24 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

08:53 / 02.07.2020
– Дзякуй вам за заданне! – з гэтымі словамі завітаў у рэдакцыю адзін з пастаянных удзельнікаў конкурсу «Пазнай Астравеччыну» Алег Драган. – Я, да свайго сораму, раней нічога не ведаў пра Здзіслава Здзіслававіча Шырынскага.  А шукаючы адказ на заданне, пранікся перыпетыямі яго лёсу. Што гэта быў за чалавек! Вось каму трэба помнікі ставіць!

10.jpgНе проста адказалі, што на конкурсным фотаздымку фрагмент мемарыяльнай дошкі Здзіславу Шырынскаму на будынку СШ №2 Астраўца, а шмат расказалі пра яго – як свайго настаўніка фізкультуры Святлана Ромаш, пра калегу – Станіслаў Памецька, пра ветэрана і цудоўнага чалавека – Ванда Вайшнаровіч.

Тыя ж, каму не пашчасціла быць асабіста знаёмым са Здзіславам Здзіслававічам, знайшлі шмат звестак пра яго ў інтэрнэце і друку – і падзяліся імі з рэдакцыяй. Што ж, дзеля таго, каб жыхары Астравеччыны адкрывалі для сябе нязведаныя старонкі гісторыі роднага краю, мясціны і людзей, мы і задумвалі гэты конкурс.

А Здзіслаў Шырынскі і сапраўды быў чалавекам-легендай, па біяграфіі якога можна пісаць раманы і здымаць кінафільмы. Бацька яго, шчыры бальшавік – саратнік Фелікса Дзяржынскага, ваяваў разам з Тухачэўскім. І раздзяліў лёс легендарнага камандарма: яго расстралялі падчас сталінскіх рэпрэсій. Сям’і пашанцавала: жонку з дзецьмі щсяго толькі выслалі з Масквы ў Казахстан. 

Здзіслаў у ссылцы працаваў у МТС камбайнерам, токарам, малатабойцам, кавалём. Калі пачалася вайна, пісаў лісты Молатаву, Варашылаву, Сталіну з просьбай адправіць яго на фронт. У 1943 годзе яго просьбу задаволілі: адправілі на 3-месячныя курсы ў Разань, дзе набіралі маладых палякаў для будучай Арміі Людовай.

Пасля заканчэння курсаў ён атрымаў пагоны малодшага лейтэнанта і разам з сябрам Войцехам Ярузельскім, будучым міністрам абароны Польшчы, які пазней па просьбе Шырынскага шмат дапамагаў астравецкім вет эранам Войска Польскага, адправіўся на фронт камандзірам узвода роты штрафнікоў. 

Як выжыў у той мясарубцы, калі  гарэлі неба і зямля, стралялі спераду і ззаду – не разумеў і сам. Пасля адной разведкі боем з роты ў 800 чалавек жывымі засталося 20 – Шырынскі ў іх ліку.  Ад кулі снайпера яго ўратавала люстэрка з крупаўскай сталі, якое ляжала ў кішэні гімнасцёркі. 

Пасля трох раненняў і кантузіі дахаты ён вярнуўся інвалідам. Урачы параілі работу звязаную з фізкультурай – гэта Здзіславу Шырынскаму, які ў свой час баксіраваў у таварыстве «Працоўныя рэзервы», было даспадобы. Ён прыехаў у Астравец і, крыху папрацаваўшы інжынерам прамкамбіната, знайшоў сваё прызванне як школьны настаўнік фізкультуры  і трэнер.

Многіх вучняў ён прывёў да спартыўных вяршынь. Майстрамі спорту СССР сталі яго выхаванцы рэкардсменка свету сярод юніёраў па штурханні дыска Караліна Пятровіч і чэмпіён СССР 1954 года па бегу на 400 метраў Анатоль Шчасны, кандыдатамі ў майстры – Галіна Вішнеўская, чэмпіёнка Беларусі ў кіданні кап’я, Галін Субач, чэмпіёнка Беларусі па штурханні дыска, Казімір Дубіцкі, чэмпіён Беларусі ў штурханні молата, Яўген Янін, рэкардсмен ў шматбор’і сярод школьнікаў, Валерый Блахін, пераможца многіх міжнародных спаборніцтваў па дзясяцібор’і.

Здзіслаў Шырынскі быў не толькі вядомым трэнерам, але і выдаваў метадычныя брашуры па лёгкай атлетыцы, вазіў каманду Гродзенскай вобласці на рэспубліканскія спаборніцтвы, быў суддзёй міжнароднага лёгкаатлетычнага турніру паміж СССР і США. Яму прысвоены званні Заслужанага трэнера БССР, выдатніка асветы БССР. 

А мемарыяльная дошка, якую зрабіў вядомы беларускі скульптар Рычард Груша, – толькі невялікая даніна светлай памяці ветэрана і педагога.
Хоць Здзіслаў Шырынскі – асоба ў Астравекцім раёне і за яго межамі досыць вядомая, усё ж не ўсе нашы традыцыйныя ўдзельнікі змаглі справіцца з конкурсным заданнем.

Па 2 балы ў гэтым туры атрымалі ўжо згаданыя Святлана Ромаш, Ванда Вайшаровіч і Станіслаў Памецька. Тры балы ў Марыны Кімсы – яна памылілася з адказам на пытанне «Дзе гэта?». Па 4 запісалі на рахунак Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч, Ганна Мілашэвіч, Вікторыя Іванцэвіч, Алена Памецька.

Па выніках 23 тура на першым месцы апынуўся Алег Драган, у якога 70 балаў, на другім – Марына Кімса з 69 баламі, на трэцім – Жанна Волк-Леановіч і Ганна Мілашэвіч – у іх па 60. 


Дзе гэта. Што гэта?

0.jpg


Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы можна дасылаць у рэ­дакцыю па элект­роннай пош­це ці паведамляць па тэле­фо­нах 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).
Текст: Нина Рыбик