Як мода на музейныя пакоі прывяла да «Вытокаў»

09:29 / 01.07.2020
Астравеччына пакуль не можа пахваліцца раённым музеем, затое ў  школах створаны, плённа працуюць і пашыраюцца невялікія музеі краязнаўчай і  гісторыка-этнаграфічнай накі­ра­ванасці – усяго іх 11. 

Пра кожны з іх мы расказваем у праекце «Астравецкай праўды» – «З экс­­пазіцыі школьнага музея»

Так званая мода на музейныя пакоі і музеі ва ўстановах адукацыі з’явілася з надыходам новага тысячагоддзя.

– Тады ва ўсіх школах сталі збіраць этна­графічныя экспанаты і ствараць пры кабінетах беларускай мовы ці гісторыі  музейныя куткі, – расказвае дырэктар Гервяцкай школы Валянціна Трышына. – Такая ж праца пачалася ў нашай установе. У 2005 годзе ў нас з’явіўся музейны пакой. Як паказаў час, гэта аказалася добрай справай.

IMG_2601.jpg



У 2015-м музейная экспа­зіцыя  Гервяцкай сярэдняй школы перасялілася  ў асобны будынак – гэта так­сама паспрыяла яго развіццю. 

– Так музейны пакой перарос у   гісторыка-этнаграфічны музей, – успамінае намеснік ды­рэктара па вучэбна-выха­ваўчай рабоце Вольга Каткоўскіс. – Сярод вучняў і настаўнікаў мы аб’явілі конкурс на лепшую назву музея. Выбралі варыянт  «Вытокі» – гэтая назва спадабалася ўсім. 

І ажываюць сівой гісторыі старонкі

У школьным музеі некалькі экспазіцый. Традыцыйна экс­кур­сія пачынаецца з гісто­рыі аграгарадка Гервяты і вёсак, якія знаходзяцца ў яго мікра­раёне.

– Мы абавязкова расказваем пра  род Дамейкаў – яны  да 1939 года былі ўладальнікамі сённяшняга аграгарадка, – расказвае дырэктар школы.

IMG_2590.jpg



Частку экспазіцыі школьнага музея займае гісторыя касцёла Святой Тройцы – без яго немагчыма ўявіць Гервяты. Тут можна знайсці адзін з самых каштоўных экспанатаў – касцёльную кнігу «аб тых, хто прыняў камунію і спавядаўся». 

IMG_2593.jpg



– Калісьці ў будынку праўлен­­ня калгаса «Радзіма» таксама быў  не­вя­лікі музейны куток. Там было шмат экспанатаў. Мая свя­к­роў, Яд­ві­га Браніславаўна Трышына,  працавала сакратаром парт­арга­нізацыі і таксама займа­лася гэтай справай. Але пры пераездзе праў­лення ў новы будынак многія экспанаты  згубіліся, штосьці пе­райшло да нас, – узгадвае Ва­лян­ці­на Вац­лаваўна. – Мне здаецца, што гэтая кніга – з  таго калгаснага музея. 

Ішла вайна народная

– На жаль, сёння ў нашай мясцовасці не засталося ніводнага  ветэрана вайны. Апошні, былы старшыня калгаса «Радзіма» Андрэй Галагаеў, памёр некалькі гадоў таму, – праводзіць экскурсію Вольга Каткоўскіс.

IMG_2610 в печать.jpg



Але памяць пра яго і яшчэ не­калькі дзясяткаў ветэранаў Вя­лікай Айчыннай вайны і вязняў канцэнтрацыйных лагераў за­хоў­ваецца ў школьным  музеі:  вай­ско­вая каска і біклажка, фота­здым­кі, дакументы, узнагароды – усё рас­казвае пра 1941-1945 гады.

Людзей працы мы шчыра славім 

Гісторыі калгаса «Радзі­ма» – сённяшняга КСУП «Гервяты» – прысвечаны асобны раздзел.

Адзін з цікавых фактаў – узнагароджванне і занясенне калгаса на Дошку гонару Выставы дасягненняў народнай гас­падаркі ў Маскве.

– Гэта было напачатку 80-х, – расказвае Валянціна Трышына. –  Наш калгас  славіўся ва ўсім СССР. 

Сёння старыя фотаздымкі, дакументы і медалі ўдзельнікаў сацспаборніцтваў захоўваюцца ў музейнай экспазіцыі. А памяць пра людзей, якія  працай праслаўлялі свой край, жыве сярод маладога пакалення.

Школа: мінулае і сучаснае

IMG_2619.jpg



І канешне ж, адна з экспазіцый расказвае пра гісторыю Гервяцкай школы.

Школа ў Гервятах узнікла ў 1774 годзе. Першапачаткова гэта была пара­фіяльная школа пры ка­сцё­­ле. У 1889 годзе пачала дзейнічаць руская школа – у ёй было тры класы. У  1903 годзе тут  вучылася каля трыццаці вучняў. З 1921 года заняткі ў школе сталі весці на літоўскай мове. Прычына простая: у Гервятах і наваколіцах пражывала шмат літоўцаў, якія імкнуліся даць дзецям адукацыю на роднай мове.

IMG_2625.jpg



– Школа на той час размяшчалася ў будынку, дзе пазней быў Гервяцкі сельвыканкам. У 1924 годзе  навучальная ўстанова  стала польскай. А ў  часы вайны пад кіраўніцтвам ксяндза Голіса ў Гервятах выкладанне прадметаў  зноў сталі весці па-літоўску, – узгадвае этапы дзейнасці навучальнай установы  дырэктар.

Пасля вызвалення Астравеччыны школа стала беларуска­моў­най. Яна лічылася пачатковай, але займаліся ў ёй вучні рознага ўз­росту і ўжо ў 1944 годзе школа стала сямігодкай, а ў 1953-м – ся­рэдняй. Па ўспамінах старажылаў, да 1957 года навучанне было платным. 

Знакавым для навучальнай уста­новы стаў  1963 год: у Гервятах  узвя­лі новы будынак школы – той самы, у якім яна  знаходзіцца ця­пер.

У верасні 1966-га школу ўзна­чаліў Эдуард Міхайлавіч Пят­кевіч, які да гэтага працаваў намеснікам дырэктара па ву­чэбна-выхаваўчай рабоце – ён, дарэчы, удастоены звання Заслу­жаны настаўнік БССР. Потым установай кіраваў Уладзімір Пятровіч Сту­па­коў. У 2003-м дырэктарам стала  Наталля Іванаў­на Мацко, яна ўзна­гароджана на­груд­­ным знакам «Выдатнік адука­цыі». А з 2013  года на капітанскім мосціку – Валян­ціна Вац­лаваўна Трышына.

Школа вядома і тым, што яе падчас знаёмства з першым агра­гарадком, пабудаваным у нашым раёне,  наведаў Прэзідэнт краіны  Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Гісторыя і сучаснасць 

Асаблівасць школьнага музея ў тым, што ўсё у ім зроб­лена рукамі настаўнікаў і вучняў. 

IMG_2599.jpg



Канешне, на сценах разме­ш­чаны сучасныя стэнды, а ў пакоі стаіць мультыборд для дэ­ман­страцыі відэасюжэтаў па гісторыі краю, але подых мінуў­шчыны тут адчуваецца ў кожным экспанаце.

– У 2019 годзе мы распрацавалі праект, прысвечаны нашай малой радзіме,  які стаў пераможцам конкурсу дабрачынных пра­ектаў АТ ІК «Атамбудэкспарт», і атрымалі грант на яго рэалізацыю ў памеры  170 тысяч расійскіх руб­лёў – купілі  мультыборд, – расказвае Валянціна Вацлаваўна. –  У нас шмат планаў. Па-першае, марым змяніць ін­тэр’ер, набыць новыя музейныя  тумбы  і віт­ры­ны. Спадзяюся,  у бліжэйшы час рэалізуем усё задуманае.

Апошнія гады школьны музей узначальвала настаўнік гісторыі Наталля Уладзіміраўна Дзяхцяр. На жаль, яна адпрацавала тры гады і звольнілася.

– Калі казаць мовай падлеткаў, гэта быў чалавек у тэме. Пад кі­раў­ніцтвам Наталлі нашы вуча­ніцы Валерыя Мацко і Эдзіта Урба­новіч у  2018 годзе ўдзель­ні­чалі ў першым адкрытым рэгіянальным конкурсе турыс­тычных праектаў «Я запрашаю вас на малую радзіму», – расказвае Вольга Каткоўскіс. – Маршрут «Гервяты – Рымдзюны – Дубок»  заняў другое месца. 

Працу на гэтым апантаны на­стаўнік і яе выхаванкі не спынілі. На наступны год Валерыя Мацко ўдзельнічала ў абласной навукова-практычнай кан­фе­рэн­­цыі «Край Гарадзенскі», дзе прадставіла дапрацаваны маршрут – і атрымала Дыплом 1 ступені. 

– У нас шмат цікавых задумак, – гаворыць Валянціна Вацлаваў­на. – Спа­­­дзяёмся,  сёлета да нас прый­­­­дуць маладыя спецыялісты, якія за­га­рацца музейнай справай, – і мы зноў будзем расказваць у воб­ласці і рэспубліцы пра нашу малую радзіму.

Сярод экспанатаў, якія захоў­ваюцца ў музеі, значную частку займае краязнаўча-этна­гра­фіч­ная спадчына гервятцаў. Ёсць тут спецыяльная машына для пашыву абутку, калаўрот, прасы рознага памеру. Але асаблівую ўвагу прыцягвае ... самаробная сякера.

IMG_2630.jpg



– Гэта адзін з самых каштоўных экс­панатаў. Да нас сякера трапіла ўсё з таго ж калгаснага этна­графічнага збора. А адкуль  ўзялася ў іх, ужо, на жаль, ніхто не раскажа, – гаворыць Вольга Каткоўскіс.

Незвычайная гісторыя з’яўлен­ня ў школьным музеі самаробных лялек.

– У мінулым годзе нам пера­да­лі калекцыю лялек былой на­­стаўніцы Дайлідскай школы. Пасля яе смерці родзічы знайш­лі іх і прапанавалі  забраць у  музей, – дэманструе калекцыю Вольга. – Гэтыя лялькі сім­ва­лі­­зуюць 15 братэрскіх краін. Для нашых вучняў гэта – ужо гісто­рыя. І што самае каш­тоў­нае – касцюмы, пад­стаўкі – усё зроблена ўласнымі рукамі тале­навітай настаўніцы.

Музей у чамадане

Старыя падручнікі на польскай, літоўскай, беларускай і рускай мовах – такім чынам у музеі адлюстраваны розныя перыяды дзейнасці школы,  чарнільніца і пер’евыя ручкі, невялічкая вучнёўская грыфельная дошка, вельмі падобная да сучаснага планшэта, – экскурсаводы складваюць сведчанні школьнай гісторыі ў чамадан і прапануюць  вучням адправіцца ў падарожжа па школьнай гісторыі.

IMG_2620.jpg



Малодшыя вучні,  зата­іў­шы ды­ханне, слухаюць расповеды, раз­глядваюць старыя рэчы  і задаюць пытанні – так вывучаць гісто­рыю роднага краю цікавей і запамінаецца нашмат хутчэй і лягчэй.

– Многія рэчы з музейных экс­­па­­зіцый мы выкарыстоўваем пры правядзенні інсцэніраваных  і тэат­ралізаваных тэматычных экс­­­курсій. На аснове музейных да­­ку­­ментаў школьнікі пі­шуць дас­ледчыя работы да навукова-прак­тычных канферэнцый, края­знаўчых конкурсаў і фес­ты­ва­­ляў, – расказвае дырэктар школы. – Напрыклад, нядаўна настаўнік  Ірына Мечыславаўна Кардзіс  са сваім сынам вывучалі гісторыю Якентанскай школы. Некалі Ірына Мечыславаўна ў ёй вучылася і таму ўспомніць было што.  Работа прайшла на абласны этап края­знаўчай  канферэнцыі «Край Гарадзенскі».

Вось так мода на музейныя пакоі перарасла ў вялікую справу, якой сёння займаюцца вучні і настаўнікі, – і гэтым захоўваюць і зберагаюць вялікую гісторыю гервяцкага краю.


ЛІЧБА

224 экспанаты захоўваецца ў фондах школьнага музея, 179  з іх адносяцца да асноўнага фонду.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Елена Ярошевич