Жёлтые цветы напомнили об уральской ссылке

15:03 / 26.06.2020
У доме колішняга ўрача-неўролага Вікторыі Шышло пануюць кнігі, пласцінкі – яна па-ранейшаму слухае  любімыя музычныя творы на старэнькім, але надзейным, яшчэ савецкіх часоў, прайгравальніку. І карціны. 

Кожная з іх – з гісторыяй. Нешта дарылі сябры, нешта прывозіла з вандровак. Адну купіла ў Германіі, дзе служыў старэйшы сын Валянцін. Калі вярталася дахаты, не хацелі прапускаць праз граніцу, высвятлялі мастацкую каштоўнасць карціны. Яшчэ дзве, на якіх цячэ рака яе дзяцінства Кама, па-майстэрску зробленыя з вяленай воўны, прывезла з-за Урала сястра Аня.

І ўсё ж у гэтай, з жоўтымі кветкамі, гісторыя асаблівая…

Жоўтыя кветкі

Вікторыя Феліцыянаўна, нават калі стала вопытным і аўта­рытэтным доктарам, не пераставала вучыцца: хоць і выхоўвала чацвёра дзяцей, ніколі не ад­маў­лялася паехаць на курсы па­вышэння кваліфікацыі.

2.jpg



Больш таго: сама на іх прасілася, шукала любую магчымасць, каб даведац­ца нешта новае ў неўралогіі. 

У той раз яна вярталася з Харкава. Ужо быў куплены білет, да цягніка заставалася некалькі гадзін, і жанчына вырашыла прайсціся па выстаўцы мастакоў, якая разгарнулася ў рамках святкавання дня горада.

Некаторыя карціны ёй спадабаліся, адну – пяшчотную акварэль пушкінскіх мясцін – нават купіла ў падарунак сяброўцы. Хацелася і для сябе нешта прыдбаць – ды нішто не «чапляла».

Раптам погляд упаў на карціну з жоўтымі кветкамі – і нібы элект­рычны разрад страсянуў. Жанчына падышла бліжэй, спрабуючы зразумець, што яе так узрушыла на гэтым палатне. На стале, засланым цёмна-чырвоным, нібы запечаная кроў, абрусе, у шкляной пасудзіне стаяў вялікі букет балотнай жоўтай лотаці. Суцэльны змрок, што заліваў астатнюю прастору палатна, разбаўлялі ледзь бачныя абрысы маленькага акенца ўдалечыні…

Яна адышла, спрабуючы рассеяць морак, адчуванне, што недзе гэта ўжо бачыла, што малюнак – важная частка яе жыцця. Але ногі  зноў прынеслі яе да палатна з жоўтымі кветкамі. 

Без имени-1.jpg



– Колькі каштуе гэтая карціна? – спытала яна ў мастака, што стаяў побач. 

– Стольнік.

Раскрыла кашалёк – там ляжала 50 рублёў. І білет на поезд.

Яшчэ пахадзіла па радах – і вярнулася да жоўтых кветак. 

– Паслухайце, я хачу купіць гэтую карціну, – звярнулася жанчына да мастака. – Але ў мяне толькі 50 рублёў. Праз некалькі гадзін я ад’язджаю ў Беларусь. Вось мой пашпарт, можаце запісаць дадзеныя – я абяцаю, што вышлю вам астатнія грошы, як толькі вярнуся дахаты.

Але прадавец быў катэгарычным: сто рублёў, тут і зараз!

Тады за пакупніцу ўступіліся яго калегі-мастакі.

– Ды што ты ўчапіўся ў гэтую карціну? Да яе за ўвесь час, што мы тут стаім, ніводзін чалавек не падышоў, толькі гэтая жанчына. Ты ж бачыш, для яе нешта значаць гэтыя кветкі. Не прымушай нас скідвацца, каб ты мог зарабіць. 

Прысаромлены мастак прадаў «Жоўтыя кветкі» Вікторыі Фелі­цыянаўне.

А калі дома яна разгарнула пакет з карцінай, маці, схапіўшыся за сэрца, спытала:

– Ты навошта гэта купіла? Каб усё жыццё глядзець – і плакаць?!

І тады яна ўспомніла…

…Вясна. Яны, чацвёра дзяцей, чакаюць з лесапавалу маму. Поз­на вечарам яна ўваходзіць у хату – як заўсёды, стомленая, але з нейкай светлай усмешкай. У руках – яркі букет жоўтай лотаці. Кветкі паставілі ў ваду – і бедная, як і заўжды, вячэра ў той дзень падалася ім смачнейшай і сытнейшай.

Як у кіно? Горш!

Феліцыян Шышло і Разалія Скурановіч павянчаліся ў касцёле Святога Роха ў Мінску ў лютым 1930 года.

Перад гэтым раскулачылі сям’ю Скурановічаў. Маці, ведаючы, што сыну падабаецца хутаранка, сказала: «Паехалі за Рузяй, ратаваць трэба дзеўку». 

Але не ўратавалі: праз не­каль­кі тыдняў бацькоў Фелі­цыя­­на таксама саслалі як вора­гаў народа, а разам з імі – і сына з жонкай. 

Маладыя маглі не ехаць у ссыл­ку: Феліцыян не з’яўляўся раскулачаным родным сынам, яго ў сямігадовым узросце, калі памёр бацька, усынавілі бяздзетныя цётка з дзядзькам, далі сваё прозвішча – ад нараджэння хлопец быў Бабіцкім. Але як ён мог пакінуць сваіх названых бацькоў? Яны ж яго не пакінулі ў горы... 

Два месяцы вязлі іх у цесных брудных цяплушках. Ва ўральскім горадзе Перм пера­гналі на іржавыя баржы – і паплылі ссыльныя ўверх па Каме. 

Пра дарогу, поўную пакут, і іншыя выпрабаванні рэпрэ­сі­ра­ваных таленавіта расказала ў кнізе «Зулейха расплюшчвае вочы» татарская пісьменніца Гузель Яхіна. Па ім нядаўна знялі яркі серыял, на які адразу пасыпаліся скаргі артадаксальных камуністаў: маўляў, паклёп на савецкую уладу – хоць Вікторыя Шышло ведае, што ўсё там праўда, з той толькі папраўкай, што на самой справе ўсё было яшчэ цяжэй і страшней.

Вікторыя Феліцыянаўна лі­чыць: бацькам пашанцавала, што яны трапілі ў другую хвалю раскулачвання – тых, каго забралі ў першую, у 1929 го­дзе, у прыватнасці, бацькавых старэйшых братоў, расстралялі праз некалькі дзён – звесткі пра гэта родзічы знайшлі, калі адкрылі архівы. 

І што іх не забралі пазней, таксама было шанцаваннем: першым пасяленцам мясцовыя жыхары яшчэ спачувалі, дапамагалі, разабралі па хатах. Калі ж баржы сталі прыплываць адна за другой, уральскія вяскоўцы не давалі «ворагам народа» нават крапівы і лебяды з-пад плоту нарваць… 

Ссыльныя пабудавалі для сябе цэлыя пасёлкі: хаты, клуб, школу, дом каменданта – дарэчы, бабуня – так дзеці звалі прыёмную маці Феліцыяна Вікторыю Фердынандаўну – была ў каменданта пакаёўкай: гатавала яму есці, прыбірала. 

Мужчын адпраўлялі на лесапавал за сотні кіламетраў. Жанчыны працавалі паблізу.

Там, у пасёлку для ссыльных, нарадзіліся ўсе чацвёра дзяцей Феліцыяна і Разаліі Шышло: у 1931 годзе старэйшы, Вінцэнт, якога ўсе звалі Віктарам, Вікторыя – у 1936, у 1939 го­дзе – Аляксандр. Самая малод­шая, Анечка, з’явілася на свет у 1948-м. 

– Я столькі разоў была з вашым бацькам, колькі дзяцей маю, – прызналася аднойчы ўжо дарослай Вікторыі мама.

Бацька Феліцыяна  хутка памёр ад пнеўманіі.

– Медыцынскай дапамогі не было аніякай, людзі мёрлі як му­хі. Зімой іх не хавалі: складва­лі штабялямі за ваколіцай, пры­кідвалі дрэвамі, валежнікам, каб ваўкі не расцягнулі, і толькі калі зямля адтавала, закопвалі, усіх у агульную магілу, – расказвае Вікторыя Феліцыянаўна. – Нікому непатрэбныя людзі займаліся непатрэбнай працай: лес, што яны валілі дзень пры дні, вясной, калі Кама ачышчалася ад лёду, спускалі на ваду, і бярвенні плылі да горада Верашчагіна. Колькі іх потым вылаўлівалі, а колькі прападала, асядала на дно, ніхто не лічыў…

Іх сям’я была адзінай у пасёлку, у якой выжылі ўсе чацвёра дзяцей. Мо, таму, што ўвесь час маліліся. Калі ў 1937 годзе пайшла другая хваля рэпрэсій і сталі забіраць дзяцей, што падраслі ў пасёлку ссыльных, і мужчын, якія здолелі не памерці ў тых нечалавечых умовах, маці начамі навылёт стаяла на каленях ля іконы і малілася. Вікторыя Феліцыянаўна не памятае, калі і як вучылася чытаць, але назубок ведала ўсе малітвы – пра тое паклапацілася бабуня. І малітоўнікі, што забралі некалі бацькі са сваёй хаты ў ссылку і з якімі вярнуліся назад, і цяпер захоўваюцца ў жанчыны як сямейная рэліквія.

У 1948 годзе, калі сям’і Шышло далі даведку, што ўсе яны могуць пакінуць месца ссылкі і пасяліцца ў любым населеным пункце не вышэй раённага цэнтра, тым жа шляхам, уніз па Каме, яны вярталіся на радзіму. Бацька зрабіў плот, пасадзіў на яго жонку і дзяцей – Анечцы было толькі тры месяцы – і яны паплылі. Інакш з іх пасёлка было не выбрацца, нават лесавозы туды не прыходзілі.

– Па рацэ плылі бярвенні – і мы сярод іх. Было вельмі страшна: плот то закруціць на стрымніне, то дрэва наляціць – тата з Віктарам увесь час адпіхваліся шастамі, спрабавалі кіраваць. Памятаю, як Анечка плакала ўсю дарогу, – успамінае Вікторыя Феліцыянаўна. – А потым Кама стала шырэйшай, мы б ужо і рады былі прыстаць да берага – а не маглі. Добра, што людзі з вёскі, якую мы міналі, пачулі, што на рацэ крычыць дзіця, убачылі плот, спусціліся на лодках на ваду і дапамаглі нам прыстаць да берага.

Там ужо хадзілі лесавозы, і сям’я, папрасіўшыся на адзін з іх, рассеўшыся верхам на бярвеннях, дабралася да Верашчагіна. Адтуль на таварняку – да Пярмі. А там можна было і білет на цягнік да Мінска купіць…

Нішто не праходзіць бясследна

– Дзіўна, але я амаль нічога не памятаю з жыцця ў ссылцы. Мне дванаццаць гадоў было, калі мы пакінулі пасёлак, павінна нешта ў памяці застацца – а не засталося! Будынак школы памятаю, а як вучылася там, хто мяне вучыў – не. Я думаю, што гэта ахоўныя сілы арганізму ставілі блок тым жахам, што мы перажылі. І ўспаміны засталіся ў падсвядомасці – як гэтыя жоўтыя кветкі, – спрабуе аналізаваць такую выбарачную амнезію Вікторыя Феліцыянаўна.

Бацькі пасяліліся ў Смаля­вічах: купілі невялікую хацінку, хутчэй хлевушок. Але ў ссылцы яны навучыліся ўсяму: маці замазала глінай дзіравыя сцены, пабяліла хатку, зляпіла печ – і людзі яшчэ прыходзілі дзівіцца, якая прыгожая хатка атрымалася. 

Па ўзросту Вікторыю залічылі ў пяты клас. Каб пазнаёміцца з вучнямі, настаўніца на першым уроку дала ім напісаць дыктант. Работа Шышло ляжала апошняй у стосе, уся чырвоная ад выпраўленых памылак і вялізнай, на палову старонкі, адзінкай унізе. 

– Мяне хацелі адлічыць са школы, – успамінае Вікторыя Фелі­цыянаўна. – Прывялі да дырэктара. Не памятаю, пра што ён пытаў і што я адказвала, але запомніла, як ён падаў мне стос газет і сказаў:

– Пішы! Дзе знойдзеш месца, там і пішы: перапісвай усё, што тут напісана.

Школу яна закончыла з сярэбраным медалём – залаты не атрымала толькі таму, што ў класнага кіраўніка, жонкі загінуўшага «ястрабка», была невытлумачальная нянавісць не толькі да «ворагаў народа», але і да іх дзяцей.

Вікторыя Феліцыянаўна ажы­ц­цявіла сваю мару: паступіла ў медыцынскі інстытут і стала, хоць і не адразу, урачом-неў­ролагам. Яна вярнула зда­роўе сотням пацыентаў, а мно­гім – і жыццё. Большасць аст­раўчан старэйшага пакалення ўспа­мінаюць з удзячнасцю муд­рую і ўмелую доктара Шышло. За сваіх пацыентаў яна гатова была прасіць, дамаўляцца са сталічнымі клінікамі, патрабаваць, нават сварыцца. Толькі за сябе пастаяць не ўмела. Яна, якая ўяўлялася калегам і пацыентам дужай, стойкай, мужнай, здавалася без бою, калі трэба было адстаяць уласны гонар і годнасць, дабіцца вырашэння нейкіх матэрыяльных пытанняў.

Адзінае, на чым настаяла Вікторыя Феліцыянаўна і ў чым пайшла да канца: калі ёй зрабіў прапанову Валянцін Мазалькоў, сказала, што без асвечанага святаром шлюбу замуж не пойдзе. Сёння прызнаецца: спадзявалася, што гэтая ўмова прымусіць камуніста і чэкіста адмовіцца ад яе. Але памылілася: не адразу, але ён здаўся. Іх павянчаў патаемна ў гудагайскім касцёле ксёндз Вайцяхоўскі – і Вікторыя Феліцыянаўна да гэтага часу памятае тую прэлюдыю Шапэна, якую ім сыграў на раялі святар у сваёй плябаніі ў якасці вясельнага падарунка. 

За тое, што аднойчы мусіў саступіць, муж помсціў ёй усё жыццё. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Галоўнае, што дзяцей, чатырох сыноў, яна выгадавала дастойнымі людзьмі. Незагойнай ранай на сэрцы засталася заўчасная смерць старэйшага, Валянціна, але Марат, Барыс і Алік,  сямёра ўнукаў і двое праўнукаў радуюць маці, бабулю і прабабулю любоўю, увагай і клопатам. 

Дагледзела яна і старасць бацькоў – на ўсё жыццё захавала ім удзячнасць, што збераглі сваіх дзяцей у тых жудасных умовах.  Але тыя 19 гадоў, што яны працавалі, надрываючыся, у ссылцы на лесапавале, у працоўны стаж ім не залічылі. Мама пенсію не зарабіла, ат­рым­­лівала сацыяльную – восем рублёў. Бацька яшчэ неяк здо­леў выпрацаваць неабходны стаж, хоць здароўе яго таксама падарвала непасільная праца.  

…А ўспамінам пра першыя два­наццаць гадоў жыцця, якія наклалі адбітак на ўсё ас­татняе, ды і ўвогуле на лёс, і не толькі Вікторыі Шышло, на­заў­жды застануцца жоўтыя кветкі з карціны невядомага мастака.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Нина Рыбик