераканаўчыя аргумен­ты…

Хоць знаёмства маё з Астраў­цом адбылося нашмат раней. Смар­гонскі трэст №41 будаваў многа аб’ектаў у раёне, некаторыя з іх вёў я: ферму і домікі ў Рытані, гімназію, некалькі аб’ектаў на будаўнічай пляцоўцы АЭС. Так што ведаў і раён, і яго асаблівасці…

– Сённяшні Астравец – гэта адна вялікая будоўля, і вы ў пэўнай ступені з’яўляецеся яе кіраўніком…

– Так, калегі з іншых раёнаў зайздросцяць астраўчанам: столь­кі ў нас узводзіцца розных аб’ек­­­таў – як у рамках выканання дзяр­жаўнай інвестыцыйнай праг­­рамы, так і прыватнымі забу­доў­шчыкамі, і інвестарамі. Горад расце – і не толькі новыя яго мікра­раёны: не застаецца па-за ўвагай і так званы стары горад. Пачалася рэканструкцыя галоўнай магістралі гістарычнай часткі рай­цэнтра – вуліцы Валадарска­га. Абноўленая, яна зробіць гарадскі дарожны рух больш зручным і камфортным. Рамонт будзе пра­водзіцца ў тры чаргі – ад плошчы да моста на Бялькішкі, які таксама плануецца пашырыць. На ўзбярэжжы Кавалёўкі з’явіцца пешаходная зона – а то Астравец акружаны рэчкамі, а падысці да вады без гумовых ботаў можна толькі на набярэжнай каля вост­рава кахання. Дарэчы, алея да гэтага вострава, які стаў любімым месцам адпачынку астраўчан, таксама стане больш шырокай і прыгожай. Паступова, па чарзе будзем асфальтаваць вуліцы ў старым горадзе – хоць па адной у год, бо справа гэта не танная.

Словам, задум, планаў і мар шмат…

– Віктар Мікалаевіч, пры­знайцеся: будаўнік вы толькі па адукацыі і месцы работы – ці па жыцці таксама? Як з выкананнем трох галоўных мужчынскіх спраў: дом пабудавалі, дрэва пасадзілі, сына выгадавалі?

– Не, дом не пабудаваў: і кватэру, і дачу купляў. Затое ў нашым за­гарадным доміку і каля яго пастаянна нешта будую, пе­рабудоўваю, дабудоўваю – экс­­пе­рыментую. І ўсё раблю з вялікай асалодай! Так што не сум­нявайцеся, не толькі кіраваць магу: ні малаток, ні кельма з рук не валяцца.

З дрэвамі, як і з сынамі, поўны парадак: сад пасадзіў – люблю прышчэпліваць дрэвы. Увогуле, дача – мая аддушына: не толькі ўлетку, калі мы там практычна жывём, але і восенню ці зімой стараюся хоць на пару гадзін туды вырвацца – пупышкі пералічыць, як жартам кажу жонцы.

А сыноў у нас з жонкай двое: Мікіце – 13, Дзіму – амаль 15.

– Калі гаворыце «ў нас», што вы маеце на ўвазе: Шар­каўшчыну, Смаргонь, Астравец? Дзе для вас радзіма?

– Радзіма – паняцце занадта дарагое, каб разменьваць яго, суадносіць з кожным месцам, дзе даводзіцца жыць ці працаваць. Мая радзіма – Шаркаўшчына, была, ёсць і бу­дзе. Яна – як маці, яе не выбі­раюць і не мяняюць.

Смаргонь – радзіма маіх сыноў, горад майго станаўлення, і ён мне таксама дарагі.

Але калі я гавару «ў нас», то маю на ўвазе перш за ўсё Астравец. Неаднойчы лавіў сябе на думцы, што тут у мяне больш знаёмых, калег, спраў, турбот, чым у Смаргоні, хоць там мой дом і яму я аддаў 15 гадоў працоўнай біяграфіі з агульных 20. Я рады, што воляй лёсу апынуўся ў Астраўцы ў час яго імклівага росту і пераўтварэння са звычайнага правінцыйнага гарадскога пасёлка ў сучасны, прыгожы, перспектыўны горад – і маю да гэтага непасрэднае дачыненне.

– Пажарныя жадаюць калегам сухіх рукавоў, вадзіцелі – ні цвіка, ні жэзла, маракі – сем футаў пад кілем… А будаўнікі?

– У будаўнікоў, здаецца, няма адметнага прафесійнага па­жа­дання. Але я жадаю ўсім, хто мае дачыненне да нашай мірнай і высакароднай прафесіі, здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця і здзяйснення планаў і задум.

– Таго ж жадаем і вам, Віктар Мікалаевіч, напярэдадні пра­фе­сійнага свята!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик