Музыка працы станочніка Цімафея Лук’янава

06:19 / 18.07.2020
Хуткі і нешматслоўны, загадкавы і сціплы, працавіты і нежанаты – такім ва ўсіх сэнсах пазітыўным і перспек­­тыў­ным падаўся мне аператар станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем ўчастка металаапрацоўкі завода «Радыёдэталь» Цімафей Лук’янаў, партрэт якога занесены на раённую Дошку гонару.

23.jpg


АД ДАБРА ДАБРА НЕ ШУКАЮЦЬ

Цімафей пераехаў у Астравец у 2005 годзе.  Шукаючы работу, даведаўся пра вакансію на заводзе «Радыёдэталь», прыйшоў высветліць, што тут ды як.  Умовы работы задаволілі – і ён застаўся.

Прафесія тэхніка-механіка, якую Лук’я­наў атрымаў у аграр­на-тэх­нічным каледжы, з прапа­наванай работай была звязана апасрэдавана, але хутка пра­цоўныя будні мужчыны ўвайшлі ў звыклую каляіну.

Гонар Астравецкага раёна Ці­ма­фей Лук’янаў займаецца выточваннем металічных выра­баў. Паток дэталяў ідзе бесперапынна – а гэта патрабуе спрыту. Ён, як і ўменне працаваць хутка і якасна, прыйшоў з вопытам: цяпер мужчына вырабляе значна большую колькасць дэталяў у параўнанні з першым годам работы. 

Думкі змяніць месца працы яшчэ пару гадоў таму ў Цімафея ўзнікалі – хацелася нечага новага. Аднак ён падумаў і вырашыў: ну добра ж тут, на заводзе, з работай  спраўляецца, ды і зарплата задавальняе  – і застаўся. На такое рашэнне паўплывала, мабыць, і тое, што працуе Цімафей не за аклад – узровень яго зарплаты залежыць ад выпрацоўкі: колькі зробіш, столькі і заробіш. Стымул, як кажуць, ёсць.

ШУМНЫЯ БУДНІ

Гэта толькі першы раз у бесперапынным гудзенні станкоў можна пачуць рамантычную музыку працы. Тых, хто працуе ў такіх умовах пастаянна, шум аглушае і раздражняе. Таму Ці­мафей надзявае навушнікі, з якіх, аднак, чуюцца зусім не мі­норныя гукі.

На пытанне, якую ж музыку слухае, мужчына з усмешкай адказвае: «Як і работа – цяжкую, «металлічную». Каб перабівала. Так і прасцей, і весялей».

Кожны дзень завіхацца, пераскокваючы, бы вавёрка, ад аднаго станка да другога, Цімафея не напружвае. 

– Стаяць на адным месцы – гэта не пра мяне, – усміхаецца мужчына. – За змену кіламетраў 10-15 па цэху набягаю.

– Спачатку да новых станкоў і падыходзіць было страшна, – прызнаецца аператар. – А што рабіць? Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж. Дзякуй старэйшаму калегу Івану Мальдзісу, які дапамог абвыкнуцца, падказваў, як і што зрабіць. 

Цяпер ужо сам Цімафей можа дапамагчы таму, хто прыйшоў «першы раз у новы клас» – калегі ў яго перыядычна мяняюцца. 

ЦІХІ АДПАЧЫНАК

Кім марыў стаць, калі вучыўся ў школе, Цімафей Лук’янаў не памятае. Аднак упэўнены: адназначна не ваенным і не педагогам. А вось фізічная работа для яго заўсёды была – самае тое.

І калі за станком мужчына ўдосталь можа адчуць прыемны холад металу, то дома з задавальненнем бярэцца за вырабы з цёплага і падатлівага дрэва. На прысядзібным участку матулі сваё месца абавязкова знойдзе чарговы зэдлік або падстаўка пад кветкі, зробленыя яго ўме­лымі рукамі.

А калі хочацца змяніць дзейнасць і разнастаіць адпачынак, Цімафей адпраўляецца на ры­бал­ку. Ну і што, калі рыба ло­віц­ца дробная, галоўнае – за­да­валь­ненне ад працэсу і магчы­­мас­ць правесці час з сяб­рамі.


Адным сказам

– Як вы лічыце, станочнік – гэта толькі мужчынская прафесія?

– Неабавязкова. Некаторыя жанчыны ў гэтай справе лёгка дадуць фору мужчынам. Гэта як  за рулём аўтамабіля: хтосьці, як ні вучы, блытае педалі, а некаторыя жанчыны «газуюць» – не дагоніш.

– Які вы на рабочым месцы?

– Засяроджаны, уважлівы, старанны.

– Які вы для калег?

– Добразычлівы, вясёлы, кампанейскі.

– Трапляе на раённую Дошку гонару не кожны. Як думаеце, чаму выдзелілі менавіта вас?

– Працую добра, без на­ра­канняў і «залётаў», слухаю на­чальства і разумею, што ад мяне патрабуюць.

Гледзячы на тое, як Цімафей завіхаецца паміж станкамі, разу­мееш, чаму свой працоўны дзень ён заканчвае словамі «Дзякуй богу». А назіраючы за тым, як хутка і зладжана ў яго гэта атрымліваецца, зусім не здзіўляешся, чаму такая нялёгкая праца мужчыну задавальняе: ён – прафесіянал і сапраўды дастойны Дошкі гонару. 

Текст:
Фото: Ольга Хотянович