Дзесяць слоў пра Астравец

14:22 / 28.07.2020

Кожны горад па-свойму ўнікальны: гісторыя, традыцыі, знакамітыя людзі, мясціны – тое, што вылучае яго сярод іншых. Для таго, каб адкрыць астравецкія таямніцы, мы падабралі дзесяць слоў, якія дапамогуць даведацца пра наш горад. 

1.jpg

Гаштольды. У пісьмовых крыніцах Астравец упершыню згадваецца ў 1468 годзе, калі магнаты Гаштольды ахвяравалі дзве бочкі мёду парафіяльнаму касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых, цяпер вядомы як касцёл Космы і Даміяна. Дарэчы, гэты храм з’яўляецца выдатным помнікам архітэктуры класіцызму з рысамі барока. 

3.jpg

Востраў. Гэтае слова хаваецца ў самой назве горада, які  бярэ свой пачатак ад умацавана­га вострава на правым беразе ракі Лоша, што працякае праз увесь Астравец. Цікавым з’яўляецца той факт, што амаль у самым яго цэнтры на рацэ, дзякую­ чы астравецкім уладам, абуладкаваны невялічкі, як яго называюць самі жыхары, востраў кахання. Такую назву востраў атрымаў таму, што стаў любімым месцам маладажонаў, якія пакідаюць тут сімвал свайго кахання – замочак – на парэнчы маста. 

IMG_5137.jpg

Стронга. Гэтая рыба адлюстравана на гербе Астраўца. Раней у Лошы вадзілася шмат стронгі, але з цягам часу яна пача­ла знікаць. Дарэчы, рыба – раннехрысціянскі сімвал, звязаны з урадлівасцю, здзяйсненнем жаданняў і справядлівасцю. 

IMG_5216.jpg

Дуб. На Астравеччыне дубоў заўсёды было вельмі шмат. І наш горад не выключэнне. Гэтыя магутныя дрэвы маюць асаблівае, амаль сакральнае значэнне для горада і раёна.

Дарэчы, гэтае дрэва таксама адлюстравана на гербе Астраўца. Дуб увасабляе моц, вынослівасць, даўгалецце, высакароднасць, а таксама славу. 

2.jpg

Поўнач. Астравецкі раён са­мы паўночны з рэгіёнаў Гродзенскай вобласці. Разам з Ашмянскім і Смаргонскім складае так званы паўночны вектар Гродзеншчыны. 

IMG_5163.jpg

Пабожнасць. У раёне зарэгістравана 18 рэлігійных абшчын: 13 каталіцкіх, 4 праваслаўных, 1 – хрысціян веры евангельскай. Восем культавых будынкаў Астравеччыны прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць і маюць статус помнікаў архітэктуры. 

IMG_5182.jpg

Гашкевіч. Прозвішча Гашкевіча выбіта залатымі літарамі ў гісторыі Астраўца і раёна. Іосіф Гашкевіч – расійскі лінгвіст, усходазнавец, першы дыпламатычны прадстаўнік Расійскай імперыі ў Японіі – апошнія гады свайго жыцця правёў на Астравеччыне ў аграгарадку Малі.

У цэнтры горада стаіць бронзавы бюст Гашкевіча. Ёсць памятны знак і на гарадской вуліцы, названай у гонар Гашкевіча. 

4.jpg

Працавітасць. Астравец – горад працавітых людзей, якія выконваюць сваю працу на 100 працэнтаў. І сведчанне таму шматлікія ўзнагароды, якімі наш горад і яго людзі адзначаны ў апошнія гады. 

IMG_5190.jpg

АЭС. Не толькі ў Беларусі, але і за мяжой ведаюць, што на Астравеччыне будуецца першая ў гісторыі нашай краіны атамная электрастанцыя. Менавіта дзякуючы будаўніцтву Беларускай АЭС Астравец стаў адным з самых маладых і прыгожых гарадоў краіны. 

Дом. Для кожнага з нас домам лічыцца месца, дзе нарадзіўся, таму родны Астравец заўсёды застанецца для мяне тым месцам, куды я буду вяртацца зноў і зноў.

Падрыхтавала Вераніка САКОВІЧ. 

 



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Главный администратор