Па тэмпах жніва КСУП “Варняны” займае другую пазіцыю ў раёне

15:39 / 03.08.2020

Па тэмпах уборачнай кампаніі хлебаробы КСУП «Варняны» ў раённым табелі рангаў упэўнена замацаваліся на другой пазіцыі, прапусціўшы наперад толькі механізатараў КСУП «Гудагай». У дзень майго прыезду «варнянцы» ўжо абма­лацілі чвэрць занятых пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі плошчаў.

IMG_7738.jpg

Адзін з самых вопытных камбайнераў гаспадаркі Вячаслаў Бабарыка ўбірае ўраджай на «Лексіёне» 


Для Рыгора Яроміна сёлетняя ўборачная кампанія ў якасці галоўнага агранома – першая. Да гэтага ён больш за 10 гадоў працаваў загадчыкам раслінаводчага ўчастка №1.

– Якое маё жніво? – перапытвае галоўны тэхнолаг варнянскіх ніў і на некалькі хвілін задумваецца. – Хвалюючае. Раней я адказваў толькі за свой учас­так, цяпер – за ўсю гаспадарку. Рабіць прагнозы на ўраджай не буду – няўдзячная гэта справа, але, думаю, сёлета намалоцім больш, чым летась. Галоўнае, каб не дажджыла. У гэтым го­дзе вырас нядрэнны рапс: даў на круг больш за 20 цэнтнераў, а ў мінулым годзе толькі 17. І збожжа добра выглядае. З кожным днём яго вільготнасць меншае – значыць, даспела зерне. Найбольш люблю трыцікале – і на колас яго прыемна паглядзець: пузаты, круглабокі, наліты. Калі быў брыгадзірам, не любіў ячмень – апошнія гады ён быў нізкім і няўдалым, а сёлета выправіўся.

IMG_7751.jpg

Галоўны аграном Рыгор Яромін


Збожжа і зернебабовыя ў КСУП «Варняны» займаюць 3 676 гектараў. Найбольш у гаспадарцы адведзена пад яравы ячмень – ажно 1 856 гектараў, найменш – толькі 25  – пад авёс. Жыта каласіцца на 100 гектарах, азімая і яравая пшаніцы – на 279 і 172, азімы трыцікале – на 1 094, зернебабовыя занялі 150 гектараў.

IMG_7749.jpg

Камбайнер Юрый Мажэйка і яго памочнік Андрэй Стэх упэўнены: галоўнае на жніве, каб не прастойвала тэхніка


У час майго прыезду 8 кам­байнаў абмалочвалі збожжа ў Шульніках побач з АЭС. Іх агульнымі намаганнямі за дзень у гаспадарцы ў сярэднім зжынаецца каля 160 гектараў, ці 4% плошчаў ад плана.

IMG_7684.jpg

На сёлетнім жніве муж і жонка Артур і Вераніка Лапінскія ўпершыню працуюць разам: ён, як і ў мінулыя гады, – вадзіцелем, яна – загадчыкам раслінаводчага ўчастка №1

– У поле выйшлі толькі пасля абеду. Здаецца, і неба чыстае – а дождж як наляціць, разумееш, што некалькі гадзін працы не будзе, – засмучана гаворыць адзін з самых вопытных камбайнераў КСУП «Варняны» Юрый Мажэйка. – Сёння некаторую занятую на адвозцы збожжа тэхніку размеркавалі на іншыя работы. Набілі з памочнікам бункер – чакаем аўтамабіль.

IMG_7717.jpg

Памочнік камбайнера Ілля Кандратовіч набіраецца вопыту ў Андрэя Бразевіча, якога неаднойчы прызнавалі лепшым сярод маладых механізатараў


Быццам здалёк пачуўшы словы камбайнера, пад’язджае МАЗ. Пакуль у кузаў залатым струменем сыплецца збожжа, можна пагутарыць з вадзіцелем.

Артур Лапінскі ў мінулым годзе першы сярод маладых шафёраў перавёз тысячу тон збожжа. Цікаўлюся, ці імкнецца паўтарыць пераможны вынік сёлета.

– Канешне, прыемна быць пераможцам, але не дзеля гэтага працуем, – разважае Артур. – Галоўнае – у пару скончыць уборку.

IMG_7693.jpg

Вадзіцель сельгастэхнікі Часлаў Лісоўскі дапамагае варнянцам вазіць збожжа новага ўраджаю


Такога ж меркавання пры­трым­­ліваецца яшчэ адзін вар­нян­скі вадзіцель Аляксандр Кіндзер.

IMG_7694.jpg

Для вадзіцеля Аляксандра Кіндзера сёлетняе жніво – дзясятае


– Ураджай сёлета лепшы, чым летась: збажына густая, а зерне цвёрдае, – гаворыць хлебароб. – Думаю, за ўборку тысяча бу­дзе. Найбольш за гады працы ў «Варнянах» перавозіў пад чатыры тысячы тон – было гэта пры Вярбовічу. Галоўнае на жніве, каб камбайны без паломак і прастояў працавалі.

Перамагчы ў жніўным спа­борніцтве ў «варнянцаў» хутчэй за ўсё не атрымаецца, тым не менш яны працуюць не горш за лідараў. Адзін з перадавікоў сярод камбайнераў – Вячаслаў Бабарыка. Два гады назад механізатар у пары з Аляксеем Масейкам першымі на­малацілі тысячу тон збожжа ў раёне на палях КСУП «Гервяты».

– На «Лексіёне» працую без памочніка: аднаму прасцей, – прызнаецца механізатар. – Пяцьсот тон ужо набіў, і да тысячы даходзіў… Галоўнае, каб тэхніка не ламалася і надвор’е не падводзіла, а мы зробім усё, што залежыць ад нас.

IMG_7672.jpg

Уладзімір Грынцэвіч неаднойчы першым у раёне перавозіў тысячу тон збожжа


IMG_7729.jpg

Падборам саломы на прэс-падборшчыку займаецца Аляксандр Варановіч – пры добрым раскладзе за дзень мужчына накручвае да 200 жоўтых «шпулек»

IMG_7710.jpg

Першы год разам на камбайне працуюць Іван Жвікевіч і Віталь Грабоўскі




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 


Текст:
Фото: Алена Ганулич