Пра службу і работу з дзецьмі расказалі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх

11:29 / 23.06.2020
Нядаўна споўнілася 85 гадоў з дня засна­вання падраздзялення па справах непаўналетніх. З гэтай нагоды пра сваю службу расказалі, адказаўшы на пяць пытанняў аб галоўным, супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Астравецкага РАУС.  


1. Як трапілі ў міліцыю  і чаму выбралі работу з падлеткамі?

2. З кім прасцей і цікавей працаваць – з да­рослымі ці непаўналетнімі?

3. Чаму дзіця збочвае з правільнага шляху і як гэта прадухіліць?

4. Ці шмат падлеткаў выпраўляюцца? Успомніце якія-небудзь выпадкі з практыкі.

5. Якім павінен быць інспектар па справах непаў­налетніх?

Руслан Гайдуль, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх 

Стаж: 20 гадоў, у ІСН – 19.  

гайдуль.jpg



1. Я па сутнасці практычны чалавек – зарплата ў праваахоўных органах больш задавальняла. На той момант у міліцыі ўжо служыў мой зямляк Мікалай Родзь – вырашыў і я паспрабаваць. Пачынаў у Дэпартаменце аховы, а ў 2001 годзе перавялі ў інспекцыю па справах непаўналетніх, якую ўзначаліў у 2006-м. Калі прыйшоў у ахову, мне дапамагаў парадамі Франц Пяткевіч, а ў інспекцыі – Уладзімір Мацкевіч. Яны мяне многаму навучылі. Не буду казаць, што было лёгка, – прасцей стала толькі пасля 10 гадоў службы. Я прытрымліваюся правіла: работа – усяго толькі работа, інакш можна доўга не вытрымаць. 

2. Няважна, дарослы ці падлетак – усё залежыць ад самаго чалавека. Вось некаторыя кажуць, што моладзь цяпер іншая – няпраўда. Як былі сярод іх бунтары, няўрымсліўцы ці шукальнікі прыгод 20 гадоў назад – такія і сёння ёсць. Людзі не могуць быць аднолькавымі, у кожнага свае захапленні і прыярытэты: адзін любіць масла, другі сыр. Таму я не вызначаю, з кім лягчэй ці цікавей, а гляджу, што за чалавек, і раблю адпаведныя вывады, як з ім працаваць. 

3. У любым грамадстве, нават самым забяспечаным і развітым, ёсць катэгорыя людзей, якія не ўпісваюцца ў агульныя рамкі. Вось, напрыклад, ідзе прамая дарога: адзін едзе па ёй роўненька, а другі не можа, каб не павіляць туды-сюда, а то і наогул з’ехаць на  абочыну. Так і з людзьмі.

Ёсць тыя, хто не хоча жыць, як астатнія, – і нічога з імі не зробіш. Што тычыцца дзяцей, лічу, іх выхаваннем павінны займацца бацькі – яны ў першую чаргу і адказныя, што сын ці дачка ўчынілі нешта незаконнае. Я 20 гадоў адпрацаваў у міліцыі, але да гэтага часу не разумею, чаму за тое, што падлетак у вольны час недзе выпіў ці пабіўся, караюць педагогаў. Настаўнік павінен вучыць! А бацька і маці – выхоўваць! Усё ідзе з сям’і. 

4. Гэта зноў жа залежыць ад сям’і: дастукаюцца бацькі да падлетка – усё будзе нармальна. Што тычыцца сацыяльна небяспечных сем’яў, шансаў, на жаль, няшмат. Не намі сказана: яблык ад яблынькі… Быў у мяне выпадак калі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы дакументаў на пазбаўленне бацькоўскіх правоў спачатку бацькоў, а гадоў праз дзесяць – іх дзяцей. 

5. Інспектар ІСН павінен быць не ўражлівым, адно­сіцца да ўсяго рытарычна і пакідаць работу на службе. 

Артур Буцько, старшы інспектар ІСН 

Стаж: 9 гадоў, у ІСН – 8. 

бутько.jpg



1. Выбіраючы прафесію, я вагаўся паміж праграмістам і юрыстам – выбраў апошняе. Працаваў юрыстам у КСУП «Гудагай» і па рабоце нярэдка сустракаўся з супрацоўнікамі міліцыі. А пасля ўчастковым інспектарам па Гудагайскім сельсавеце прыйшоў працаваць мой аднагрупнік Генадзь Барадзевіч. Ён і Уладзімір Мацкевіч пераманілі мяне ў праваахоўныя органы. Нездарма ж я ў школе, запаўняючы анкеты дзяўчат, на пытанне пра будучую прафесію, заўсёды адказваў – міліцыянер. (Усміхаецца.) Прыйшоў у райаддзел – і мяне адразу адправілі ў вучэбны цэнтр МУС. Вучыцца было лёгка – за добрыя адзнакі мой партрэт нават на дошку гонару цэнтра занеслі, з фізічнай падрыхтоўкай цяжэй – нагрузка была каласальная. Але прывык. Службу пачынаў міліцыянерам патрульна-паставой службы – для мяне, як навічка, гэта быў карысны вопыт. А затым Руслан Гайдуль прапанаваў перайсці да яго ў інспекцыю – у выніку стаў інспектарам ІСН. 

2. Мне ёсць з чым параўнаць: як толькі прыйшоў у інспекцыю, працаваў з непаўналетнімі, цяпер жа, у асноўным – з іх недобрасумленнымі бацькамі. Асабіста мне прасцей з дарослымі – я вывучыў іх звычкі, паводзіны, слабасці. Я ведаю, як з імі размаўляць і чаго чакаць у розных сітуацыях. З непаўналетнімі інакш.  

3. Лічу, што дзеці павінны быць занятымі, асабліва на летніх канікулах. Спартыўныя секцыі, гурткі, аздараўленчыя летнікі – калі дзіця зацікаўлена і ставіць перад сабой мэту перамагчы ў спаборніцтвах, выйграць конкурс, навучыцца плаваць ці яшчэ штосьці, у яго няма часу думаць пра глупствы. Да таго ж непаўналетнія павінны адчуваць клопат і ўвагу бацькоў, а не лічыць сябе пакінутымі сам-насам. У сем’ях, дзе бацькі злоўжываюць спіртным і вядуць антысацыяльны лад жыцця, сітуацыя больш складаная: дзецям няма на каго раўняцца, яны часам не ведаюць, навошта прыбіраць у пакоі – ім гэтага ніхто не тлумачыць. У выніку, на жаль, большасць ідуць па слядах бацькоў. Ёсць цудоўны выраз: хочаш выхаваць добрых дзяцей – пачынай з сябе. Толькі не ўсе гэта разумеюць.

4. Пры жаданні выпраўляюцца і падлеткі,  і недобрасумленныя бацькі. 

У жанчыны на паўгода забралі дзіця. Яна разумела, што можа яго больш не ўбачыць, прайшла лячэнне ад алкагалізму, я дапамог знайсці працу – сына вярнулі. Цяпер нармальна жывуць.  

5. На маю думку, інспектар ІСН павінен быць такім, як мой калега Андрэй Клютчэня: ён ведае амаль усіх дзяцей у Астраўцы і знаходзіць падыход да любога падлетка, дзеці прыслухоўваюцца і давяраюць яму. 

Андрэй Клютчэня, інспектар ІСН 

Стаж: 7 гадоў, у ІСН – 4.

клютченя.jpg



1. Калі служыў у арміі вырашыў, што пасля дзембеля пайду ў міліцыю – так і атрымалася. Пачынаў дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання, а пасля заканчэння курсаў павышэння кваліфікацыі перавялі ў інспекцыю па справах непаўналетніх. 

2. Адназначна з дзецьмі. Мне няцяжка знайсці з імі агульныя тэмы, зацікавіць, увайсці ў давер, разгаварыць – а затым вырашаць праблему. Я чую іх, яны – мяне, паміж намі няма непаразумення ці насцярогі. Канешне, дзеці не бываюць аднолькавымі, таму гляджу па сітуацыі, што будзем рабіць далей. У любым выпадку не абмяжоўваюся адной размовай, стараюся трымаць сваіх падапечных у полі зроку: наведаць лішні раз ці, сустрэўшы на вуліцы, спытаць, як справы.  

3. Прычына таго, што дзеці ідуць на правапарушэнне часта ідзе з сям’і. Калі падлетак украў булачку, бо яму няма чаго з’есці – усё зразумела. Але да нас нярэдка трапляюць забяспечаныя дзеці. У іх усё ёсць, акрамя ўвагі і часу бацькоў. Дарослыя лепш купяць малому крутую цацку, чым пракацяцца з ім на веласіпедзе, дазваляюць сядзець у камп’ютары, абы толькі не прасіў пачытаць ці расказаць казку. На жаль, бацькі часта кампенсіруюць адсутнасць сваёй увагі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, а пасля здзіўляюцца, што дзеці выраслі эгаістамі і патрабуюць усё больш. Яшчэ горш, што ад недахопу пяшчоты падлеткі імкнуцца адпомсціць бацькам, становячыся лёгкай мішэняй для старэйшых правакатараў, якія штурхаюць іх на дрэнныя ўчынкі або прапаноўваюць паспрабаваць нешта экзатычнае. Часам каб звярнуць на сябе ўвагу, непаўналетнія свядома ідуць на злачынства. Таму проста неабходна гуляць, размаўляць і праводзіць з дзецьмі час. 

4. Калі дзейнічае тандэм падлетак-інспектар-бацькі – усё будзе добра. Адзін выпадак урэзаўся ў памяць. 

Бацькі развяліся, сын застаўся з маці, жанчына пачала запіваць. Падлетак неаднойчы прасіў маці спыніцца, але яна не слухала. Тады ён патэлефанаваў у міліцыю і папрасіў дапамогі. Мяне ўразіла, што 13-гадовае дзіця дзейнічала, як дарослы чалавек. Хлопчык не разгубіўся, не спалохаўся, не пасаромеўся звярнуцца ў праваахоўныя органы, бо разумеў, што толькі так можа выратаваць роднага чалавека. Я чуў, як ён размаўляў з маці, – любы псіхолаг мог пазайздросціць. 

Іншы выпадак. На Астравеччыне ёсць сям’я, у якой выхоўваецца пяцёра дзяцей. Старэйшы двойчы трапляў на ўлік у інспекцыю, але своечасова зразумеў свае ўчынкі – і наладзіў жыццё. Была ў нас і яго сястра, але таксама хутка выправілася. Нядаўна ж разглядалася справа ў адносінах да іх брата – за крадзяжы веласіпедаў і самакатаў яго могуць адправіць на два гады ў школу закрытага тыпу. Хлопчыку ўсяго 11 гадоў. Бацькі асабліва не звярталі на яго ўвагі: ён мог некалькі гадзін хадзіць па горадзе пасля школы – і ніхто не клапаціўся, дзе малы прападае. Пры тым, што тата з мамай не шчыруюць з ранку да вечара на рабоце: бацька беспрацоўны, маці занятая не цэлы працоўны дзень. І хто ў гэтай сітуацыі вінаваты? 

5. Інспектар павінен не караць падлетка, які аступіўся, а высветліць усе абставіны правапарушэння і дапамагчы дзіцяці больш не трапляць у непрыемнасці.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Марина Мацкевич