25 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:16 / 10.07.2020
У нашым конкурсе «Пазнай Астравеччыну» ўсталяваўся адносна стабільны склад удзель­ні­каў. І вельмі прыемна, калі да іх далучаюцца новыя – і стараюцца расказаць нешта адметнае пра конкурсны аб’ект.  

Андрэй Ваўчок, які нарадзіўся на Астравеччыне, а цяпер жыве і працуе ў Іўі, даў адказ адразу на 2 заданні, мінулае і сённяшняе.

Зрэшты, не толькі Андрэй, але ўсе ўдзельнікі конкурсу пазналі на конкурсным здымку касцёл Маці Божай Шкаплернай у Жукойнях Жалядскіх.

2.jpg



На наступным тыдні, 16 ліпеня, пара­­фія­не гэтага касцёла, як і кожны год, збяруц­ца на фэст. Старажылы ўспа­мінаюць, што ў колішнія часы пара­фіяльнае свята было шматлюдным і вясёлым. Гандляры на­во­зілі розных прысмакаў. Працавала нават карусель на 6 месцаў.

Жукойненскі касцёл хоць не такі велічны і старажытны, як іншыя храмы Астравеччыны, але, як і сама вёска, мае багатую і цікавую гісторыю.


 Кармеліты босыя з’явіліся ў Жукойнях Жалядскіх у 1621 годзе. Праз год яны пабудавалі тут невялікі драўляны касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, Св. Войцеха і Св. Пакутнікаў. У комплекс кляштара з цягам часу ўвайшлі таксама жылы манастырскі будынак са склепам, школа, шпіталь і багадзельня для нямоглых і старых, сад з пасадкамі лекавых раслін, сажалка для развядзення рыбы і жыватворная крыніца. У 18 ста­годдзі кармеліты меркавалі пабудаваць мураваны касцёл замест драўлянага, але не паспелі рэалізаваць гэтую ідэю. У 1820 годзе стары касцёл быў заменены на новы драўляны, большых памераў, а ў 1842-м яго перавялі ў парафіяльны.

У 1866 годзе жалядскі касцёл з-за падтрымкі ксяндзом-пробашчам паўстання 1863-1864 гадоў царскія ўлады  перарабілі ў праваслаўную царкву. У 1902 годзе  драўляны будынак  згарэў, замест яго ў кастрычніку 1905 года залажылі мураваны храм. У 1914 годзе, калі на тэрыторыю сённяшняй Астравеччыны прыйшлі кайзераўскія  войскі,  католікам дазволілі аднавіць  парафію. Царкву зноў перабудавалі ў касцёл, які асвяцілі  ў гонар Маці Божай Шкаплернай.

У 1948 годзе касцёл у Жукойнях  Жаляд­скіх зачынілі, але, на шчасце, не зрабілі з яго склад, як гэта здаралася з іншымі святынямі. Парафіяне збіраліся кожную нядзелю і ў каталіцкія святы спачатку ў храме, а калі на дзверы павесілі замок – на яго прыступках, каб у малітвах ушаноўваць Пана Бога і Маці Божую Шкаплерную.

У 1990 годзе  касцёл вернуты каталіцкай грамадзе і адноўлены.

Касцёл ў 1970-я гады.jpg

Касцёл ў 1970-я гады



Падрабязны разгорнуты адказ на конкурснае заданне дала Ванда Вайшнаровіч – ёй налічана 2 балы, дапоўнілі расповеды гістарычнымі і сучаснымі фотаздымкамі Кацярына Вараб’ёва і Андрэй Ваўчок, якія атрымалі па 3 балы, знялі відэа ці па­дзяліліся прафесійнымі відэафільмамі і за тое атрымалі па 4 балы Алена Памецька, Вікторыя Іванцэвіч, Марына Кімса, Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч, Святлана Марозава, Ганна Мілашэвіч

Пасля 24 тураў на першым месцы Алег Драган з 74 баламі, на другім – Марына Кімса, якая адстае ад лідара толькі на 1 бал, на трэцім – Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч, у якіх па 68 балаў. (У мінулым туры іх вынік указаны памылкова – просім прабачэння).


Дзе гэта, што гэта?

1.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах: 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з заданнем (да аўторка ўключна).


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик
Фото: Кацярына ВАРАБ'ЁВА і Мікалай ЛАНЕЦ