Карэспандэнт «АП» прыняў удзел ва ўрачыстым сходзе ў Мінску, прысвечаным Дню Незалежнасці

12:52 / 03.07.2020

На ўрачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які адбыўся ў Палацы Рэспублікі 2 ліпеня, былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх галін улады, дыпламаты, духавенства, дэлегацыі з усіх рэгіёнаў краіны. У ліку больш чым сарака прадстаўнікоў Гродзеншчыны мне пашчасціла прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве.

На Кастрычніцкай плошчы кожны жадаючы мог пазнаёміцца з выстаўкай разнастайнай тэхнікі, што выпускаецца на беларускіх прадпрыемствах: аўтамабілямі, трактарамі, збожжа- і кормаўборачнымі камбайнамі, камунальнай тэхнікай і многім іншым. Мужчыны ацэньвалі тэхнічныя характарыстыкі, дзеці стараліся залезці ў кабіну і пакруціць руль, жанчыны імкнуліся зрабіць сэлфі на фоне машын, што ствараюць славу і гарантуюць эканамічную незалежнасць нашай дзяржаве.

Не ўтрымалася ад спакусы і я – даўно хацела «памерацца» ростам з БелАЗАм, які занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі ў свеце аўтамабіль. Не ўпэўнена, што на Кастрычніцкай плошчы быў выстаўлены той самы, з кнігі Гінеса – але ж машына, да стварэння якой маюць пэўнае дачыненне і мае родзічы, уразіла і напоўніла пачуццём гонару: якія ж разумныя і таленавітыя нашы людзі, якія прыдумалі і зрабілі ўсё гэта!

01.jpg

Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці, адкрыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Прамова яго прагучала на дзвюх дзяржаўных мовах, беларускай і рускай, і неаднаразова перарывалася апладысментамі.

– Вытокі нашай незалежнасці бяруць свой пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў. Яны – у імкненні Полацкага княства да палітычнай і эканамічнай самастойнасці, у стварэнні на нашай зямлі самага прагрэсіўнага права, у шматлікіх навуковых і духоўных працах, у палітычных поспехах суайчыннікаў – яскравых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох, – узгадаў старонкі гісторыі кіраўнік дзяржавы.

02.jpg

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што суверэнітэт і незалежнасць – гэта самае дарагое, што ёсць у любога народа. І папярэдзіў, што свет знаходзіцца на грані змены эпох, якая зноў падзеліць яго гісторыю на да і пасля. І кожны думаючы чалавек задаецца сёння пытаннем: якое месца ў геапалітычнай прасторы ў бліжэйшай будучыні зойме Беларусь?

– Пагэтаму 9 жніўня без усялякага жалю (…) павінны вызначыцца, з кім вы далей будзеце жыць і як вы будзеце будаваць сваю суверэнную незалежную дзяржаву для сваіх дзяцей, – гэтымі словамі, якія павінны стаць пасылам для роздуму для кожнага грамадзяніна нашай краіны, закончыў сваё выступленне Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

А затым была канцэртная праграма «Магістраль нашага жыцця», гадзіна якой праляцела як адно імгненне – і пранесла ўдзельнікаў урачыстага сходу ад спадчыны, што засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», ад «цвятка радзімы васілька», што ткалі бяздольныя слуцкія ткачыхі – праз «Марш Перамогі», «Зямлю», «Лянок» – да «Беларусі ў маім сэрцы», дзе і сям’я, і каханне, і нашы дзеці…

03.jpg

І словы песні «Ясная, светлая, чистая, нежная, белая-белая Русь, засветло, затемно, буднично, празднично – лишь за тебя я молюсь» разам з Анжалікай Агурбаш, стоячы, спявала ўся зала.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст: Нина Рыбик