23 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»

09:23 / 26.06.2020
Новы этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну» выправіў пастаянных яго ўдзельнікаў у чарговую вандроўку – на гэты раз на багатую на адметныя мясціны і слынных лю­дзей Спондаўшчыну. Як справядліва зазначыла Алена Памецька,  у год 130-га юбілею слаўнага сына Астравеччыны Казіміра Сваяка нельга было не ўзгадаць у нашым конкурсе мясціны, звязаныя з яго жыццём.

На конкурсным здымку адлюстраваны фрагмент экспазіцыі дома-музея паэта і святара Казіміра Сваяка (Канстанціна Стэповіча) ў вёсцы Барані – тут ён нарадзіўся 19 лютага 1890 года. Дзесяць гадоў таму ў гэтай хаце адкрыта экспазіцыя раённага музея – пакуль што адзіная дзеючая. Хоць, на жаль, у апошні час наведвальнікі заязджаюць сюды нячаста – магчыма, конкурс «Пазнай Астравеччыну», ды аб’яўлены рэдакцыяй творчы конкурс ускалыхнуць цікавасць да роднай хаты Казіміра Сваяка, дзе захаваліся не толькі драўляныя сцены, якія памятаюць дотык рук шматпакутнага ксян­дза-паэта, але і многія сёння  эксклюзіўныя рэчы, што былі ў той час у кожнай сялянскай хаце: драўляная калыска, зроблены мясцовымі майстрамі ложак з самаробным матрацам, прылады працы, а таксама кнігі, дакументы, карціны, што сведчаць пра жыццё сям’і Стэповічаў і сыноў, якія праславілі не толькі свой род, але і Айчыну – ксяндза і асветніка Канстанціна і яго брата кампазітара Альбіна.

3.jpg

1.jpg



Для большасці канкурсантаў чарговае заданне стала нагодай бліжэй пазнаёміцца з жыццём Казіміра Сваяка, яго творамі і расказаць пра яго ў сваіх адказах. Магчыма, некага гэта падштурхне да ўдзелу ў творчым конкурсе, які аб’явіла рэдакцыя да 130-годдзя слыннага сына Астравеччыны. Прынамсі, Алена Памецька ўжо даслала пранікнёны верш, прысвечаны Казіміру Сваяку. А колькасць і якасць відэаматэрыялаў у 22-м туры наводзяць на думку, што можна было б вызначыць і відэанамінацыю.


Але падвядзенне вынікаў творчага конкурсу яшчэ далёка наперадзе – нагадаем, што вершы, мастацкая проза і публіцыстыка, фотаздымкі і малюнкі толькі пачынаюць паступаць на конкурс ад дзяцей і дарослых, так што ва ўсіх жадаючых ёсць магчымасць далучыцца. 

А што тычыцца вынікаў 22-га этапу конкурсу «Пазнай Астравеччыну», то яны наступныя: Ванда Вайшнаровіч атрымлівае 2 балы, Алена Памецька і Марына Кімса – па 3, Святлана Марозава, Вікторыя Іванцэвіч, Ганна Мілашэвіч, Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч і Кацярына Вараб’ёва – па 4.

На нашым умоўным п’едэстале стала цесна: на першым месцы адразу два ўдзельнікі – Марына Кімса і Алег Драган, у якіх па 66 балаў, на другім таксама двое – Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч, у іх па 60,  на трэцім з 58 баламі Алена Памецька.


Дзе гэта, што гэта?

0.jpg



Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.

Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).

Текст: Нина Рыбик